Экспэрымэнт Мілгрэма
Экспэрымэнт Стэнлі Мілгрэма (па-ангельску: Stanley Milgram) — вядомы экспэрымэнт у сацыяльнай псыхалёгіі, упершыню апісаны ў 1963 годзе псыхолягам Стэнлі Мілгрэмам зь Ельскага ўнівэрсытэту ў артыкуле «Падпарадкаваньне: дасьледаваньне паводзінаў» («Behavioral Study of Obedience»), а пазьней у кнізе «Падпарадкаваньне аўтарытэту: экспэрымэнтальнае дасьледаваньне» («Obedience to Authority: An Experimental View», 1974).
Уступ
рэдагавацьУ сваім экспэрымэнце Мілгрэм спрабаваў праясьніць пытаньне: колькі пакутаў гатовыя прычыніць звычайныя людзі іншым, зусім бязьвінным людзям, калі такое прычыненьне болю ўваходзіць у іхнія рабочыя абавязкі? У ім была прадэманстраваная няздольнасьць падыспытных адкрыта супрацьстаяць «начальніку» (у дадзеным выпадку дасьледчыку, адзетаму ў лябараторны халат), які загадваў ім выконваць заданьне, нягледзячы на моцныя пакуты, што прычыняюца іншаму ўдзельніку экспэрымэнту (у рэальнасьці падсадному актору). Вынікі экспэрымэнту паказалі, што патрэба падпарадкаваньня аўтарытэтам укаранёная ў нашай сьвядомасьці настолькі глыбока, што падыспытныя працягвалі выконваць указаньні, нягледзячы на маральныя пакуты й моцны ўнутраны канфлікт.
Перадгісторыя
рэдагавацьФактычна Мілгрэм пачаў свае пошукі, каб праясьніць пытаньне, як нямецкія грамадзяне ў гады нацысцкага панаваньня маглі прымаць удзел у зьнішчэньні мільёнаў бязьвінных людзей у канцэнтрацыйных лягерох. Пасьля наладкі сваіх экспэрымэнтальных мэтодыкаў у Злучаных Штатах Мілгрэм плянаваў адправіцца зь імі ў Нямеччыну, жыхары якой, як ён меркаваў, надта схільныя да падпарадкаваньня. Аднак пасьля першага ж праведзенага ім у Нью-Гейвэне (штат Канэктыкут) экспэрымэнту стала ясна, што ў паездцы ў Нямеччыну няма патрэбы й можна працягваць займацца навуковымі пошукамі побач з домам. «Я выявіў столькі падпарадкаваньня, — казаў Мілгрэм, — што ня бачу патрэбы праводзіць гэты экспэрымэнт у Нямеччыне».
У далейшым экспэрымэнт Мілгрэма ўсё-такі быў паўтораны ў Нідэрляндах, Нямеччыне, Гішпаніі, Італіі, Аўстрыі й Ярданіі, і вынікі аказаліся такімі ж, як і ў Амэрыцы. Падрабязная справаздача аб гэтых экспэрымэнтах апублікаваная ў кнізе Стэнлі Мілгрэма «Obedience to Authority» (1973) або, напрыклад, у кнізе Мэўса й Рааэймакерса (Meeus W. H.J, & Raaijmakers Q. A. W. (1986). «Administrative obedience: Carrying out orders to use psychological-administrative violence». «European Journal of Social Psychology», 16, 311—324).
Апісаньне экспэрымэнту
рэдагавацьУдзельнікам гэты экспэрымэнт быў прадстаўлены як дасьледаваньне ўплыву болю на памяць. У досьледзе бралі ўдзел экспэрымэнтатар, падыспытны й актор, які граў ролю другога падыспытнага. Заяўлялася, што адзін з удзельнікаў («вучань») павінны завучваць пары словаў з доўгага сьпісу, пакуль не запомніць кожную пару, а другі («настаўнік») — правяраць памяць першага й караць яго за кожную памылку ўсё больш моцным электрычным разрадам.
