Spellbound Dizzy
«Spellbound Dizzy» (па-беларуску: «Зачараваны Дызі») — аркадная прыгодніцкая кампутарная гульня, выпушчаная ў 1991 року Codemasters, пятая ў асноўнай сэрыі Dizzy. У распрацоўцы гульні ізноў практычна ня бралі ўдзелу блізьняты Олівэр, даручыўшы Big Red Software перапрацаваць графічны рухавік і стварыць новыя заданьні.
Spellbound Dizzy | |
Экранная застаўка гульні | |
Дата выпуску | 11 лістапада 1991 |
---|---|
Жанр | Прыгодніцкая аркада |
Стваральнікі | |
Распрацоўнік | Big Red Software |
Выдавец | Codemasters |
Кіраўнік | Пол Рэнсан |
Прадусары | Сьцюарт Рэган, Шон Сэвідж |
Дызайнэр | Big Red Software |
Праграмісты | Р. Фрэд Уільямс, Андзі Торкінгтан |
Кампазытар | Дэвід Ўіттэйкер |
Тэхнічныя дэталі | |
Плятформы | Amstrad CPC, ZX Spectrum, Commodore 64, Amiga, Atari ST, CD32 |
Рэжым | Адзінаасобная гульня |
Кіраваньне | Клявіятура/Джойстык |
Гульнявы працэс
рэдагавацьГульня можа пахваліцца найбуйнейшай мапай ва ўсёй сэрыі, якая складаецца з 105 экранаў. Адпаведна яна стала яшчэ больш складанай для праходжаньня, і нават просты праход па ўсіх лякацыях займае паўтары гадзіны[1]. Адна зь лякацыяў, «The 105th room!» (бел. 105-ы пакой!), дасяжная толькі з дапамогай сакрэтнага коду і зьмяшчае паведамленьне, што была дададзеная ў гульню проста дзеля круглага ліку[2].
Гульнявы працэс ускладнены тым, што пры падзеньні з вышыні Дызі губляе здароўе (у наступных гульнях гэтае новаўвядзеньне скасаванае). Такі ўзровень складанасьці змусіў многіх гульцоў махляваць, ужываючы патчы, што давалі Дызі бясконцыя жыцьці.
У «Spellbound Dizzy» прадстаўлены крыху адрозны ад ранейшых гульняў інтэрфэйс карыстальніка, графіка і прынцыпы, якія не фігуравалі больш ні ў якіх частках сэрыі (ні ранейшых, ні пазьнейшых): інвэнтар зь іконкамі прадметаў; разьдзеленыя калекцыйныя (зоркі) і ацаляльныя (вішні) прадметы; дынамічна анімаваныя спрайты (тунэлі, шахцёрская каламажка і інш.); скакаючы па грыбах або батутах, можна павялічыць вышыню скачку.
Сюжэт
рэдагавацьДызі гасьцяваў у мясцовага добрага чараўніка Тэо. Тэо, хоць і майстар у справе маханьня чароўнымі палачкамі, не такі акуратны ў захоўваньні-рэчаў-па-месцах, таму ён пакінуў на стале ў сваёй лябараторыі «Кнігу сапраўды магутных чараў». Больш за тое, кніга была адчыненая на старонцы з назвай «Вельмі, вельмі магутны заклён (які нельга прамаўляць услых)». Невядома, ці бачыў Дызі гэтую назву, аднак — вой! — ён прамовіў заклён, што спрычынілася да катастрофы: Дызі перамясьціў усіх сваіх ёлкфолкаўцаў разам з чараўніком Тэо у падземны сьвет! Вось табе й маеш!
Галоўнаму пэрсанажу і вінаватаму застаецца адзінае выйсьце: прачытаць заклён яшчэ раз, каб перанесьціся ў падземны сьвет самому і ўратаваць сваіх суродзічаў…
Успрыняцьце
рэдагавацьУ 1993 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 18-е месца ў сьпісе 100 найлепшых гульняў усіх часоў па выніках апытаньня чытачоў часопісу «Your Sinclair»[3].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ Instant walkthrough playlist
- ^ Dizzy V - Spellbound Dizzy. Игровой процесс (рас.) SpeccyWiki Праверана 8 сьнежня 2012 г.
- ^ Readers' Top 100 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, September 1993.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Spellbound Dizzy (анг.) на World of Spectrum
- Spellbound Dizzy (анг.) на MobyGames