Чэскі масіў
Чэскі масіў (Багемскі масіў; па-чэску: Český masiv) — горны масіў у цэнтральнай частцы Чэхіі і ў сумежных раёнах Германіі, Польшчы і Аўстрыі.
Геаграфія
рэдагавацьМасіў працягваецца з захаду на ўсход і мае ромбападобную форму. Працягласьць яго складае каля 500 км, шырыня — да 300 км. Вышэйшая кропка — гара Сьнежка (1603 м).
Уяўляе сабой выступ старажытнага фундамэнту герцынскай складкавай вобласьці. Складзены з гнейсаў, пігматытаў, крышталічных сланцаў і гранулітаў пратэразою, сланцаў, кварцытаў і пясчанікаў палеазою, перакрыты асадкавым чахлом зь мелавых і кайназойскіх парод. У выніку неаген-антрапагенавых тэктанічных рухаў масіў быў расколаты разломамі і скідамі, па якіх выліваліся вульканічныя лавы. 3 тэктанічным прагінам на паўночным усходзе зьвязаны Верхнесілескі — Астраўска-Карвінскі каменнавугальны басэйн.
Цэнтральная частка (вышыня 300—600 м) — узгорыстая раўніна з асобнымі ўздымамі. Па ўскраінах Чэскага масіву ўзвышаюцца сярэдняй вышыні хрыбты: Шумава на паўднёвым захадзе, Рудныя горы на паўночным захадзе, Судэты на паўночным усходзе. У паўднёва-ўсходняй частцы масіву месьціцца Чэска-Мараўскае ўзвышша.
На раўніне значная частка тэрыторыі апрацавана. У гарах да вышыні 1200—1400 м мяшаныя і хвойныя лясы. Вышэй — субальпійскія лугі і хмызьнякі.
Часта сустракаюцца мінэральныя крыніцы. Тут разьмяшчаюцца курорты, у тым ліку Карлавы Вары. Разьвіваецца турызм.
Літаратура
рэдагаваць- Чэскі масіў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 17: Хвінявічы — Шчытні. — 512 с. — ISBN 985-11-0279-2