Іван Бунін

расейскі пісьменьнік, паэт, перакладнік
(Перанакіравана з «І. Бунін»)

Іва́н Аляксе́евіч Бу́нін (па-расейску: Иван Алексеевич Бунин; 22 кастрычніка (10 кастрычніка) 1870, Варонеж, Расейская імпэрыя — 8 лістапада 1953, Парыж, Францыя) — расейскі пісьменьнік, паэт, ганаровы акадэмік Пецярбурскай акадэміі навук (1909), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1933 году.

Іван Бунін
па-расейску: Иван Алексеевич Бунин
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 22 (10) кастрычніка 1870
Варонеж, Расейская імпэрыя
Памёр 8 лістапада 1953 (83 гады)
Парыж, Францыя
Пахаваны
Сужэнец Anna Tsakni[d] і Vera Muromtseva-Bunin[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, пісьменьнік
Гады творчасьці 18871953
Мова расейская мова[1]
Прэміі Пушкінская прэмія I ступені за пераклад «Песьні пра Гаявата» Лангфэла
Нобэлеўская прэмія 1933 году па літаратуры:
«за строгае майстэрства, зь якім ён разьвівае традыцыі расейскае клясычнае прозы».
Узнагароды
Подпіс Выява аўтографу
Творы на сайце Knihi.com

Найбольш поўны, пяцітомны збор твораў Івана Буніна выйшаў у РСФСР ў 1987 годзе ў выдавецтве «Художественная литература». Туды ўвайшлі вершы 1888—1952 гадоў, пераклады пісьменьніка і яго проза, якая склала залаты фонд расейскае літаратуры. Многія творы Івана Буніна перакладзеныя на беларускую мову.

Паходжаньне

рэдагаваць

Род Буніных вядзе свой пачатак ад Сімяона Бункоўскага, які ў XV ст. выехаў зь Літвы[2] да маскоўскага князя Васілія Цёмнага. Як паведамляецца ў «Гербоўніку дваранскіх родаў», Сімяон Бункоўскі разам са сваёй дружынай паступіў да яго «на ратную службу»:

  Род Буніных ідзе ад Сімяона Бункоўскага, чалавека знатнага, які выехаў у XV ст. з Польшчы[3] да вялікага князя Васіля Васільевіча. Праўнук яго Аляксандар Лаўрэнаў сын Бунін служыў ва Ўладзімера і забіты каля Казані. Стольнік Кузьма Лявонцьеў Бунін наданы за службу і храбрасьць дарчай граматай на маёнткі. Такім жа чынам і іншыя шмат якія Буніны служылі ваяводамі і на іншых пасадах і мелі вёскі. Усё гэта пацьвярджаецца паперамі Варонежскага дваранскага дэпутацкага сходу аб унясеньні роду Буніных у радаслоўную кнігу ў VI частку, у лік старадаўняга дваранства…[4]  

Біяграфія

рэдагаваць

Іван Бунін нарадзіўся 22 кастрычніка 1870 году ў Варонежы, дзе пражыў першыя тры гады свайго жыцьця. Пазьней сям’я пераехала ў маёнтак Азёркі пад Ялец (Арлоўская губэрня, цяпер Ліпецкая вобласьць). Тата — Аляксей Мікалаевіч Бунін, маці — Людміла Аляксандраўна Буніна (дзявочае прозьвішча Чубарава). Да 11 гадоў выхоўваўся дома, у 1881 паступае ў Ялецкую павятовую гімназію, у 1885 вяртаецца дамоў і працягвае адукацыю пад кіраўніцтвам старэйшага брата Юлія. У 17-гадовым узросьце пачынае пісаць вершы, у 1887 — дэбют у друку. У 1889 годзе ідзе працаваць карэктарам у мясцовую газэту «Орловский вестник». Да гэтага часу адносіцца яго працяглая сувязь з супрацоўніцай гэтае газэты Варварай Пашчанка, зь якой яны насуперак жаданьню сваякоў пераяжджаюць у Палтаву (1892).

Зборнікі «Вершы» (Арол, 1891), «Пад адкрытым небам» (1898), «Лістапад» (1901; Пушкінская прэмія).

