Эміль Абра́мавіч Абрамо́віч (10 чэрвеня 1864, паводле іншых зьвестак — у ліпені[1], Горадня — 4 красавіка 1922) — рэвалюцыйны дзяяч.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў габрэйскай сям’і зубнога лекара ў губэрнскім горадзе Расейскай імпэрыі Горадні. У 1882 годзе скончыў курс Гарадзенскай гімназіі.

Вучыўся на мэдычным факультэце Парыскага ўнівэрсытэту ў Францыі, дзе пазнаёміўся зь літаратурай групы «Вызваленьне працы». У 1884 годзе паступіў на мэдыцынскі факультэт Дэрпцкага (Юр’еўскага) унівэрсытэту, што быў у Ліфляндзкай губэрні Расейскай імпэрыі (цяпер Тартускі ўнівэрсытэт у Эстоніі), дзе ўвайшоў у гурток доктара Лесьніка (Б. А. Кісьцякоўскі, Н. В. Вадавозаў і іншыя).

У 1884—1888 гг. кожнае лета прыяжджаў у Менск, дзе жылі ягоныя сваякі, займаўся арганізацыяй рабочых кружкоў, для якіх склаў праграму заняткаў, якая пратрывала ў гуртках Паўночна-Заходняга краю больш за 10 гадоў, да Бунда. У 1886—1887 гадох арганізаваў гурток вучняў у Вільні.

У 1888 годзе Эміль скончыў унівэрсытэт і на пачатку 1889 году, пераехаўшы ў Кіеў, стаў арганізатарам і кіраўніком першай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі на поўдні Расейскай імпэрыі. Разам са сваім сябрам Ш. Бярковічам, пры дапамозе рабочага Яна Кісьлянскага, завёў знаёмствы са сьлюсарамі чыгуначных майстэрань, арганізаваў бібліятэку, касу і вёў прапаганду па праграме, якую выпрацавала група Благоева. Арганізацыя Абрамовіча мела сувязі зь Нежынам, Менскам, Казаньню і іншымі гарадамі, абменьваліся зь імі літаратурай. Да яе належыў Геальперн Давід Тодрэсавіч, мяшчанін Віленскай губэрні, наборшчык. Потым быў арыштаваны. Пасьля турмы зьехаў у Амэрыку. Дзякуючы правакатару Забрамскаму ды паказаньням арыштаваных студэнтаў Гарба і Флерова, у 1889 г. арганізацыя Абрамовіча была разгромлена.

Арыштаваны Абрамовіч быў у Друскеніках і найвышэйшым загадам ад 18 красавіка 1890 г. падвергнуты турэмнаму зьняволеньню ў Пецярбурскіх «Крыжах» на два гады. Іркуцкім генэрал-губэрнатарам 4 чэрвеня 1890 г. быў прызначаны на пасяленьне ў акруговы г. Верхаянск Якуцкай вобласьці. У ліпені 1889 г. ад Іркуцкім Генэрал-губэрнатарам была атрымана наступная тэлеграма: «тав. Міністра Шыбека тэлеграфуе: дазнаньнем, узбуджаным у Кіеве аб лекары Эмілю Абрамовічу устаноўлена крымінальная перапіска яго з Ёселям Рэзьнікам, які знаходзіцца ў Якуцку». 28 верасьня 1892 г. ён быў перапрызначаны у г. Сярэдне-Калымск Якуцкай вобласьці, а 18 студзеня 1893 г. — у г. Алёкмінск Якуцкай вобласьці. Пад яго ўзьдзеяньнем зрабіўся сацыял-дэмакратам Ювенілій Мельнікаў, што сядзеў разам зь ім у «Крыжах», які зрабіўся потым кіраўніком Кіеўскай с.-д арганізацыі. Пасьля «Крыжоў» Абрамовіч быў высланы ва Ўсходнюю Сыбір тэрмінам на 4 гады. Па заканчэньні тэрміну турэмнага зьняволеньня, у красавіку 1892 году Абрамовіч быў адпраўлены зь Пецярбургу ў Сыбір. 2 чэрвеня 1893 году быў дастаўлены ў Алёкмінск і паселены ў горадзе. Атрымоўваў казённую дапамогу. Без дазволу ўладаў займаўся лячэньнем гараджан і сялян навакольных сёлаў. З прычыны адсутнасьці ў акрузе кваліфікаваных лекараў і па хадайніцтве якуцкага абласнога мэдыцынскага інспэктара ад 1 кастрычніка 1893 г. якуцкі губэрнатар 8 лістапада 1893 г. зьвярнуўся да іркуцкага генэрал-губэрнатара з прапановай прасіць Міністэрства ўнутраных справаў дазволіць яму займацца мэдыцынскай практыкай. Дазвол быў атрыманы 15 студзеня 1894 г. са спыненьнем выдачы казённай дапамогі. Тэрмін ссылкі Абрамовіча скончыўся 18 красавіка 1896 г. Пастановай міністра ўнутраных справаў ад 18 сакавіка 1896 г. тэрмін публічнага нагляду паліцыі падоўжаны на год, па 18 красавіка 1897 г., з дазволам пераехаць у г. Менск. 26 траўня 1896 г. выехаў з Алёкмінску ў Менск, куды прыбыў 28 жніўня 1896 г. У кастрычніку 1896 г. пераехаў на жыхарства ў г. Смаленск, дзе скончыўся тэрмін публічнага нагляду але працягваўся 2-гадовы тайны нагляд паліцыі. У жніўні 1897 г. выехаў у Кірэнскі павет Іркуцкай губэрні, дзе працаваў лекарам на залатых капальнях. У 1903 (4) годзе пераехаў у Саратаў. дзе працягваў рэвалюцыйную дзейнасьць у сацыял-дэмакратычных арганізацыях, далучыўшыся да меншывікам. Пад час падзей на Ленскіх капальнях Абрамовіч жыў у Кацярынаславе, але за выкрывальны артыкул[2], пра умовы жыцьця працоўных на капальнях, якія ён добра ведаў, быў арыштаваны ў 1912 г. і сасланы ў Заходнюю Сыбір. У 1915—1917 гг. жыў і працаваў у бальніцы сяла Капцэва Яраслаўскай губэрні і падзяляў погляды антыабаронцаў. З 1918 г. жыў у Саратаве ды быў сябрам мясцовай меншавіцкай арганізацыі. Памёр 4 красавіка 1922 г.

  1. ^ АБРАМОВІЧ Эміль Абрамавіч
  2. ^ Жертвам золота. // Невская Зьвезда. № 4. 1912 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Кротов М. А. Якутская ссылка 70-80-х годов. Исторический очерк по неизданным архивным материалам. Москва. 1925. С. 212
  • Абрамович. Эмилий Абрамович. // Деятели революционного движения в России. Био-библиографический словарь. Т. V. Социал-демократы. Выпуск I. Москва 1931. Стлб. 5-7
  • Абрамовіч Эміль Абрамавіч. // БСЭ. Т. І. Мн. 1969. С. 35
  • Біч М. В. Ігнатовіч Ф. І. Абрамовіч Эміль Абрамавіч. // БЭ. Т. 1. Мн. 1996. С. 38
  • Казарян П. Л. Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Якутск. 1995
  • Казарян П. Л. Олекминская политическая ссылка 1826-1917 гг. Изд. 2-е дополненное. Якутск. 1996. С. 108. 148-150, 184, 192, 260-261, 466.