У пачатку экспэрымэнту ролі настаўніка й вучня разьмяркоўваліся паміж падыспытным і акторам «паводле лёсаваньня» з дапамогай складзеных лістоў паперы са словамі «настаўнік» і «вучань», прычым падыспытнаму заўжды даставалася роля настаўніка. Пасьля гэтага «вучня» дэманстратыўна прывязвалі да крэсла з электродамі. «Настаўнік» атрымліваў «дэманстрацыйны» удар напружаньнем 45В.
«Настаўнік» выходзіў у іншы пакой і сядаў за стол перад прыборам-генэратарам. Генэратар уяўляў сабой скрыню, на пярэдняй панэлі якой былі разьмешчаны 30 перамыкачоў ад 15 да 450В, з дыяпазонам у 15В. Экспэрымэнтатар тлумачыць «настаўніку», што пры націску на кожны зь перамыкачоў да вучня падводзіцца адпаведнае напружаньне, пры адпусканьні перамыкача ўзьдзеяньне току спыняецца. Націснуты перамыкач застаецца ў ніжнім становішчы, каб «настаўнік» не забываўся, які выключальнік быў ужо націснуты, а які не. Над кожным перамыкачом напісанае адпаведнае яму напружаньне, апроч таго, групы выключальнікаў падпісаныя тлумачальнымі фразамі: «Слабы ўдар» (па-ангельску: Slight Shock), «Умераны ўдар» (па-ангельску: Moderate Shock), «Моцны ўдар» (па-ангельску: Strong Shock), «Вельмі моцны ўдар» (па-ангельску: Very Strong Shock), «Інтэнсыўны ўдар» (па-ангельску: Intense Shock), «Надта інтэнсыўны ўдар» (па-ангельску: Extreme Intensity Shock), «Небясьпечна: цяжкі ўдар» (па-ангельску: Danger: Severe Shock). Апошнія два перамыкачы графічна адасобленыя й памечаныя знакамі «X X X». Панэль прыбору зробленая ў высокай якасьці, ёсьць надпісы пра назначэньне (генэратар 15—450В) і вырабляльніка (Type ZLB, Dyson Instrument Company, Waltham, Mass.), на панэлі ёсьць стрэлачны вальтмэтар. Націсканьне перамыкачоў суправаджалася загараньнем адпаведных лямпачкаў, а таксама гудзеньнем і пстрычкамі рэле. Іначай кажучы, прыбор рабіў сур’ёзнае ўражаньне рэальнага, не даючы падставы сумнявацца ў сапраўднасьці экспэрымэнту.
Пасьля інструктажу пачынаўся экспэрымэнт і «настаўнік» зачытваў «вучню» сьпіс асацыятыўных параў словаў, якія «вучань» павінны быў запомніць. Затым «настаўнік» зачытваў першае слова з пары й чатыры варыянты адказу. «Вучань» мусіў выбраць слушны варыянт і націснуць адпаведную яму адну з чатырох кнопкаў, якія знаходзяцца ў яго пад рукой. Адказ вучня адлюстроўваўся на сьветлавым таблё перад настаўнікам. У выпадку памылкі «настаўнік» паведамляў, што адказ няправільны, паведамляў, удар якім напружаньнем атрымае «вучань», націскаў на кнопку, якая нібыта карала «вучня» ўдарам току й затым паведамляў слушны адказ. Пачаўшы з 15В, «настаўнік» з кожнай новай памылкай мусіў павялічваць напружаньне з дыяпазонам у 15В аж да 450В. Пры дасягненьні 450В экспэрымэнтатар патрабаваў, каб «настаўнік» працягваў выкарыстоўваць апошні выключальнік (450В). Пасьля трохразовага выкарыстаньня апошняга перамыкача экспэрымэнт спыняўся.
