Альпінарый

сад з камяністай глебай

Альпіна́рый (камяністы сад, альпійская горка) — дэкаратыўная кампазыцыя, якая фармуецца з камянёў, кветак і нізкарослых кустоў.

Альпінарый у батанічным садзе Ватыкану (2009)

Камень падкрэсьлівае прыгажосьць расьлінаў, таму ад ягоных памераў, формы і колеру залежыць дэкаратыўнасьць усяе горкі. Могуць выкарыстоўвацца рознапамерныя камяні — ад невялікіх да буйных; для аматарскіх горак іх звычайна бяруць масай 15—30 кг, як правіла адной пароды і тэкстуры. Каменная кампазыцыя можа стварацца як з аднолькавых (буйных або сярэдніх), так і з розных паводле велічыні камянёў. Пры ўкладцы іх імкнуцца разьмясьціць натуральна, «пад прыроду», як бы імітуючы горны ляндшафт: нагрувашчваючы адзін на адзін, паасобку і групамі. Звычайна пад такі сад адводзяць месца ў некалькі квадратных мэтраў свабоднай формы.

Будуюць камяністы сад у наступнай пасьлядоўнасьці. Па пазначаным контуры выбіраюць глебу на глыбіню 30—35 см. На суглінках і цяжкіх глебах на дно катлавану насыпаюць жвір або друз (каля 10—15 см), на пераўвільготненых — да 20 см, на лёгкіх (пясчаных) глебах дно высьцілаюць слоем суглінку (10—15 см). Потым у катлаван і ўверх да пажаданай вышыні альпійскай горкі насыпаюць урадлівую (2 часткі лісьцевай, 2 тарфяной, 1 перапрэлай дзярновай зямлі і 0,5 часткі пяску). Калі вышыня горкі перавышае 60 см, катлаван не капаюць, бо для разьвіцьця каранёў расьлінаў досыць глыбіні насыпной зямлі. Потым па паверхні насыпнога грунту раскладваюць камяні так, каб яны не выглядалі штучнымі ўтварэньнямі і паміж імі заставаліся дастатковыя прасьветы для пасадкі розных расьлінаў.

Дэкаратыўны эфэкт альпінарыю на працягу ўсяго году (у тым ліку і зімой) дасягаецца правільным падборам відаў расьлінаў. У першую чаргу зьвяртаецца ўвага на сьцелістыя расьліны і нізкарослыя зь яркай афарбоўкай кветак, лісьця і пладоў. Як правіла, у кампазыцыі ўключаюцца хвойныя расьліны — ядловец, мікрабіёта, елка канадзкая канічная, туя шарападобная карлікавая, кедравы сланік і інш. Яны эфэктныя на фоне камянёў і асабліва ўзбагачаюць фарбавы калярыт горкі вясной і восеньню. 3ь лісьцевых расьлінаў для камяністых садоў найбольш прыдатныя барбарыс Тунберга пурпуровалісты, барвенак, брызгліна крылатая і нізкая, верас, гартэнзіі дрэвападобная стэрыльная і мяцёлчатая, бружмель альпійскі, кізільнікі шрызантальны і ружовы, курыльскі чай кустовы, магонія, мігдал нізкі і трохлопасьцевы, плюшч, зяноўцы рускі і чарнеючы, рададэндраны, самшыт, вятроўнік Бумальда, язьміны вянечны карлікавы і Лемуана, фарзіцыя паніклая і інш. Асартымэнт кветкавых расьлінаў уключае такія віды, як астыльба, бадан таўсталісты, ворлікі веерападобныя, сьвятаяньнік паўзучы, гвазьдзік перысты, сумнік, касачы нізкі і сыбірскі, лотаць, званочак карпацкі, колхікум, крокус, лубін шматгадовы, седум, тульпаны групы Грэйга і Каўфмана, сцыла, флоксы дзярністы і шылападобны, пярэсна веснавая, хінадокса і іншыя.

Фактары, што абумоўліваюць прынцыпы разьмяшчэньня расьлінаў на альпійскіх горках, у сваёй аснове тыя самыя, што і для іншых кустова-кветкавых кампазыцый: у цэнтры садзяць найбольш цікавыя і дэкаратыўныя расьліны, на пярэднім пляне — прыгожа квітнеючыя, лісьцева-дэкаратыўныя і нізкарослыя з арыгінальным галінаваньнем. Расьліны аднаго віду, формы ці сарты высаджваюць паасобку або групамі, але не раскідаюць па ўсёй горцы. Для ўзмацненьня кантрасту перад групамі расьлінаў высаджваюць адну-дзьве невялікія, але арыгінальныя расьліны. Пажадана, каб на горцы расьліны й іхнія групы поўнасьцю не змыкаліся паміж сабой, паміж імі існавалі дастатковых памераў разрывы.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  Альпінарыйсховішча мультымэдыйных матэрыялаў