Ян Непамуцкі
Сьвяты Ян Непаму́цкі (па-чэску: Jan Nepomucký; паміж 1340 і 1350, Непамук, Чэхія — 20 сакавіка 1393, Прага) — чэскі каталіцкі сьвяты, сьвятар, мучанік.
Ян Непамуцкі | |
Jan Nepomucký | |
Ян Непамуцкі | |
Сьвяты | |
---|---|
Сьвецкае імя | Jan Velflín |
Нарадзіўся | каля 1340[1] |
Памёр | 20 сакавіка 1393 Прага |
Шануецца | 16 траўня |
Бэатыфікаваны | 31 траўня 1721 папам Інакенцыюсам XIII |
Кананізаваны | 19 сакавіка 1729 папам Бэнэдыктам XIII |
Дзень памяці | 20 сакавіка |
Патрон | Багеміі, Баварыі |
Атрыбуты | 5 зорак вакол галавы, крыж у руцэ, пальмавая галіна |
Біяграфія
рэдагавацьЗьвестак пра бацькоў і дзяцінства Яна не засталося. Вядома хіба, што Ян Вэльфлін (па-чэску: Velflín) быў родам з маленькага гарадку Паму́к у Багеміі, пазьней перайменаванага ў Непамук (адсюль і цяперашняе празваньне сьвятога). У 1370 годзе ён стаў натарыюсам праскага арцыбіскупа, у 1380 годзе быў рукапакладзены ў сьвятары. Пасьля атрыманьня сану працягнуў адукацыю, вывучаў права, у 1381 годзе атрымаў ступень бакаляўра ў Празе, а ў 1387 годзе ў Падуі доктарскую ступень. У 1389 годзе Ян быў прызначаны генэральным вікарыем праскага арцыбіскупства.
Мучаніцтва
рэдагавацьЧэскі кароль Вацлаў IV (1378—1419) стала канфліктаваў з вышэйшым духавенствам краіны, адстойваў перавагу сьвецкай улады і ўмешваўся ва ўнутрыцаркоўныя справы. У 1393 годзе паводле ягонага загаду былі схопленыя і кінутыя ў вязьніцу Ян Непамуцкі разам з двума іншымі сьвятарамі. Неўзабаве Янавых таварышаў адпусьцілі, а Яна пасьля катаваньняў скінулі ў мяху ў Вэлтаву. У 1433 годзе храністы вылучылі меркаваньне, што Ян загінуў, адмовіўшыся раскрыць каралю тайну споведзі каралевы, духоўнікам якой зьяўляўся.
Ушанаваньне памяці
рэдагаваць17 красавіка 1393 году цела Яна Непамуцкага было знойдзенае на правым беразе Вэлтавы і пазьней пахаванае ў катэдральным саборы Сьвятога Віта ў Празе. Непасрэднаю прычынаю сьмерці паводле антраполяга Эмануэля Влчэка (па-чэску: Emanuel Vlček) было катаваньне, у прыватнасьці удар тупым прадметам па галаве.
Шанаваньне Яна чэскімі каталікамі як сьвятога і мучаніка пачалося яшчэ ў XV стагодзьдзі. Да ліку сьвятых ён быў аднесены ў 1729 годзе. Ян Непамуцкі лічыцца нябесным абаронцам споведнікаў, абаронцам супраць паклёпаў і навадненьняў, а таксама абаронцам Прагі і ўсяе Багеміі. Памяць у каталіцкай царкве — 16 траўня.
Іконаграфія
рэдагавацьСамая вядомая статуя сьвятога была створаная ў 1683 годзе (яшчэ да афіцыйнае кананізацыі) Я. Брокафам для Карлавага мосту ў Празе. Зараз арыгінал перанесены ў Нацыянальны музэй у Празе (як і большасьць скульптураў мосту), а на мосьце ўсталяваная дакладная копія.
У XVIII стагодзьдзі створаная вялікая колькасьць іконаграфічных нізак са сцэнамі з жыцьця сьвятога. Самая вядомая месьціцца ў Лятаранскай базыліцы ў Рыме.
Сьвяты Ян Непамуцкі паказваецца на абразох з пальмавай галінай і вянком з зор над галавой.
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Католическая энциклопедия. Изд. францисканцев. М., 2002.
- St. John Nepomucene (Каталіцкая энцыкляпэдыя) (анг.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЯн Непамуцкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Бачына, прысьвечаная Яну Непамуцкаму (чэс.) (анг.) (ням.)
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #118558013 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.