Насамрэч актор, які граў ролю «вучня», толькі рабіў выгляд, што атрымлівае ўдары, адказы вучня былі стандартызаваныя й падбіраліся такім чынам, каб у сярэднім на кожны слушны адказ было тры памылковыя. Такім чынам, калі «настаўнік» дачытваў пытаньні да канца першага ліста, вучню назначаўся ўдар у 105В, пасьля гэтага «настаўнік» браў другі ліст, а экспэрымэнтатар прасіў пачынаць зноў з 15В, і, дасягнуўшы канца ліста, пачынаць чытаць пытаньні спачатку, пакуль вучань ня вывучыць усе пары. Гэтым самым «настаўніку» давалася магчымасьць асвоіцца й прывыкнуць да сваіх абавязкаў, апроч таго яўна паказвалася, што экспэрымэнт не спыніцца пры дасягненьні канца пераліку пытаньняў.
Калі падыспытны праяўляў няўпэўненасьць, то экспэрымэнтатар патрабаваў працягу адной з прадвызначаных фразаў[1]:
- «Калі ласка, працягвайце» (па-ангельску: Please continue/Please go on);
- «Экспэрымэнт патрабуе, каб вы працягнулі» (па-ангельску: Experiment requires that you continue);
- «Абсалютна неабходна, каб вы працягнулі» (па-ангельску: It is absolutely essential that you continue);
- «У вас няма іншага выбару, вы мусіце працягваць» (па-ангельску: You have no other choice, you must go on).
Гэтыя фразы гаварыліся па парадку, пачынаючы зь першае, калі «настаўнік» адмаўляўся працягваць экспэрымэнт. Калі «настаўнік» адмаўляўся далей, гаварылася наступная фраза са сьпісу. Калі «настаўнік» адмаўляўся пасьля 4-е фразы, экспэрымэнт перапыняўся.
Апроч таго, былі дзьве спэцыяльныя фразы. У выпадку, калі падыспытны пытаўся, ці не атрымае «вучань» пашкоджаньняў, экспэрымэнтатар адказваў: «Нягледзячы на тое, што ўдары токам могуць быць балючымі, яны не прывядуць да доўгачасовых пашкоджаньняў тканкаў» (па-ангельску: «Although the shock may be painful, there is no permanent tissue damage»). Калі падыспытны зьвяртаў увагу да таго, што «вучань» адмаўляецца працягваць, экспэрымэнтатар адказваў: «Падабаецца гэта вучню, ці не, вы мусіце працягваць, пакуль ён ня вывучыць правільна ўсе пары словаў» (па-ангельску: «Whether the learner likes it or not, you must go on until he has learned all the word pairs correctly»). Па ходзе экспэрымэнту ў фільме Мілгрэма відаць, што экспэрымэнтатар пры неабходнасьці ўжываў і іншыя фразы, напрыклад, запэўніваў, што ён сам нясе адказ, калі з «вучнем» штосьці здарыцца. Пры гэтым, аднак, экспэрымэнтатар ніяк не пагражаў няўпэўненым «вучнем».
Удзельнікі атрымлівалі грашовую ўзнагароду ў памеры 4.5 даляры за ўдзел у экспэрымэнце, аднак перад пачаткам экспэрымэнтатар папярэджваў, што грошы выплачваюцца за прыход у лябараторыю, і яны застануцца ў падыспытных незалежна ад таго, што адбудзецца далей. Праведзеныя ў далейшым дасьледаваньні на 43 суб’ектах, якія бралі ўдзел без узнагароды, але былі студэнтамі таго ж Ельскага ўнівэрсытэту, паказалі падобныя вынікі[1].
