Чцібар
Чцібар (Цідэбур, Сьцібар, Зьдзебар; X стагодзьдзе) — польскі князь і вайсковы дзеяч, прадстаўнік дынастыі Пястаў. Магчымы заснавальнік роду Астояў.
Czcibor | |
Арол Пястаў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | X стагодзьдзе |
Памёр | не раней за 24 чэрвеня 972 |
Род | Пясты |
Бацькі | Семамысл NN, сэрбалужыцкая княжна |
Дзеці | Стаігнеў? |
Рэлігія | паганства, ад 966 хрысьціянства (каталіцтва) |
Паходжаньне
рэдагавацьБыў сынам князя палянаў Семамысла з роду Пястаў й братам першага гістарычна вядомага князя Польшчы Мешка I, а таксама яшчэ адно князя, невядомага зь імя. Імя Чцібар некаторыя з дасьледчыкаў (Станіслаў Кентшынскі і іншыя) выводзяць зь сэрбалужыцкіх абшараў, такім чынам яго маці магла паходзіць з гэтых земляў.
Дзейнасьць
рэдагавацьВерагодна, быў ахрышчаны паводле рымскага абраду разам ці неўзабаве пасьля брата Мешкі (прыкладна 14 красавіка 966). 24 чэрвеня 972 у бітве пад Цэдыняй разьбіў нямецкія войскі на чале з маркграфам Лужыцкае Маркі Годанам і графам Зыгфрыдам фон Вальбэкам, якія ўварваліся ў Польшчу. Знаходжаньне Чцібара ў гэтым рэгіёне дазваляе меркаваць, што ён быў намесьнікам Мешкі ў Памор’і. Верагодна, ён ці хтосьці зь яго сыноў быў 25 траўня 992 удзельнікам падзелу ўладаньняў Мешкі І.
Нашчадкі
рэдагавацьНекаторыя дасьледчыкі лічаць яго бацькам Стаігнева, пасла Баляслава Харобрага й адначасова заснавальнікам роду Астояў.
Ушанаваьне памяці
рэдагавацьЧцібар — першы вядомы польскі пераможца ў змаганьні зь немцамі. З гэтае прычыны ён стаў пэрсанажам шматлікіх твораў: аповясьцяў «Любоне» Юзафа Ігнацыя Крашэўскага, «Скарб дзікаў» Караля Бунша, «Dagome iudex» Зьбігнева Нянацкага ды фільму «Гняздо» Яна Рыбкоўскага.
У гонар Чцібара названыя:
- вучнёўскі спартовы клюб «Чцібар Цэдыня» (ад 26 траўня 1946);
- Гара Чцібара — марэнавы нанос вышынёй 54,5 м над паверхняй мора. Тут 24 чэрвеня 1972 быў усталяваны помнік Польскае перамогі над Одрай аўтарства Чэслава Ўронкі й Станіслава Біжка;
- пачатковая школа ў Дольным Любяхове (1964—2000), тут жа памятная шыльда;
- Гурток імя Чцібара Зьвязу змагароў за волю й дэмакратыю, пасьля Зьвязу камбатантаў Польскае Рэспублікі й былых палітычных вязьняў;
- хуткі цягнік маршруту Ўроцлаў-Шчэцін (1997—2003);
- пасёлак Чцібара ў Шчэціне (ад 2006);
- вуліцы ў паселішчах Хойна, Лобэз, Лодзь, Мяшкавіцэ, Шчэцін.