1895 — асабіста пазнаёміўся з Чэхавым, дагэтуль ліставаліся.

У 1890-х вандраваў на параходзе «Чайка» па Дняпры і наведаў магілу Тараса Шаўчэнкі, якога любіў і шмат пазьней перакладаў. Празь некалькі гадоў напісаў нарыс «На „Чайке“», які быў апублікаваны ў дзіцячым ілюстраваным часопісе «Усходы» (1898, № 21, 1 лістапада).

У 1899 годзе бярэ шлюб з Ганнай Мікалаеўнай Цакні, дачкой рэвалюцыянэра-народніка Н. П. Цакні. Шлюб быў непрацяглым, адзінае дзіця памерла ў 5-гадовым узросьце (1905). У 1906 годзе Бунін уступае ў грамадзянскі шлюб (афіцыяльна аформлены ў 1922 годзе) зь Верай Мікалаеўнай Мурамцавай, пляменьніцай С. А. Мурамцава, першага старшыні Першай Дзяржаўнай Думы.

У лірыцы Бунін працягваў клясычныя традыцыі (зборнік «Лістапад», 1901).

 
Паштовая марка СССР, 1990 год

У аповедах і аповесьцях паказаў (часам у настальгічным гуморы)

  • Высяленьне дваранскіх сядзібаў («Антонаўскія яблыкі», 1900)
  • Жорсткае аблічча вёскі («Вёска», 1910, «Сухадол», 1911)
  • Згубнае забыцьцё маральных асноў жыцьця («Спадар з Сан-Францыска», 1915).
  • Рэзкае непрыманьне Кастрычніцкай рэвалюцыі і бальшавіцкага рэжыму ў дзёньнікавай кнізе «Акаянныя дні» (1918, апублікаваная ў 1925).
  • У аўтабіяграфічным рамане «Жыцьцё Арсеньева» (1930) — узнаўленьне мінулага Расеі, дзяцінства і юнацтва пісьменьніка.
  • Трагічнасьць чалавечага існаваньня ў навэлах аб каханьні («Міціна каханьне»], 1925; зборнік апавяданьняў «Цёмныя алеі», 1943.
  • Пераклаў «Песьню аб Гаяваце» амэрыканскага паэта Г. Лангфэла. Упершыню была надрукаваная ў газэце «Орловский вестник» у 1896 годзе. У канцы таго ж году друкарня газэты выдала яе асобнай кнігай.

Улетку 1918 году Бунін перабіраецца з бальшавіцкай Масквы ў занятую нямецкімі войскамі Адэсу. З набліжэньнем у красавіку 1919 году да гораду Чырвонай арміі не эмігруе, а застаецца ў Адэсе. Вітае ўзяцьце гораду Дабраахвотніцкім войскам у жніўні 1919 году, асабіста дзякуе генэрала А. І. Дзянікіна, актыўна супрацоўнічае з ОСВАГ (прапагандысцка-інфармацыйны орган) пры УЗПР. У лютым 1920 году пры падыходзе бальшавікоў пакідае Расею. Эмігруе ў Францыю.

У эміграцыі вёў актыўную грамадзка-палітычную дзейнасьць: выступаў зь лекцыямі, супрацоўнічаў з расейскімі палітычнымі партыямі і арганізацыямі (кансэрватыўнага і нацыяналістычнага кірунку), рэгулярна друкаваў публіцыстычныя артыкулы. Выступіў зь вядомым маніфэстам аб задачах Расейскага Замежжа адносна Расеі і бальшавізму: «Місія Расейскай эміграцыі».

 
Партрэт Івана Буніна. Леанард Туржанскі

Другую сусьветную вайну (з кастрычніка 1939 году па 1945 год) правёў на здымнай віле «Жанэт» у Грасе.

Шмат і плённа займаўся літаратурнай дзейнасьцю, стаўшы адной з галоўнейшых фігураў Расейскага Замежжа.

