Ёркшырскі тэр’ер – на сучасны момант адна з найбольш папулярных і найчасьцей гадаваных пародаў сабакаў. Дзякуючы сваёй прывабнай зьнешнасьці і малому росту, ён стаў настолькі любімай дэкаратыўнай пародай, гадаванай у кватэры, што сустрэць яго цяпер можна амаль што ўсюды. Магло б падавацца, што ёркшырскі тэр’ер – гэта далікатны, раздураны пястун, але на самой справе ўсё якраз наадварот. Гэты невялічкі сабачка, нягледзячы на свой малы рост, вельмі энэргічны і настойлівы, тэмпэрамэнтны і мае спартовы целасклад.

Ёркшырскі тэр'ер

Гісторыя

рэдагаваць

Ёркшырскі тэр’ер rehfeielilsf сабакам, якога разводзілі ангельскія беднякі. У ХІ стагодзьдзі для каралеўскіх падданых у Ангельшчыне ўвайшла ў сілу забарона паляваньня і нават забарона на гадоўлю вялікіх паляўнічых сабак. Па гэтай прычыне шахцёры з вобласьці Вэст-Райдзінг у графстве Ёркшыр вывелі малога, але моцнага сабачку, які ўмеў лавіць пацукоў, а пры выпадку лавіў і трусоў. На ўзьнікненьне ёркшырскага тэр’ера відавочна паўплывалі нізканогія шкоцкія тэр’еры. У сваю чаргу, на ягоную доўгую шаўкавістую поўсьць, падобна на тое, меў уплыў і мальтыйскі сабачка. Першапачатковае прызначэньне ёркшырскага тэр’ера было рознае. Ён праводзіў шахцёраў у шахты, а ў хатах служыў як лоўца пацукоў. Ангельскія рабочыя ладзілі для сваіх сабак нават бойкі з пацукамі. Пераход ёркшырскага тэр’ера з катэгорыі працоўных у дэкаратыўныя сабакі датуецца канцом ХІХ стагодзьдзя. Тады ён стаў улюбёнцам дамаў з вышэйшага грамадзтва. Шырокае распаўсюджаньне атрымаў з пачатку 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя і да сёньняшняга часу ягоная папулярнасьць толькі ўзрастае.

 
miniatur

Апісаньне

рэдагаваць

Ёркшыр – гэта жвавы, разумны тэр’ер, з доўгай, гладкай поўсьцю, якая ад кончыка носу да самага хваста падзеленая праборам. Цела яго кампактнае, добра складзенае, дэманструе упэўненасьць у сабе і тэмпэрамэнт. Ідэальная вага сабакі – паміж 1800 і 2800 г., а дагледжаны сабака павінен важыць ня менш чым 2000 г. Дапушчальная вага да 3200 г. Найбольш адпавядае ідэальнай вазе вышыня 20-24 см. Будова цела – кароткая і трывалая. Вельмі важнае значэньне мае хрыбетная лінія, якая павінна быць роўнай. Пярэднія і заднія канечнасьці роўныя і моцныя, задняя каленная сустава павінна мець правільны згіб, бо гэта ўплывае на рух сабакі. Лапы – закрытыя, пярэднія трохі большыя, чым заднія. Сабакі з правільнай пігмэнтацыяй маюць чорныя кіпцюры. Хвост абрэзаны і нясецца прама. Галава параўнальна малая і пляскатая, лоб не павінен залішне выступаць. Вочы – сярэдняй велічыні, цёмныя і бліскучыя, з жывым, разумным выразам. Вочныя павекі павінны мець цёмную пігмэнтацыю. Адносна малыя вушы паднятыя ў форме V наадварот, а па памеру цалкам адпавядаюць агульным парамэтрам сабакі. Адной з найбольш важных адзнакаў гэтай пароды зьяўляецца поўсьць, якая ў маладых сабак – сярэдняй даўжыні, але для старых патрабуецца, каб яна была вялікая, аж да зямлі. Мусіць быць бліскучай і шаўковай, ні ў якім выпадку ня можа быць хвалістай. Колер поўсьці – сталёва-блакітны, на галаве і на грудзях яна мае сьветлыя жоўтыя плямы, якія ёсьць і на канечнасьцях.

Характарыстыка і догляд

рэдагаваць

Жывы, разумны выраз вачэй гэтага малога сабачкі шмат кажа пра ягоны характар. Нягледзячы на малы рост і нявінны выгляд, гэта вельмі рэзкі, жвавы, адважны і заўсёды пільны сабака. Да незнаёмых людзей ставіцца трохі недаверліва, але свайго гаспадара любіць больш за ўсё на сьвеце. Гэта адданы сабачка, які з ахвотай будзе праводзіць свайго гаспадара ўсюды, куды той ідзе. Ён спакойна ўспрымае нашэньне ў кошыку ці адмысловай торбе толькі тады, калі знаходзіцца блізка ад гэтага чалавека. Ёркшырскі тэр’ер сярод іншых малых сабак самы паслухмяны. Але гэты малы сабачка таксама і ўпарты, таму ягонае выхаваньне патрабуе стараннасьці і пасьлядоўнасьці. Належачы да найменшых сабак сьвету, ён любіць рух і забавы, таму падыходзіць у якасьці ўдзельніка спаборніцтваў: агіліту і іншых сабачых відаў спорту. Рэгулярны рух для гэтай пароды вельмі важны, хоць бы дзеля таго, што яны маюць схільнасьць да атлусьценьня. Ёркшырскі тэр’ер – адносна моцная і выносьлівая парода, які, аднак, можа мець павялічаную схільнасьць да хваробаў. Гэта, як правіла, датычыць недалужных, залішне малых адзінак, якія зьяўляюцца вынікам імкненьня некаторых гаспадароў да як мага меншага росту. Догляд за іх поўсьцю – вельмі працаёмісты. Прыгожая бліскучая поўсьць, якая даходзіць аж да самай зямлі, зьяўляецца вынікам шматгадзінных клопатаў і патрабуе шмат цярплівасьці як ад сабакі, так і ад ягонага гаспадара. Асновай клопату пра поўсьць зьяўляецца правільнае прычэсваньне і чышчэньне шчоткай.

Шчаняты, якіх не бывае шмат у вывадку (звычайна каля трох), заўсёды нараджаюцца чорнымі. Жоўтыя плямы яны пачынаюць набываць пазьней.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Ёркшырскі тэр’ерсховішча мультымэдыйных матэрыялаў