Шаблён:Цяперашні абраны артыкул/2014-04
Польскае таварыства «Асьвета» ў Менску (па-польску: Polskie Towarzystwo „Oświata” w Mińsku) — грамадзкая арганізацыя, якая была заснавана ў 1905 годзе і дзейнічала ў Менску і на тэрыторыі Менскай губэрні Расейскай імпэрыі. Да 1907 году таварыства дзейнічала ў кансьпірацыі, у 1907—1909 гадах — легальна, пазьней — зноў у кансьпірацыі (верагодна, аж да 1917 году). Вызначальная роля ў стварэньні і фінансаваньні таварыства належала сябрам самай уплывовай у канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзя грамадзкай арганізацыі Менскай губэрні — Менскаму таварыству сельскай гаспадаркі, якое згрупоўвала ў сваіх шэрагах, галоўным чынам, прадстаўнікоў карэннага каталіцкага і польскамоўнага дваранства губэрні. У дзейнасьці і разьвіцьці таварыства значную ролю адыгрывалі і жанчыны, што былі блізкімі сваячкамі сябрам МТСГ.
Задачай «Асьветы» было выхаваньне жыхароў Менскай губэрні (асабліва дзяцей) у духу «польскасьці» — галоўным чынам праз арганізацыю і падтрымку прыватнай польскамоўнай і рэлігійнай (каталіцкай) адукацыі. Таварыства ўхілялася ад палітызацыі сваёй дзейнасьці, афіцыйна дэкляруючы толькі асьветніцка-культурныя мэты, але само распаўсюджаньне польскай мовы і падтрымка каталіцызму выклікалі нэгатыўную рэакцыю і перасьлед з боку афіцыйнай расейскай улады, бо ўваходзілі ў супярэчаньне зь неафіцыйнай (пасьля ўвядзеньня ў 1905 годзе законаў аб верацярпімасьці і свабоды друку на роднай мове) палітыкай ураду па русіфікацыі Заходняга краю Расейскай імпэрыі. Гэта стала галоўнай нагодай самаскасаваньня таварыства ў 1909 годзе і пераходу яго на нелегальныя ўмовы работы.
(артыкул цалкам…)