Ёхэн Рынт
Карл Ёхен Рынт (па-нямецку: Karl Jochen Rindt; 18 красавіка 1942, Майнц, Нямеччына — 5 верасьня 1970, Монца, Лямбардыя, Італія) — аўстрыйскі гоначнік Формулы-1 нямецкага паходжаньня. Дэбютаваў у каралеўскіх аўтагонках на Гран-пры Аўстрыі 1964 року. Езьдзіў за каманды Купэр, Брэбгэм і Лотас. Загінуў у часе трэніроўкі да Гран-пры Італіі 1970 году, ды стаў адзіным гоначнікам Формулы-1, якія заваяваў чэмпіёнства пасьмяротна.
Ёхен Рынт | |
Jochen Rindt | |
Нарадзіўся | 18 красавіка 1942[1][2][3][…] |
---|---|
Памёр | 5 верасьня 1970[1][2][3][…] (28 гадоў) |
Кар’ера ў Формуле-1 | |
Грамадзянства | |
Гады дзейнасьці | 1964–1970 |
Каманды | |
Удзелаў | 62 (60 стартаў) |
Чэмпіёнстваў | 1 (1970) |
Перамогаў | 6 |
П’едэсталаў | 13 |
Пунктаў | 107 (109)[a] |
Стартавых лідэрстваў | 10 |
Найхутчэйшых колаў | 3 |
Першая гонка | Гран-пры Аўстрыі 1964 году |
Першая перамога | Гран-пры ЗША 1969 году |
Апошняя перамога | Гран-пры Нямеччыны 1970 году |
Апошняя гонка | Гран-пры Італіі 1970 году |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і аўстрыйкі і немца. Бацькі загінулі ў часе бамбаваньня Гамбургу хаўрусьнікамі, і выхоўвалі Карла прабацькі ў аўстрыйскім Грацы.
У 16-гадовым веку пачаў займацца матацыклетнымі гонкамі, а наведаўшы Гран-пры Нямеччыны 1961 году на Нюрнбургрынгу, захапіўся Формулай-1.
У 1963 трапіў у юніёрскую Формулу. У 1964 перайшоў у каманду Brabham Формулы-2. 18 траўня заваяваў Лёнданскі трафей на Brabham BT10, абышоўшы Грэма Гіла, чым упершыню зьвярнуў на сябе ўвагу сусьветнага матаспорту.
У той час шматлікія гоначнікі спалучалі ўдзел адначасна ў Формуле-2 і Формуле-1. З 1964 року Ёхен Рынт удзельнічаў у найвышэйшым клясе, працягваючы ўдзел у ніжэйшым да жніўня 1970 року. Асабліва ўдалым для яго быў сэзон Формулы-2 1967 року, дзё ён перамог у 9 гонках, аднак як гоначнік Формулы-1 ён удзельнічаў у тым чэмпіянаце па-за залікам, і тытул чэмпіёна дастаўся Жакі Іксу. Ад прэсы ён атрымаў мянушку «караля Формулы-2».
Акрамя таго, з 1964 року Рынт барў удзел і ў гонках спартовых аўтамабіляў. Чатыры разы ўдзельнічаў у 24 гадзінах Ле-Ману, дзе ў 1965 року здабыў перамогу з паплечнікам Мастэнам Грэгары для «Паўночнаамэрыканскай гоначнай каманды».
Дэбют Ёхена Рынта ў Формуле-1 адбыўся на ягонай хатняй трасе ў Аўстрыі, якая стала для яго адзінай гонкай сэзону. На сэзон 1965 року ён падпісаў кантракт з Cooper. Найлепшым вынікам стала 4-е месца на Гран-пры Нямеччыны і 13-е месца ў агульным заліку чэмпіянату.
У сэзоне 1966 року Рынт быў другім пілётам «Куперу» пасьля чэмпіёна сьвету-1964 Джона Сэртыса, які перайшоў з Фэрары. У другой гонцы сэзону, Гран-пры Бэльгіі, Рынт упершыню трапіў на подыюм, заняўшы 2-е месца пасьля паплечніка. Пасьля гэтага яшчэ двойчы ўздымаўся на п’едэсталы, заняўшы ў выніку 3-е месца асабістага заліку.
1967 атрымаўся не такім удалым: Рынт здолеў фінішаваць толькі ў дзьвюх гонках і заняў у чэмпіянаце 13-е месца.
