Антонаў (прадпрыемства)
«Антонаў» — дзяржаўнае самалётабудаўнічае прадпрыемства Ўкраіны, заснаванае ў 1946 г. у якасьці канструктарскага бюро на чале з Алегам Антонавым(en) у Новасыбірску (Расейская СФСР) і перанесенае ўлетку 1952 г. у Кіеў.
«Антонаў» | |
Тып | Дзяржаўнае прадпрыемства |
---|---|
Дэвіз | Неперасягнутыя магчымасьці ў самалётабудаваньні |
Заснаваная | 31 траўня 1946 (78 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Алег Антонаў |
Уласьнікі | Кабінэт міністраў Украіны |
Краіна | |
Разьмяшчэньне | Кіеў, вул. Тупалева, д. 1 |
Закрытая | 2022 |
Ключавыя фігуры | Зьміцер Ківа |
Галіна | Авіябудаваньне |
Прадукцыя | Самалёты |
Абарачэньне | ▼3347,644 млн грыўнаў[1] (2014; $281,629 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼115,596 млн грн. ($9,725 млн) |
Чысты прыбытак | ▼39,295 млн грн. ($3,306 млн) |
Лік супрацоўнікаў | 12 893 (2014) |
Матчына кампанія | «Украбаронпрам»(uk) |
Даччыныя кампаніі | «Авіялініі Антонава»(uk), «Антонаў»(uk), Харкаўскае авіябудаўнічае прадпрыемства(uk), 410-ы завод цывільнай авіяцыі(en) |
Аўдытар | «Рада-аўдыт» |
Вырабы
рэдагавацьНа 2015 г. «Антонаў» вырабляў 11 асноўных мадэляў самалётаў: 6 грузавых — падымальнасьцю ад 1,8 т (Ан-3(uk)) да 250 тонаў (Ан-225 «Мрыя») і 5 пасажырскіх — зьмяшчальнасьцю ад 27 месцаў (Ан-38) да 99 месцаў (Ан-158).
Мінуўшчына
рэдагаваць31 траўня 1946 г. Савет міністраў СССР ухваліў пастанову аб стварэньні на Новасыбірскам авіяцыйным заводзе(en) Дасьледчага канструктарскага бюро (ДКБ-153) на чале з Алегам Антонавым (1906—1984). 31 жніўня 1947 г. адбыўся першы палёт сельскагаспадарчага самалёта Ан-2 (на 2015 г. вырабілі звыш 17 тыс.). У 1948 г. наладзілі вытворчасьць плянэраў(en) А-9(en) (310 кг, вырабілі 27) і А-10. Улетку 1952 г. ДКБ перамясьцілі ў Кіеў (Украінская ССР). На пачатку 1954 г. лік супрацоўнікаў папоўнілі выпускнікі Харкаўскага авіяцыйнага інстытуту(uk).
11 лютага 1956 г. адбыўся першы палёт вайскова-транспартнага самалёта(en) (ВТС) Ан-8(uk) (грузападымальнасьць да 11 тонаў; за 1958—1961 гг. на Ташкенцкім авіязаводзе(en) вырабілі 150), распрацоўку якога пачалі пры канцы 1953 году. 7 сакавіка 1957 г. — пасажырскага Ан-10(uk) (118 месцаў; за 1957—1960 гг. на Варонескім авіязаводзе(en) вырабілі 120). 16 сьнежня — ВТС Ан-12(uk) (на 60 дэсантнікаў або да 20 т тэхнікі; за 1957—1972 гг. вырабілі 1243). Распрацоўку абодвух самалётаў пачалі ў 1955 годзе. Таксама ў 1957 г. адбыліся першыя палёты плянэраў А-11(en) і А-13(uk) (маса 407 кг; на Камсамольскім-на-Амуры авіязаводзе(en) вырабілі 200). 14 сакавіка 1958 г. узьляцеў самалёт Ан-14(uk) («Пчолка»; 6 месцаў, за 1965—1972 гг. Арсеньнеўскім авіязаводзе(ru) вырабілі 332), распрацоўку якога пачалі ў 1956 годзе. У 1959 г. заклалі ўласнае выправабальнае лётнішча ў пасёлку Гастомель (Вышгарадзкі раён, Кіеўская вобласьць). 20 кастрычніка 1959 г. упершыню ўзьляцеў пасажырскі самалёт Ан-24(uk) (50 месцаў, за 1959—1979 гг. вырабілі 1340). У 1960-я гг. на ім у СССР выконвалася да 30% палётаў.
