Ашраф Марван
Ашраф Марван (па-арабску: أشرف مروان, 2 лютага 1944, Каір, Эгіпет — 27 чэрвеня 2007, Лёндан, Вялікабрытанія) — эгіпецкі мільярдэр, шпег ізраільскага Масаду і меркаваны двайны агент. Знаходзячыся на службе пры прэзыдэнтах Гамалі Абдэлі Насэры, а пасьля Анвары Садату, перад вайной Суднага дня папярэдзіў ізраільскую выведку пра пачатак вайсковай апэрацыі, дзякуючы чаму атрымалася пазьбегнуць эфэкту нечаканасьці і падрыхтавацца да абароны.
Ашраф Марван | |
أشرف مروان | |
Імя пры нараджэньні | Ашраф Абу Аль Вафа Марван |
---|---|
Дата нараджэньня | 2 лютага 1944 |
Месца нараджэньня | Каір, Эгіпет |
Дата сьмерці | 27 чэрвеня 2007 (63 гады) |
Месца сьмерці | Лёндан, Вялікабрытанія |
Прычына сьмерці | падзеньне[d] |
Месца вучобы | |
Прафэсія | бізнэсовец |
Месца працы | |
Вядомы як | ізраільскі шпег, двайны агент |
Жонка | Мона Гамаль Абдэль Насэр |
Дзеці | Гамаль Марван, Ахмэд Марван |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьАшраф Марван нарадзіўся ў шляхетнай сям’і афіцэра Эгіпецкай рэспубліканскай гвардыі[1]. У 1965 року скончыў Каірскі ўнівэрсытэт па хімічнай спэцыяльнасьці і паступіў на вайсковую службу. Тады ж ён пазнаёміўся з 17-гадовай Монай Насэр, другой дачкой прэзыдэнта Гамаля Абдэля Насэра. У 1966 року яны пабраліся шлюбам нягледзячы на пярэчаньні Монавага бацькі, які лічыў, што Марвана больш прываблівае ейны палітычны статус, а не пачуцьці[2].
З 1968 року працаваў у прэзыдэнцкім атачэньні пад кіраўніцтвам найбліжэйшага памочніка Насэра — Самі Шарафа, кіраўніка сакрэтнай службы. У канцы 1968 року Марван з Монай і нованароджаным сынам Гамалем зьехалі ў Лёндан дзеля працягу Марванавага навучаньня, але празь некалькі месяцаў былі адкліканыя прэзыдэнтам Насэрам, які атрымаў зьвесткі пра гайдамачны лад жыцьця свайго зяця. Вярнуўшыся ў Эгіпет, Марван працягнуў працу ў Самі Шарафа[3].
Па сьмерці Насэра ў 1970 року Марван быў пастаўлены памагатым прэзыдэнта Садата. У траўні 1971 року Марван адыграў значную ролю ў папярэджаньні магчымага перавароту прыхільнікамі Насэра. Пасьля гэтай «Выпраўленчай рэвалюцыі» Марван заняў пасаду свайго начальніка Самі Шарафа, удзельніка змовы. Аднак фактычна Ашраф Марван выконваў абавязкі пэрсанальнага пасла прэзыдэнта ў сувязях з Саудаўскай Арабіяй і Лібіяй[4]. На гэтай пасадзе ён навязаў дружалюбныя стасункі з саудаўскімі і лібійскімі кіраўнікамі. Перад вайной Суднага дня і Саудаўская Арабія, і Лібія аказалі Эгіпту значную фінансавую і вайсковую дапамогу.
Дзякуючы высокай пасадзе Ашраф Марван меў досяг да дзяржаўных сакрэтаў, у тым ліку пра падрыхтоўку Эгіпту да вяртаньня страчаных у Шасьцідзённай вайне тэрыторыяў: плянаў ваенных дзеяньняў, вайсковых вучэньняў, дамоваў з СССР ды іншымі дзяржавамі, перамоваў зь вярхоўным камандаваньнем Эгіпту і лідэрамі арабскага сьвету[5]. Перададзеная Марванам інфармацыя дасягнула ізраільскай прэм’ер-міністаркі Голды Мэір, міністра абароны Машэ Даяна і начальніка штаба Арміі абароны Ізраілю Хаіма Бар-Лева і дапамагла вызначыць стратэгію і тактыку Ізраілю ў дачыненьні Эгіпту.