Перад сэзонам-1968 Рынт перайшоў у каманду «Брэбгэм», якая два гады запар станавілася чэмпіёнкай. Аднак у новым сэзоне паўтарыць посьпех перашкодзілі тэхнічныя праблемы. Рынт ізноў фінішаваў толькі ў дзьвюх гонках і стаў у агульным заліку 12-м.
На 1969 рок Рынт падпісаў кантракт з чэмпіёнамі мінулага сэзону — камандай «Лотас», у якой ганяў разам з чэмпіёнам Грэмам Гілам. Але ў новым сэзоне аўтамабілі каманды сталі надта ненадзейнымі: у 1967—1969 роках адбыўся 31 інцыдэнт, і сам Гіл у 1968—1970 роках дзевяць разоў трапляў у аварыі. Ужо ў першай гонцы ў ў Гішпаніі абодва пілёты «Лотасу» разьбіліся на высокай хуткасьці ды яшчэ і ўрэзаліся адно ў аднаго. Рынт усяго толькі зламаў нос, але адзін з маршалкаў трасы страціў вока і зламаў нагу. Агулам у сэзоне Рынт сыходзіў з трасы сем разоў. Затое ў перадапошняй гонцы ў Нью-Ёрку здабыў першую перамогу; азмрочыла сьвяткаваньне аварыя Грэма Гіла, у якой той зламаў нагу.
На 1970 рок Рынтавым партнэрам стаў Джон Майлз. На другое Гран-пры сэзону ў Гішпаніі «Лотас» падрыхтаваў рэвалюцыйна новы аўтамабіль Lotus 72, які сапсаваўся ўжо на першай жа трэніроўцы, а ў гонцы Рынт сышоў пасьля дзевяці колаў. Каманда была вымушаная вярнуцца да старой мадэлі Lotus 49, да якой не пасавалі новыя колы. Нягледзячы на гэта, у Гран-пры Манака Ёхен прыйшоў першым, стартаваўшы з 8-й пазыцыі.
Празь дзьве гонкі каманда падрыхтавала новы Lotus 72, на якім Ёхен Рынт адразу ж заваяваў перамогу ў Гран-пры Нідэрляндаў. Тым ня меней, на 23-м коле гонкі загінуў блізкі сябар аўстрыйца Пірс Карыдж, што нават прымусіла Рынта задумацца пра завяршэньне кар’еры. Праблемы з балідам стала трывалі, пры гэтым Ёхен здолеў перамагаць. Ужо ў дамашняй гонцы ў Аўстрыі ён мог заўчасна стаць чэмпіёнам сьвету і стартаваў з поўлу, аднак выбыў з прычыны псаваньня рухавіка. А ў наступным Гран-пры Італіі падчас трэнавальных заездаў на вялікай хуткасьці разьбіўся аб адбівач. Пазьней рассьледаваньне высьветліла, што прычынай вылету стала адмова пярэдняга правага тармазнога валу, аднак загінуў Рынт праз дрэнна ўсталяваныя бар’еры бясьпекі. Лотас вывеў з гонкі ўсе свае машыны, хоць гонка працягнулася. Да гэтай пары Ёхен Рынт перамог у пяці зь дзесяці Гран-пры, і яго ніхто ня здолеў абысьці. Ён быў названы пасьмяротным чэмпіёнам, трафэй атрымала ягоная ўдава Ніна.
Ушанаваньне памяці
рэдагавацьГоначныя посьпехі Ёхена спрыялі папулярызацыі аўтаспорту ў Аўстрыі. У 1965 року ён заснаваў у Вене аўтамабільную выставу «Шоў Ёхена Рынта», якое стала штогадовым і з 1970 року ладзіцца ў Эсэне (Нямеччына).
Рынт пасьпеў паўдзельнічаць у будаўніцтве Аўстрыйскай трасы (цяпер траса Рэд Булу) і Зальцбургрынгу.
На 30-ю гадавіну сьмерці ў Грацы адкрытая памятная дошка Ёхена Рынта.
Сям’я
рэдагавацьУ сакавіка 1967 року Ёхен Рынт ажаніўся зь фінскай мадэлькай Нінай Лінкальн, дачкой гоначніка Курта Лінкальна. Жылі ў Швайцарыі пад Бэньенем, мелі дачку Наташу, якой у час бацькавай гібелі было два гады.
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Jochen Rindt // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б Jochen Rindt // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
- ^ а б Jochen Rindt // Roglo — 1997.
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #119343185 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ Wiener Zeitung (ням.) — Wien: 2018.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Ёхен Рынт (анг.) на афіцыйнай бачыне Формулы-1