Асноўны варыянт экспэрымэнту
рэдагавацьУ першым варыянце экспэрымэнту, які быў апісаны Мілгрэмам у ягонай працы «Behavioral Study of Obedience»[1], «вучань» знаходзіўся ў суседнім з «настаўнікам», гукаізаляваным памяшканьні. «Настаўнік» ня чуў воклічаў «вучня», але на 300 вольтах той пачынаў выразна для «настаўніка» стукаць у сьцяну. Пасьля гэтага вучань пераставаў выдаваць адказы пры дапамозе таблё. Экспэрымэнтатар патрабаваў трактаваць адсутнасьць адказу на працягу 5—10 сэкундаў як няправільны адказ і назначаць наступны ўдар. На наступным удары (315В) таксама чуліся стукі ў сьцяну без адказу на таблё, у далейшым ад вычня не падавалася ні адказаў, ні гукаў.
Фільм «Obedience»
рэдагавацьУ дакумэнтальным фільме Мілгрэма «Obedience», які адлюстроўвае ход экспэрымэнту, паказаны дапрацаваны варыянт. У гэтым варыянце «вучань» перад пачаткам экспэрымэнту папярэджвае, што меў праблемы з сэрцам у мінулым. Апроч таго, «вучань» ня быў гукаізаляваны ад «настаўніка», так што апошні мог чуць ускрыкваньні ад удараў токам. На 150 вольтах актор-«вучань» пачынаў патрабаваць спыніць экспэрымэнт і скардзіцца на сэрца, аднак экспэрымэнтатар казаў «настаўніку»: «Экспэрымэнт патрэбна працягваць. Працягвайце, калі ласка». Па меры павелічэньня напружаньня актор разыгрываў усё больш моцны дыскамфорт, затым моцны боль, і, нарэшце, крычаў, каб экспэрымэнт спынілі. На 300 вольтах «вучань» заяўляў, што адмаўляецца далей браць удзел у экспэрымэнце й не давацьме адказы, але працягваў нема крычаць пры назначэньні ўдару. Пачынаючы з 345 вольтаў, «вучань» пераставаў крычаць і падаваць прыкметы жыцьця.
«Вучань» патрабаваў выпусьціць яго, спыніць экспэрымэнт, скардзіўся на сэрца, адмаўляўся адказваць, але ня лаяў «настаўніка» ці экспэрымэнтатара, не пагражаў помстай ці судовым перасьледам, і нават проста не зьвяртаўся да «настаўніка» наўпрост.
Вынікі
рэдагавацьУ адной сэрыі досьледаў асноўнага варыянта экспэрымэнту 26 падыспытных з 40, замест таго, каб зьлітавацца над ахвярай, працягвалі павялічваць напружаньне (да 450В) да таго часу, пакуль дасьледчык не аддаваў распараджэньне скончыць экспэрымэнт. Толькі пяць падыспытных (12,5 %) спыніліся напружаньні ў 300В, калі ад ахвяры зьявіліся першыя прыкметы незадаволенасьці (стук у сьцяну) і адказы перасталі паступаць. Яшчэ чатыры (10 %) спыніліся на напружаньні 315В, калі ахвяра другі раз стукала ў сьцяну, не даючы адказу. Два падыспытныя (5 %) адмовіліся працягваць на ўзроўні 330В, калі ад ахвяры перасталі паступаць як адказы, так і стукі. Па аднаму чалавеку — на трох наступных узроўнях (345, 360 і 375В). Астатнія 26 з 40 дайшлі да канца шкалы.
Дыскусіі й здагадкі
рэдагавацьЗа некалькі дзён да пачатку свайго экспэрымэнту Мілгрэм папрасіў некалькіх сваіх калегаў (студэнтаў-выпускнікоў, якія спэцыялізуюцца ў галіне псыхалёгіі ў Ельскім унівэрсытэце, дзе праводзіўся экспэрымэнт) азнаёміцца з плянам дасьледаваньня й паспрабаваць угадаць, колькі падыспытных-«настаўнікаў», нягледзячы ні на што, павялічвацьмуць напружаньне разраду да таго часу, пакуль іх не спыніць (пры напружаньніи 450В) экспэрымэнтатар. Большасьць апытаных псыхолягаў выказалі здагадку, што такім чынам паступяць ад аднаго да двух адсоткаў усіх падыспытных.