У кастрычніку 1972 року Садат нечакана вырашыў пачаць вайну і прысьпешыў вайсковыя прыгатаваньні. У красавіку 1973 року Марван і яшчэ некалькі інфарматараў Масаду паведамлялі пра рашэньне пачаць вайну ў сярэдзіне траўня, у выніку чаго Ізраіль падвысіў боегатоўнасьць. Аднак эгіпецкі напад быў адкладзены празь непадрыхтаванасьць Сырыі да акупацыі Галанскіх вышыняў[6][7]. Як сьлед, увосені, калі Эгіпет і Сырыя падрыхтаваліся да вядзеньня ваенных дзеяньняў, Ізраіль не рэагаваў на шматлікія паведамленьні пра гэта, і не пачынаў мабілізацыю рэзэрвістаў, якія складалі ў той час 80% сухапутных сілаў краіны[8].
У чацьвер 4 кастрычніка 1973 року, за 44 гадзіны да плянаванага часу пачатку вайны, Марван (мянушка «Анёл») патэлефанаваў Дубі, свайму сувязному ў Масадзе, і запытаў неадкладнай сустрэчы з шэфам выведкі дзеля размовы наконт «мноства хімікатаў» (гэта ў іх азначала вайну). Сустрэча адбылася ўночы з чацьвярга на пятніцу ў Лёндане; Марван паведаміў Заміру, што «вайна пачнецца заўтра». 6 кастрычніка, за некалькі гадзінаў да названага часу, Ізраіль пачаў тэрміновую мабілізацыю, што дапамагло спыніць прасоўваньне Эгіпту на Галанскіх вышынях. Бяз гэтай інфармацыі страты Ізраілю ў вайне Суднага дня сталі бы нашмат вышэйшымі[9].
Па сканчэньні вайны Марван быў прызначаны сакратаром прэзыдэнта Рэспублікі Эгіпту па замежных справах, а надалей Садат плянаваў прызначыць яго замест міністра замежных справаў Ісмаіла Фагмі[10]. Аднак да гэтага часу ў Марвана зьявілася багата асабістых ворагаў, якія вінавацілі яго ў выкарыстаньні набліжанасьці да Садата як спосабу ўласнага абагачэньня. Пад грамадзкім ціскам прэзыдэнт Садат быў вымушаны ў сакавіку 1976 адправіць Ашрафа Марвана ў адстаўку зь дзяржаўнай службы[11][12], паставіўшы яго кіраўніком Арабскай арганізацыі па індустрыялізацыі — зброевытворчага комплексу ў Каіры, фінансаванага Саудаўскай Арабіяй, ААЭ і Катарам. У кастрычніку 1978 року Марван быў зноў зьняты з гэтай пасады пасьля грамадзкай незадаволенасьці.
Пасьля забойства Садата ў кастрычніку 1981 року Марван зьехаў у Лёндан, дзе заняўся прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Да 1998 року ён працягваў супрацоўніцтва з Масадам праз Дубі[13]. У сьнежні 2002 року пра ягоную шпіёнскую дзейнасьць паведаміў ізраільскі гісторык Арон Брэгман, назваўшы Марвана двайным агентам, які падмануў ізраільцянаў[14].
27 чэрвеня 2007 року Ашраф Марван выпаў з балькону сваёй лёнданскай кватэры на пятым паверсе. На ягоным пахаваньні ў Эгіпце ўзялі ўдзел вярхоўны рэлігійны лідэр Мухамад Саід Тантаві, Гамаль Мубарак (сын колішняга прэзыдэнта Хосьні Мубарака), кіраўнік выведкі Амар Сулейман ды іншыя.
Сям’я
рэдагавацьЗ жонкай Монай (у дзявоцтве Абдэль Насэр) меў двух сыноў. Гамаль — блізкі сябар Гамаля Мубарака, колішняга прэзыдэнта Эгіпту Хосьні Мубарака[15]; Ахмэд — муж дачкі колішняга Генэральнага сакратара Арабскай лігі Амра Мусы.
