Папараць-Кветка (таварыства)
Па́параць-Кве́тка — беларускае культурна-асьветнае таварыства на Случчыне ў 1917—1922 гг. Утворанае ў верасьні 1917 году з ініцыятывы навучэнцаў Слуцкай агульнай земскай (беларускай) гімназіі Сяргеем Буслам і Янкам Ракуцькам (першы ейны старшыня). У сваім складзе мела 3 сэкцыі: краязнаўчую, літаратурную і драматычна-харавую. Подле свайго статуту ставіла за мэту прапаганду беларускае мовы, культуры й мастацтва. Знаходзілася пад уплывам беларускіх эсэраў. Намаганьнямі сяброў арганізацыі ў 1920 годзе былі выдадзеныя 2 нумары газэты «Наша Каляіна» (больш выдаць не ўдалося, бо ў сьнежні 1920 г. польскімі ўладамі былі канфіскаваныя рукапісы наступных нумароў). У гэты час сябрамі «Папараць-Кветкі» заснаваныя філіі таварыства ў іншых вёсках і мястэчках павету, закладзеныя каапэратыў «Зара», бюро для беспрацоўных, у сакавіку—ліпені 1920 г. — беларускія настаўніцкія курсы, ладзіліся тэатральныя вечарыны й харавыя выступленьні. Улетку 1920 году ў складзе таварыства налічвалася больш за 300 чалавек. У ліпені 1920 году дзейнасьць арганізацыі забароненая польскімі акупацыйнымі ўладамі. Аднавіла сваю дзейнасьць у лістападзе 1920 году. Актывісты таварыства прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзеньні Беларускага зьезду Случчыны і ў збройным чыне, рэштка сяброў таварыства працягвала дзейнасьць і ў БССР. Спыніла існаваньне ў пачатку 1922 году, пасьля масавых арыштаў на Случчыне беларускіх нацыянальных дзяячоў[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Менск: Энцыклапедыкс, 2006. — С. 292—293. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3