Таксама былі апытаныя 39 псыхіятраў. Яны далі яшчэ менш дакладны прагноз, выказаўшы здагадку, што ня больш за 20 % падыспытных працягнуць экспэрымэнт да паловы напружаньня (225В) і толькі адзін з тысячы павысіць напружаньне да мяжы. Такім чынам, ніхто не чакаў ашаламляльных вынікаў, якія былі атрыманы — насуперак усім прагнозам, большасьць падыспытных падпарадкаваліся ўказаньням навукоўца, які кіраваў экспэрымэнтам, і караў «вучня» электрашокам нават пасьля таго, як той пачынаў крычаць і біць у сьцяну нагамі.
Для тлумачэньня праяўленае падыспытнымі жорсткасьці было выказана некалькі здагадкаў.
- Падыспытных гіпнатызаваў аўтарытэт Ельскага ўнівэрсытэту.
- Усе падыспытныя былі мужчынамі, таму мелі біялягічную схільнасьць да агрэсіўных дзеяньняў.
- Падыспытныя не разумелі, наколькі моцную шкоду, ня кажучы пра боль, маглі прычыніць «вучням» такія магутныя электрычныя разрады.
- Падыспытныя проста мелі схільнасьць да садызму й атрымлівалі асалоду ад магчымасьці прычыніць пакуту.
- Усе ўдзельнікі экспэрымэнту былі людзьмі, схільнымі да падпарадкаваньня аўтарытэту экспэрымэнтатара й прычыненьню пакутаў «вучню», таму што астатнія проста адмовіліся ўдзельнічаць у экспэрымэнце адразу ці даведаўшыся пра ягоныя падрабязнасьці, не прычыніўшы такім чынам «вучню» ніводнага ўдару токам. Натуральна, што тыя, хто адмовіўся ад удзелу ў экспэрымэнце, у статыстыку ня трапілі.
Пры далейшых экспэрымэнтах ніводная з гэтых здагадкаў не пацьвердзілася.
Вынікі не залежалі ад аўтарытэту ўнівэрсытэту
рэдагавацьМілгрэм паўтарыў экспэрымэнт, наняўшы памяшканьне ў Брыджпарце (штат Канэктыкут) пад шыльдай «Дасьледчая асацыяцыя Брыджпарту» й адмовіўшыся ад якіх-небудзь спасылкаў на Ельскі ўнівэрсытэт. «Дасьледчая асацыяцыя Брыджпарта» прадстаўлялася камэрцыйнай арганізацыяй. Вынікі зьмяніліся ня моцна: дайсьці да канца шкалы згадзіліся 48 % падыспытных.
Пол падыспытнага не ўплываў на выніки
рэдагавацьІншы экспэрымэнт паказаў, што плоць падыспытнага ня мае вырашальнага значэньня; «настаўнікі»-жанчыны трымалі сябе сапраўды таксама, як і мужчыны ў першым экспэрымэнце Мілгрэма. Гэта разьвеяла міт пра мяккасардэчнасьць жанчынаў.
Людзі ўсьведамлялі небясьпеку электрычнага току для «вучня»
рэдагавацьЯшчэ ў адным экспэрымэнце вывучалася здагадка, што падыспытныя недаацэньвалі патэнцыйную фізычную шкоду, якую яны прычынялі ахвяры. Перад пачаткам дадатковага экспэрымэнту «вучню» была дадзена інструкцыя заявіць, што ён мае хворае сэрца й ня вытрымае моцных удараў токам. У працэсе экспэрымэнту «вучань» пачынаў крычаць: «Усё! Выпусьціце мяне адсюль! Я казаў вам, што ў мяне хворае сэрца. Маё сэрца пачынае мяне турбаваць! Я адмаўляюся працягваць! Выпусьціце мяне!». Аднак паводзіны «настаўнікаў» не зьмяніліся; 65 % падыспытных добрасумленна выконвалі свае абавязкі, даводзячы напружаньне да максымуму.