Расьсьледаваньне сьмерці
рэдагавацьСын Ашрафа Марвана Гамаль выказаў думку, што ягоны бацька быў забіты. Сьведка з трэцяга паверху будынку паведаміў, што бачыў двух мужчынаў «у касьцюмах і міжземнаморскага выгляду» на бальконе, зь якога выпаў Ашраф Марван, якія паглядзелі ўніз і вярнуліся ў кватэру. Пазьней Мэтрапольная паліцыя Лёндану паведаміла, што згубіла ключавы доказ расьсьледаваньня — пантофлі Ашрафа, якія былі на ім у момант сьмерці і маглі дапамагчы высьветліць, ці выскакнуў Марван з балькону[16]. Пасьля гэтага ў студзені 2008 року сьледзтва было перададзенае Спэцыяльнаму крымінальнаму дырэктарату.
Ашраф стаў чацьвертым эгіпцянінам, які загінуў у Лёндане падобным спосабам[17]. Тры іншыя — акторка Саэд Хосьні, эгіпецкі амбасадар у Грэцыі Эль-Лейты Насыф[18], і сакратар у офісе колішняга віцэ-прэзыдэнта Эгіпту Абдэля Хакіма Амэра Алі Шафік[17] — супрацоўнічалі з эгіпецкімі спэцслужбамі ў 1966—1971 роках. Апошні факт ставіць пад сумнеў выказаную ўдавой Марвана Монай вэрсію пра дачыненьне да забойства Масада[19]. Да таго ж забойства ўжо раскрытага агента ня мае для Масада сэнсу і наадварот, можа толькі адпугнуць ад яго новых супрацоўнікаў[20].
Памяць
рэдагавацьУ 2016 року Арон Брэгман выдаў кнігу пра свае сустрэчы з Ашрафам Марванам пад назваю «Шпіён, які сышоў на Зямлю». У тым жа року прафэсар Уры Бар-Ёсэф напісаў кнігу «Анёл: Эгіпцянін, які ўратаваў Ізраіль». У 2018 року паводле гэтай кнігі быў прадстаўлены фільм ЗША «Анёл».
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Thawrat, Muhammad Ashraf Marwan: Fact and Illusion. — Madbuli, 2008. — С. 19—20.
- ^ The opportunist: “The bright dark side of the moon” (анг.) Egyptian Chronicles Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Halef al-Tawil, Kamal Ashraf Marwan: The Dilemma Child. — Al-Akhbar al-Lebnaniya, 2007.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 76—99.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 100—132.
- ^ Israel Studies An Anthology : The 1973 Yom Kippur War Jewish Virtual Library Праверана 24 траўня 2020 г.
- ^ Seal, Patrick Assad: The Struggle for the Middle East. — Berkeley: University of California Press, 1988. — С. 192—193. — ISBN 0-520-06976-5
- ^ Bar-Joseph, Uri The Watchman Fell Asleep: The Surprise of Yom Kippur and its Sources. — Albany, NY: SUNY, 2005. — С. 11—187. — ISBN 0791464822
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 194—232.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 245—246.
- ^ Jamaa, Mohamed I Knew Sadat: Half a Century of Secrets About Sadat and the [Muslim] Brotherhood. — Cairo: 1988.
- ^ Sabri, Musa Sadat: The Truth and the Legend. — Cairo: Al-Maktab al-Masry al-Hadeth, 1985. — С. 651—662.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 239—242.
- ^ Bar-Joseph, Uri The Intelligence Chief who Went Fishing in the Cold: How the Identity of Israel's Most Valuable Source in Egypt was Leaked by Maj. Gen. (res.) Eli Zeira. — Intelligence and National Security, 2008. — Т. Vol.23, No.2. — С. 226—248.
- ^ Bar-Joseph 2016. С. 322.
- ^ Barton, Whaley Turnabout and Deception: Crafting the Double-Cross and the Theory of Outs. — Naval Institute Press, 2016. — С. I94—I96. — ISBN 9781682470299
- ^ а б Death by balcony in Egypt. Al Jazeera (1 чэрвеня 2014). Праверана 14 верасьня 2017 г.
- ^ Egyptian X-File: Stuart Tower, The beginning Egyptian Chronicles. Blogspot (21 траўня 2010). Праверана 16 кастрычніка 2016 г.
- ^ Mossad agents murdered my husband, says widow of billionaire arms dealer // The Guardian, 10 ліпеня 2010 г.
- ^ Who killed the 20th century's greatest spy? // The Guardian, 15 верасьня 2015 г. Праверана 6 сакавіка 2018 г.
Літаратура
рэдагаваць- Bar-Joseph, Uri The Angel: The Egyptian Spy Who Saved Israel. — HarperCollins, 2016. — 384 с. — ISBN 9780062420121