26 студзеня 1960 г. паляцеў плянэр А-15(en) (320 кг, вырабілі 60). 27 лютага 1965 г. — першы ў сьвеце шырокафюзэляжны ВТС Ан-22 «Антэй»(uk) (грузападымальнасьць 60 т, за 1965—1976 гг. у Ташкенце вырабілі 66). 25 жніўня 1967 г. — фатаздымачны самалёт Ан-30 (за 1973—1980 гг. вырабілі 123). 21 траўня 1969 г. — ВТС Ан-26(uk) (на 40 чалавек або да 5,5 т, за 1969—1986 гг. вырабілі 1398).
29 студзеня 1973 г. у паветра ўзьняўся самалёт Ан-28(uk) (18 месцаў або 1,5 т; за 1984—1992 гг. на Мелецкім авіязаводзе(en) вырабілі 170). 9 ліпеня 1976 г. паляцеў ВТС Ан-32(uk) (на 50 жаўнераў або да 7,5 т, з 1982 г. вырабілі 361). У 1970-х гг. у распрацоўцы грузавых самалётаў перайшлі да выкарыстаньня двухконтурных турбарэактыўных(en) рухавікоў ДКБ(uk) Уладзімера Лотарава(uk) (Запарожжа). Першым такім самалётам стаў Ан-72(uk) (грузападымальнасьць 10 т, за 1985—2002 гг. у Харкаве вырабілі 102), які ўпершыню паляцеў 31 жніўня 1977 году. 26 сьнежня 1982 г. у паветра ўзьняўся грузавы Ан-124 «Руслан»(uk) (грузападымальнасьць да 150 т, з 1982 г. вырабілі 55), распрацоўку якога пачалі ў 1971 годзе. 29 верасьня 1983 г. — грузавы Ан-74(uk) (да 67 жаўнераў або 10 т, з 1990 г. у Харкаве вырабілі 81).
19 лістапада 1984 г. прадпрыемству прысвоілі імя Алега Антонава, пасьля яго сьмерці 4 красавіка. 21 сьнежня 1988 г. першы палёт зрабіў грузавы самалёт Ан-225 «Мрыя» (грузападымальнасьць 250 т), распрацоўка якога вялася з 1984 году. 23 чэрвеня 1994 г. — Ан-38(uk) (27 месцаў або да 2,5 т). 16 сьнежня — Ан-70(uk) (грузападымальнасьць 47 т). Адмыслова для гэтага самалёта канструктарскае бюро «Прагрэс» (Запарожжа) стварыла першы ў сьвеце вінтавэнтылятарны(en) рухавік Д-27(uk), што скараціла выдатак паліва параўнальна з тагачаснымі турбарэактыўнымі рухавікамі на 30%. 17 верасьня 1997 г. адбыўся першы палёт пасажырскага самалёта Ан-140(uk) (52 месцы, на 2015 г. вырабілі 28). 17 сьнежня 2004 г. — Ан-148(uk) (85 месцаў).
23 сьнежня 2009 г. Міністэрства прамысловай палітыкі Ўкраіны(uk) Загадам № 919 далучыла Кіеўскі авіязавод «Авіянт» пад назовам сэрыйны завод «Антонаў» да прадпрыемства «Антонаў». 28 красавіка 2010 г. у паветра ўзьняўся пасажырскі самалёт Ан-158(uk) (99 месцаў). На 2015 г. ад часу заснаваньня, за амаль 70 гадоў, прадпрыемства вырабіла звыш 22 тыс. самалётаў.
Канструктары
рэдагаваць- Алег Антонаў (1946—1962)
- Пятро Балабуеў(uk) (15 траўня 1984—2005)
- Зьміцер Ківа(uk) (з 25 траўня 2005 г.)
Галерэя
рэдагаваць-
А-15 (Пльзенскі край у Чэхіі, 1999 г.)
-
Ан-2 «Кукурузьнік» (Расея, 18 траўня 2006 г.)
-
Ан-12 (Расея, 24 красавіка 2006 г.)
-
Ан-28 (Расея, 6 лютага 2006 г.)
-
Ан-24 (31 сакавіка 2005 г.)
-
Ан-72, 1-ы рэактыўны самалёт Антонава (23 траўня 1984 г.)
-
Ан-74 (Гастомель, верасень 2008 г.)
-
Ан-70 пры ўзьлёце (Украіна, 20 сакавіка 2008 г.)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Віктар Семянцоў. Спасылка на інфармацыю за 2014 год (укр.) // Прадпрыемства «Антонаў», 30 красавіка 2015 г. Праверана 8 верасьня 2015 г.
- ^ Афіцыйны курс грыўны адносна замежных валютаў (сярэдні за пэрыяд; 11,8867 да даляра за 2014 г.) (укр.) // Нацыянальны банк Украіны, жнівень 2015 г. Праверана 8 верасьня 2015 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Твітэр (укр.)
- «Авіялініі Антонава» (укр.)
- Харкаўскае авіябудаўнічае прадпрыемства (анг.)
- 410-ы завод цывільнай авіяцыі (анг.)