Падыспытныя былі звычайнымі людзьмі
рэдагавацьЗдагадка пра тое, што падыспытныя мелі парушаную псыхіку (ці асаблівую схільнасьць да падпарадкаваньня), таксама было адрынутае, бо ня мела пад сабой падставы. Людзі, што адгукнуліся на аб’яву Мілгрэма й выказалі жаданьне прыняць удзел у экспэрымэнце па вывучэньню ўплыву пакараньня на памяць, па ўзросьце, прафэсіі й адукацыйным узроўні зьяўляліся сярэднестатыстычнымі грамадзянамі. Больш за тое, адказы падыспытных на пытаньні спэцыяльных тэстаў, што дазваляюць ацаніць асобу, паказалі, што гэтыя людзі былі зусім нармальнымі й мелі даволі ўстойлівую псыхіку. Фактычна яны нічым не адрозьніваліся ад звычайных людзей ці, як сказаў Мілгрэм, «яны й ёсьць мы з вамі».
Падыспытныя не былі садыстамі
рэдагавацьЗдагадка, што падыспытныя атрымлівалі асалоду ад пакутаў ахвяры, было аспрэчана некалькімі экспэрымэнтамі.
- Калі экспэрымэнтатар сыходзіў, а ў пакоі заставаўся ягоны «асыстэнт», толькі 20 % згаджаліся на працягваньне экспэрымэнту.
- Калі падыспытнаму давалі права самаму выбіраць напружаньне, 95 % заставаліся ў межах 150 вольтаў.
- Калі ўказаньні даваліся па тэлефоне, паслушэнства моцна зьменшылася (да 20 %). Пры гэтым многія падыспытныя рабілі выгляд, што працягваюць экспэрымэнты.
- Калі падыспытны аказваўся перад двума дасьледчыкамі, адзін зь якіх загадваў спыніцца, а другі настойваў на працягваньні экспэрымэнту, падыспытны спыняў экспэрымэнт.
Дадатковыя экспэрымэнты
рэдагавацьУ 2002 годзе Томас Блас з Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту апублікаваў у часопісе «Psychology Today» зводныя вынікі ўсіх паўтарэньняў экспэрымэнту Мілгрэма, зробленых у ЗША й па-за іхнімі межамі. Высьветлілася, што да канца шкалы даходзяць ад 61 да 66 % незалежна ад часу й месца.
Калі Мілгрэм мае рацыю й удзельнікі экспэрымэнту — такія ж звычайныя людзі, як мы, то пытаньне: «Што можа прымусіць людзей паводзіць сябе падобным чынам?» набывае асабісты характар: «Што можа прымусіць нас дзейнічаць такім чынам?». Мілгрэм упэўнены — у нас глыбока ўкаранілася разуменьне неабходнасьці падпарадкаваньня аўтарытэтам. На ягоную думку, у экспэрымэнтах, што ён праводзіў, вырашальную ролю іграла няздольнасьць падыспытных адкрыта супрацьстаяць «начальніку» (у дадзеным выпадку дасьледчыку, апранутаму ў лябараторны халат), які загадваў падыспытным выконваць заданьне, нягледзячы на моцны боль, які прычыняўся «вучню».
Мілгрэм прыводзіць важкія доказы, якія пацьвярждаюць ягоную здагадку. Ему было відавочна, што, калі б дасьледчык не патрабаваў працягваць экспэрымэнт, падыспытныя хутка б выйшлі з гульні. Яны не жадалі выконваць заданьне й мучыліся, бачачы пакуты сваёй ахвяры. Падыспытныя малілі экспэрымэнтатара дазволіць ім спыніцца, а калі той ім гэтага не дазваляў, то працягвалі задаваць пытаньні й націскаць на кнопкі. Аднак пры гэтым падыспытныя пакрываліся потам, дрыжалі, мармыталі словы пратэста й зноў малілі аб вызваленьні ахвяры, хапаліся за галаву, так моцна сьціскалі кулакі, што іхнія пазногці ўразаліся ў далоні, кусалі вусны да крыві, а некаторыя пачыналі нэрвова сьмяяцца. Вось што расказвае чалавек, што назіраў за ходам экспэрымэнту:
Я бачыў, як у лябараторыю вайшоў салідны бізнэсовец, які ўсьміхаўся й быў упэўнены ў сабе. За 20 хвілінаў ён быў даведзены да нэрвовага зрыву. Ён дрыжаў, заікаўся, пастаянна тузаў сябе за мочку вуха й заломваў рукі. Адзін раз ён ударыў сябе кулаком па лбе й прамармытаў: «О Божа, хопіць гэтага». І тым ня менш, ён працягваў рэагаваць на кожнае слова экспэрымэнтатара й бесьпярэчна яму падпарадкаваўся.
— Мілгрэм, 1963
Мілгрэм правёў некалькі дадатковых экспэрымэнтаў і ў выніку атрымаў дадзеныя, якія яшчэ больш пераканаўча сьведчаць пра слушнасьць ягонае здагадкі.
Падыспытны адмаўляўся падпарадкоўвацца чалавеку ягонага рангу
рэдагавацьТак, у адным выпадку ён унёс у сцэнар істотныя зьмены. Цяпер дасьледчык загадваў «настаўніку» спыніцца, у той час як ахвяра адважна настойвала на працягваньні экспэрымэнту. Вынікі гавораць самі за сябе: калі працягваць патрабаваў усяго толькі такі ж падыспытны, як і яны, палыспытныя ў 100 % выпадкаў адмовіліся выдаць хоць адзін дадатковы электрычны разрад.
У іншым выпадку дасьледчык і другі падыспытны мяняліся ролямі такім чынам, што прывязаным да крэсла аказваўся экспэрымэнтатар. Пры гэтым другі падыспытны загадваў «настаўніку» працягваць, у той час як дасьледчык бурна пратэставаў. І зноў ніводзін падыспытны не дакрануўся да кнопкі.
Пры канфлікце аўтарытэтаў падыспытны спыняў дзеяньні
рэдагавацьСхільнасьць падыспытных да бесьпярэчнага падпарадкаваньня аўтарытэтам была пацьверджаная вынікамі яшчэ аднаго варыянту асноўнага дасьледаваньня. На гэты раз «настаўнік» аказваўся перад двума дасьледчыкамі, адзін зь якіх загадваў «настаўніку» спыніцца, калі ахвяра маліла аб вызваленьні, а другі настойваў на працягваньні экспэрымэнту. Супярэчлівыя загады бянтэжылі падыспытных. Зьбітыя з панталыку падыспытныя пераводзілі позірк з аднаго дасьледчыка на другога, прасілі абодвух кіраўнікоў дзейнічаць узгоднена й аддаваць аднолькавыя каманды, якія можна было б бяз роздумаў выконваць. Калі ж дасьледчыкі працягвалі «сварыцца» адзін з адным, «настаўнікі» спрабавалі зразумець, хто зь іх двух галоўней. У канчатковым выніку, ня маючы магчымасьці падпарадкоўвацца менавіта аўтарытэту, кожны падыспытны-«настаўнік» пачынаў дзейнічаць зыходзячы са сваіх найлепшых намераў, і спыняў караць «вучня».
Іншыя варыянты экспэрымэнту
рэдагаваць- Мілгрэмам дадаткова былі праведзеныя экспэрымэнты ў варыянце, калі «вучань» сядзіць у адным пакоі з «настаўнікам». У гэтым выпадку паслухмянасьць зьменшылася.
- У іншым варыянце экспэрымэнту, таксама праведзеным Мілгрэмам, «вучань» знаходзіўся побач з «настаўнікам» і «атрымліваў» удары, толькі калі прыціскаў руку да мэталёвае пласьціны. На 150 вольтах «вучань» адмаўляўся прыкладваць руку да пласьціны, і ў гэтым выпадку экспэрымэнтатар патрабаваў, каб «настаўнік» трымаў «вучня» за руку й прыкладваў яе да пласьціны гвалтам. У гэтым выпадку паслухмянасьць была яшчэ меншая. Такім чынам, блізкасьць ахвяры адваротка сказваецца на паслухмянасьці.
- Калі ўказаньні даваліся па тэлефоне, колькасьць тых, хто падпарадкаваўся, зьменшылася ў 3 разы. Пры гэтым многія падыспытныя рабілі выгляд, што працягваюць экспэрымэнт.
- У іншых варыянтах у экспэрымэнце таксама ўдзельнічалі адзін ці два дадатковыя «настаўнікі». Іх таксама гралі акторы. У варыянце, калі актор-«настаўнік» настойваў на працягваньні, толькі 3 з 40 падыспытных спынілі экспэрымэнт. У іншым выпадку два акторы-«настаўнікі» адмаўляліся працягваць экспэрымэнт — і 36 з 40 падыспытных рабілі тое ж самае.
- Калі адзін экспэрымэнтатар быў «вучнем» і патрабаваў спыніць экспэрымэнт, а другі экспэрымэнтатар патрабаваў працягваць — 100 % спынялі.
Высновы
рэдагавацьНа думку Мілгрэма, атрыманыя дадзеныя сьведчаць пра наяўнасьць цікавага фэномэну: «гэтае дасьледаваньне паказала надзвычай моцна выражаную гатоўнасьць нармальных дарослых людзей ісьці невядома як далёка, кіруючыся ўказаньням аўтарытэта».
Глядзіце таксама
рэдагаваць
|
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Milgram, Stanley Behavioral Study of Obedience // Journal of Abnormal and Social Psychology. — 1963. — № 67.
Літаратура
рэдагаваць- Blass, Thomas. (2004), The Man Who Shocked the World: The Life and Legacy of Stanley Milgram. Basic Books (ISBN 0-7382-0399-8).
- Levine, Robert V. «Milgram’s Progress». American Scientist. July-August, 2004.
- Book review of «The Man Who Shocked the World: The Life and Legacy of Stanley Milgram». Thomas Blass. xxiv + 360 pp. Basic Books, 2004.
- Miller, Arthur G., (1986). «The obedience experiments: A case study of controversy in social science». New York : Praeger.
- Parker, Ian, «Obedience». Granta. Issue 71, Autumn 2000.
- Includes an interview with one of Milgram’s volunteers, and discusses modern interest in, and scepticism about, the experiment.
- Tarnow, Eugen, «Towards the Zero Accident Goal: Assisting the First Officer Monitor and Challenge Captain Errors». Journal of Aviation/Aerospace Education and Research, 10(1).
- Wu, William, Practical Psychology: Compliance: The Milgram Experiment.
- Behavioral Study of Obedience (анг.) — часопісны артыкул Мілгрэма, які апісвае экспэрымэнт. Journal of Abnormal and Social Psychology, 1963, Vol. 67, No. 4, 371—378
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЭкспэрымэнт Мілгрэма — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Асабістыя ўражаньні аднаго з падыспытных, што ўдзельнічаў у экспэрымэнце (анг.).
- Вынікі й абмеркаваньні экспэрымэнту (анг.).
- Documentary filming of the Obedience experiment — дакумэнтальны фільм пра экспэрымэнт (анг.).
- Ф. Зымбарда. When Good People Do Evil.
- People 'still willing to torture (анг.).
- The Milgram Re-enactment. Дакладны рэмэйк адной з часткаў экспэрымэнту
- П. Бэйкер. Знакамітыя экспэрымэнты Стэнлі Мілгрэма ўвялі ў зман ня толькі падыспытных, часопіс «Pacific Standard»(en)