48-ы батальён дапаможнай паліцыі

беларускі батальён у Трэцім райху

48-ы беларускі батальён дапаможнай паліцыі (палявы)[2]калябаранцкі аддзел дапаможнай паліцыі ў часе Другой сусьветнай вайны, складзены зь беларусаў Слонімшчыны.

48-ы батальён дапаможнай паліцыі
Schuma-Bataillon F/48
Гады існаваньня 1943 — 1944
Краіна Сьцяг Трэцяга райху Трэці райх
Падпарадкаваньне начальнік паліцыі парадку Беларусі[1]
Уваходзіць у шуцманшафт (беларуская дапаможная паліцыя)
Тып дапаможная паліцыя
Функцыя антыпартызанскія апэрацыі
Колькасьць каля 1000 чалавек (1943)
592 чалавек (сьнежань, 1943)
615 чалавек (студзень, 1944)
590 чалавек (люты, 1944)
Дысьлякацыя Слонімшчына
Войны Другая сусьветная вайна
Нямецка-савецкая вайна
Вядомыя камандзіры Язэп Дакіневіч

Перадумовы

рэдагаваць

У другой палове 1943 году нямецкія паліцэйскія ўлады пастанавілі зарганізаваць яшчэ тры беларускія паліцэйскія адзінкі: 48-ы батальён у Слоніме, 60-ы батальён у Баранавічах і 36-ы полк ва Ўрэччы, Слуцкае акругі. Да рэалізацыі яны прыступілі, узяўшы пад увагу свае дазнаньні з арганізацыяй 49-га батальёну, вельмі хітра.

Набор у батальён

рэдагаваць

У Слоніме ў гэтым часе вайсковым акруговым рэфэрэнтам быў Язэп Дакіневіч, чалавек вельмі энэргічны, які меў уплыў на тутэйшае жыхарства і гэтаксама зьяўляўся акруговым рэфэнтам БНС. Яго й пастанавілі немцы спрытна выкарыстаць для набраньня ў батальён людзей. Акруговы камісар Слонімскай акругі супольна зь нямецкім акруговым начальнікам паліцыі папрасілі ў жніўні 1943 року да сябе спадара Дакіневіча й слонімскага павятовага старшыню спадара Цітовіча, і абвясьцілі ім, што нямецкія ўлады даюць дабро на арганізацыю беларускага войска, і што ў Слоніме мае павінны створаны першы батальён, камандзірам якога будзе якраз Дакіневіч. Немцы гаварылі вельмі аўтарытэтна, зьвярталіся да пачуцьця беларускага патрыятызму і ўспаміналі пра Новую Эўропу й г.д. Канчаючы гутарку, яны выразілі надзею, што як Дакіневіч, так і Цітовіч, прыкладуць усе сілы, каб арганізацыя новага батальёну выйшла як мага лепей.

Дакіневіч і Цітовіч прынялі ўсё гэта вельмі паважна й цалкам паверылі таму, што гаварылі ім высокія прадстаўнікі нямецкае ўлады. Былі надрукаваныя ўлёткі для ахвотнікаў. У гэтых улётках-пакліканьнях прыводзіліся словы, якія хваталі за сэрца кожнага беларуса, як: «Вы паклікаецеся для абароны сваёй Бацькаўшчыны!». Калі гэтыя пакліканьні былі разасланыя па вёсках і ўручаныя прызыўнікам, народ масава рынуў у Слонім.

Дакіневіч прыймаў ахвотнікаў, гаварыў да іx гарачыя прамовы і нястомна заладжваў усе справы па арганізацыі батальёну. Празь некалькі дзён у батальён прыбыло каля 5.000 чалавек, у разоў пяць больш. Лекарская камісія правяла іx вострую кваліфікацыю, шмат звольніла, нарэшце ў батальён было адабрана каля тысячы чалавек, а рэшту адаслалі ў 36-ы беларускі паліцэйскі полк, які зарганізаваўся ва Ўрэччы, Слуцкае акругі.

Шлях батальёну

рэдагаваць

Калі Дакіневіч зарганізаваў батальён (жнівень 1943 року[3]), прыбыў сапраўдны камандзір батальёну маёр-немец, а зь ім разам і ўся абсада батальёну — таксама немцы. Дакіневіч застаўся пры батальёне, у ролі афіцэра прапаганды. Немцы праўда, вельмі лічыліся з Дакіневічам, нават называлі яго камандзірам батальёну, бо ведалі, — калі ён сыйдзе з батальёну, то й увесь батальён разьляціцца, але гэта справы не зьмяняла.

У кастрычніку 1943 году Францішак Кушаль прыехаў на інспэкцыю батальёну. Батальён прадстаўляўся вельмі добра, быў баёва настроены, выпадкі дэзэрцыі былі вельмі рэдкія. Адно жаданьне, якое мелі жаўнеры — гэта каб камандзіры ў іx былі беларусы.

У студзені 1944 року адзінка налічвала 615 чалавек.[4]

Увесну 1944 году батальён пачаў браць удзел у «пацыфікацыйных» апэрацыях і панёс значныя страты.[5] Пад поглядам баёвым батальён таксама паказаў сябе з найлепшага боку. У меру таго, як батальён станавіўся штораз мацнейшым, значэньне Дакіневіча ў батальёне немцамі памяншалася. Нарэшце ў сакавіку 1944 году Дакіневіч быў пакліканы на пасаду акруговага начальніка БКА. Заняты цалкам новаю працаю, ён амаль зусім адыйшоў ад батальёну. Немцы пачуліся поўнымі панамі батальёну. Але заставаліся яны нядоўга. З адыходам Дакіневіча спыніўся беларускі ўплыў на жаўнераў. Дух іхны ўпаў, і батальён пачаў распадацца. Прычынай гэтага было і тое, што нямецкае камандваньне батальёнам было вельмі недалужнае.

Мінула крыху часу, і батальён разьбілі партызаны, а недабіткі ягоныя разьдзялілі па іншых паліцыйных частках. Афіцыйна ён быў расфармаваны ў верасьні 1944 г.

Вядомыя жаўнеры

рэдагаваць
  1. ^ Романько О. В. Коричневые тени в Полесье. Белоруссия 1941-1945. — Масква: «Вече», 2008. — С. 320. — 426 с.
  2. ^ Сьпіс назоваў батальёнаў
  3. ^ Gdański, J. Zapomniani żołnierze Hitlera / Jarosław W. Gdański. — Warszawa — [Kobyłka]: Wydawnictwo De Facto, 2005. — 261, [2] s., [8] s. tabl.: il. — S. 248. — ISBN 8389667320.
  4. ^ Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. — Мн., 1993. — С. 168
  5. ^ Кушаль, Ф. Спробы стварэньня беларускага войска. — Мн., 1999. — С. 59—60.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Грыбоўскі, Ю. Беларускі легіён СС: міфы і рэчаіснасць / Юры Грыбоўскі // Беларускі Гістарычны Агляд. — 2007. — Т. 14. — Сш. 1 — 2 (26 — 27). — Снежань. — С. 97 — 140.
  • Туронак, Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй / Юры Туронак; пераклад з польскага В. Ждановіч; каментарыі А. М. Літвіна. — Мн.: Беларусь, 1993. — 236 с.