Эканоміка Грэцыі зьяўляецца 44-й па велічыні ў сьвеце з намінальным валавым унутраным прадуктам (ВУП) у $238 мільярдаў за год. Апроч таго, яна займае 53-е месца ў сьвеце паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці з $286 мільярдаў за год. На 2015 год, Грэцыя зьяўляецца 15-й эканомікай з 28-мі краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Дзяржава займае 38-е і 44-е месцы ў сьвеце з $18,064 і $26,449 па намінальным ВУП на душу насельніцтва і па парытэце пакупніцкай здольнасьці на душу насельніцтва адпаведна.

Грэцыя лічыцца разьвітой краінай з эканомікай, заснаванай на сфэры паслуг (82,8%) і прамысловасьці (13,3%). У 2015 годзе сельскагаспадарчы сэктар склаў 3,9% ад агульнага аб’ёму вытворчасьці. Важнымі галінамі прамысловасьці зьяўляюцца турызм і суднаходзтва. З 18 мільёнамі турыстаў у 2013 годзе па наведвальнасьці Грэцыя заняла сёмае месца ў Эўразьвязе і 16-е месца ў сьвеце. Гандлёвы флёт Грэцыі зьяўляецца самым буйным у сьвеце з 15% сусьветнага дэдвэйту па стане на 2013 год. Павелічэньне попыту на міжнародныя марскія перавозкі паміж Грэцыяй і Азіяй прывяло да беспрэцэдэнтных інвэстыцыяў у суднабудаўнічую прамысловасьць.

Краіна таксама зьяўляецца важным вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі ў рамках Эўразьвязу. Грэцыя мае найбуйнейшую эканоміку на Балканскім паўвостраве і зьяўляецца галоўным рэгіянальным інвэстарам. Яна лічыцца важным гандлёвым партнэрам Альбаніі, Баўгарыі, Румыніі, Сэрбіі і Паўночнай Македоніі. Грэцкая тэлекамунікацыйная кампанія «OTE» стала важным гандлёвым партнэрам у былой Югаславіі і іншых балканскіх краінах.

Грэцыя адна з краінаў-заснавальніц арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцця (АЭСР) і арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЧЭС). Краіна далучылася да арганізацыі, якая сёньня ператварылася ў Эўразьвяз, у 1981 годзе, а ў 2001 годзе прыняла эўра ў якасьці нацыянальнай валюты, замяніўшы грэцкую драхму па курсе 340,75 драхмаў за эўра. Апроч таго, Грэцыя зьяўляецца сябрам Міжнароднага валютнага фонду і Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Другая сусьветная вайна (1939—1945) спустошыла эканоміку краіны, але высокі ўзровень эканамічнага росту з 1950 па 1980 гады быў названы «грэцкім эканамічным цудам». З 2000 году Грэцыя перажывала высокія тэмпы росту ВУП, якія перавышалі сярэдні ўзровень у Эўразоне і дасягнулі свайго піку на ўзроўні 5,8% у 2003 годзе і 5,7% у 2006 годзе. Пасьля наступнай Вялікай рэцэсіі і даўгавога крызісу ў Грэцыі, які знаходзіўся ў цэнтры ўвагі ў рамках Эўрапейскага даўгавога крызісу, эканоміка пайшла на спад, а тэмпы росту рэальнага ВУП складалі −0,3% у 2008 годзе, −4,3% у 2009 годзе, −5,5% у 2010 годзе, −9,1% у 2011 годзе, −7,3% у 2012 годзе і −3,2% у 2013 годзе. У 2011 годзе дзяржаўны доўг краіны дасягнуў €356 мільярдаў (172% ад намінальнага ВУП). Пасьля перамоваў аб найбуйнейшай рэструктурызацыі доўгу ў гісторыі з прыватным сэктарам Грэцыя зьнізіла пазыковую нагрузку да €280 мільярдаў (137% ад ВУП), а таксама дасягнула росту рэальнага ВУП на 0,7% у 2014 годзе пасьля шасьці гадоў рэцэсіі, але ў 2015 годзе эканоміка краіны зноў пайшла на спад.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Эканоміка Грэцыісховішча мультымэдыйных матэрыялаў