У эміграцыі Бунін стварае свае лепшыя творы: «Міціна каханьне» (1924), «Сонечны ўдар» (1925), «Справа карнэта Елагіна» (1925) і, нарэшце, «Жыцьцё Арсеньева» (1927—1929, 1933). Гэтыя творы сталі новым словам і ў бунінскай творчасьці, і ў расейскай літаратуры ў цэлым. А па словах К. Г. Паўстоўскага, «Жыццё Арсеньева» — гэта ня толькі вяршынны твор расейскае літаратуры, але і «адна з найвыдатнейшых зьяваў сусьветнае літаратуры»[5]. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры 1933 году.

Паводле зьвестак выдавецтва імя Чэхава ў апошнія месяцы свайго жыцьця Бунін працаваў над літаратурным партрэтам А. П. Чэхава, работа засталася незавершанай (у кнізе: «Пятлістыя вушы ды іншыя аповеды», Нью-Ёрк, 1953).

Памёр у сьне ў дзьве гадзіны ночы з 7 на 8 лістапада 1953 году ў Парыжы. Па словах відавочцаў, на ложку пісьменьніка ляжаў том раману Талстога «Уваскрасеньне» (па-расейску: «Воскресение»). Пахаваны на могілках Сэнт-Жэнэвіёў-дэ-Буа.

Беларускія пераклады

рэдагаваць

У студзені 2010 году ў выдавецтве Ігара Логвінава выйшла буйное 486-старонкавае выданьне твораў расейскага клясыка ў перакладзе Андрэя Каляды[6]. Кнігу склалі 75 апавяданьняў, 3 аповесьці, раман «Жыцьцё Арсеньева», а таксама «Аўтабіяграфічная нататка», «З інтэрв'ю», «Прамова на юбілеі газэты «Русские ведомости», «Як я пішу», «Нобэлеўскія дні», «З запісаў».

Пераклады твораў Івана Буніна таксама друкаваліся ў сэрыі «Скарбы сусьветнай літаратуры» (Менск: Маст. літ., 1992). Сярод перакладчыкаў вершаў Буніна — Рыгор Бярозкін, Пятро Макарэвіч, Рыгор Сітніца[7].

  • Выбранае / Пер.з рус.мовы Я.Скрыгана. — Мн. : Дзяржвыд. Рэд.маст.літ., 1958. — 381с.
  • Выбраная проза / Іван Бунін, Аляксандр Купрын. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. — 586, [2] с. — (Скарбы сусветнай літаратуры).
  • Выбраныя творы / Іван Бунін. — Мінск : Логвінаў І. П., 2010. — 486 с.
  • Акаянныя дні / Іван Бунін. — Мінск : Віктар Хурсік, 2013. — 151 с.
  • Выбраная паэзія / Іван Бунін. — Мінск : Зміцер Колас, 2022. — 124, [1] с. — (Паэты планеты). Пераклад Георгія Ліхтаровіча.
  1. ^ Bunin, Ivan Alekseevič, 1870-1953 // CONOR.SI
  2. ^ А. Бабореко. И. А. Бунин. Материалы для биографии. М.: Худ. лит, 1967. — С. 5
  3. ^ У часы Буніна пад Польшчай разумелі ўсю Рэч Паспалітую, у фэдэрацыі якой былі і землі ВКЛ. Адпаведна, ёсьць вялікая верагоднасьць, што і род Буніных, як і Дастаеўскіх, паходзіў зь беларускіх земляў Вялікага Княства Літоўскага. Пра вялікалітоўскае паходжаньне Буніных згадвае вядомы дасьледчык жыцьця і творчасьці Івана Буніна Аляксандар Бабарэка ў сваёй кнізе «И.А. Бунин. Материалы для биографии».
  4. ^ Бунін, І. А. Выбраныя творы / Іван Бунін; уклад., пер. з рус. мовы Андрэя Каляды. — Мінск: І.П. Логвінаў, 2010. — С. 3 ISBN 978-985-6901-57-0
  5. ^ Канстанцін Паўстоўскі. Іван Бунін. З кнігі «Залатая ружа» // Наша Вера, 2003
  6. ^ Чую я! // Наша Ніва, 22 студзеня 2010
  7. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць