Інстытут радыябіялёгіі
Каардынаты: 52°28′32″ пн. ш. 30°58′54″ у. д. / 52.47556° пн. ш. 30.98167° у. д.
Інстытут радыябіялёгіі (наркам. Інстытут радыебіялогіі, анг. Institute of Radiobiology) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў 1987 годзе.
Інстытут радыябіялёгіі | |
рас. Институт радиобиологии | |
Абрэвіятура | ІРБ |
---|---|
Папярэднік | Сэктар геранталёгіі Акадэміі навук БССР |
Дата ўтварэньня | 12 лютага 1987 (37 гадоў таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | распрацоўка сродкаў павышэньня ўстойлівасьці арганізма да іянізавальнага выпраменьваньня і зьмяншэньня паступленьня радыянуклідаў у сельскагаспадарчыя расьліны |
Месцазнаходжаньне | Гомель, Чыгуначны раён, вул. Фядзюнінскага, д. 4 |
Афіцыйныя мовы | расейская |
Кіраўнік | Ігар Чэшык |
Намесьніца па навуковай працы | Натальля Цімохіна |
Навуковая сакратарка | Кацярына Кляменцьева |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Колькасьць супрацоўнікаў | 75 (2018 г.) |
Сайт | irb.basnet.by |
На 2018 год Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзяленьня мэдычных навук НАНБ і месьціўся ў Гомлі з 2003 году. Ажыцьцяўляўся набор у асьпірантуру па спэцыяльнасьці радыябіялёгія. Інстытут выпускаў сродкі вяртаньня тэхнагенна парушаных земляў у сельскагаспадарчы абарот, аказваў паслугі разьліку назапашваньня радыянуклідаў у лясных і сельскагаспадарчых вырабах, а таксама іх дозавых нагрузак на арганізм[1].
Падразьдзяленьні
рэдагавацьНа 2018 год Інстытут радыябіялёгіі налічваў 6 лябараторыяў: 1) камбінаваных узьдзеяньняў, 2) мадэляваньня і мінімізацыі антрапагенных рызыкаў, 3) грамадзкага здароўя і інфармацыйнага забесьпячэньня насельніцтва, 4) радыяэкалёгіі, 5) экспэрымэнтальных біялягічных мадэляў, 6) эндакрыналёгіі і біяхіміі[1].
Мінуўшчына
рэдагаваць12 лютага 1987 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Пастанову № 17 аб стварэньні Інстытуту радыялёгіі ў Менску на аснове Сэктару геранталёгіі. Інстытуту радыялёгіі перадалі 4 лябараторыі са складу Інстытуту мікрабіялёгіі, 3 лябараторыі і 1 групу зь Інстытуту ядзернай энэргетыкі і 1 лябараторыю зь Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі. 19 жніўня 1987 году Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову № 273-20, паводле якой зацьвердзіў Інстытут у якасьці галоўнай у Беларусі ўстановы ў галіне распрацоўкі навуковых спосабаў пераадоленьня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У інстытуце зьявілася асьпірантура. Інстытут радыялёгіі ўвайшоў у склад Аддзяленьня біялягічных навук АН БССР, якое ў 1995 годзе пераўтварылі ў Аддзяленьне мэдыка-біялягічных навук[2].
На 1998 год Інстытут улучаў 3 групы: 1) радыямэтрыі і дазымэтрыі, 2) таксыкалёгіі, 3) навуковага суправаджэньня Дзяржаўнай праграмы па ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. У склад Інстытуту ўваходзіла 9 лябараторыяў: 1) біяхіміі, 2) фізыялёгіі, 3) эндакрыналёгіі, 4) марфалёгіі і цытагенэтыкі, 5) радыябіялёгіі расьлінаў, 6) радыяхіміі глебы, 7) радыяэкалёгіі водных сыстэмаў, 8) радыяэкалёгіі паветранага асяродзьдзя, 9) маніторынгу. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: 1) узьдзеяньне малых дозаў зьнешняга і ўнутранага апрамяненьня і радыяцыйна-экалягічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю; 2) абмен рэчываў і зьмяненьне будовы органаў і тканак пад уплывам генэтычных пашкоджаньняў; 3) разьмеркаваньне, назапашваньне і распрацоўка спосабаў паскарэньня вывядзеньня радыёнуклідаў з арганізма; 4) пошук радыяахоўных рэчываў і злучэньняў; 5) паводзіны, выгляд і перамяшчэньне радыёнуклідаў у вадзе, глебе, жывёлах, паветры і расьлінах. Інстытут вызначыў уплыў на жыцьцядзейнасьць радыяцыйнай абстаноўкі ў Беларусі і акрэсьліў небясьпечныя для жыцьця дозы радыяцыйнай нагрузкі. У Інстытуце стварылі спосабы нагляду за радыяцыйным становішчам у краіне і распрацавалі ахоўныя захады для чалавека, жывёльнага і расьліннага сьвету ад узьдзеяньня малых дозаў радыяцыі, а таксама для навакольнага асяродзьдзя ад іянізавальнага выпрамяненьня. Супрацоўнікамі інстытуту былі сябар-карэспандэнт Леанід Лабанок і 5 дактароў навук[2].
17 красавіка 2003 году Прэзыдыюм Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 35, паводле якой Інстытут радыялёгіі перавялі ў Гомель. Яму перадалі будынак Спэцыяльнага канструктарска-тэхнічнага бюро «Мэталапалімэр» па вуліцы Фядзюнінскага, д. 4. Інстытут радыялёгіі таксама атрымаў лябараторыю радыяцыйна-таксыкалягічнай экалёгіі з складу Аб’яднанага інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў «Сосны». 15 сакавіка 2019 году да Інстытуту радыёбіялёгіі далучылі УП «Інстытут радыялёгіі», які таксама быў разьмешчаны ў Гомлі[3].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Яўген Канапля (1987—2009)
- Аляксандар Навумаў (23 лістапада 2009—2015)
- Ігар Чэшык (з 1 ліпеня 2015 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня мэдычных навук (Інстытут радыялёгіі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 15 кастрычніка 2018 г. Праверана 5 сьнежня 2018 г.
- ^ а б Анатоль Астахаў. Інстытут радыябіялёгіі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 271. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- ^ Гісторыя інстытуту (рас.) // Інстытут радыябіялёгіі, 2022 г. Праверана 20 кастрычніка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Кантакты (рас.) // Інстытут радыябіялёгіі, 2018 г. Праверана 5 сьнежня 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |