Хрыстос прызямліўся ў Гародні

«Хрысто́с прызямлі́ўся ў Гаро́дні» — раман Уладзімера Караткевіча. Раман складзены з 62 разьдзелаў і быў надрукаваны ўпершыню па-расейску ў 1966, па-беларуску — у 1972.

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Жанр: Раман
Аўтар: Уладзімер Караткевіч
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1972
Публікацыя: 1972
Выдавецтва: Мастацкая літаратура

Раман прысьвечаны падзеям беларускай гісторыі XVI стагодзьдзя. Яму папярэднічаў кінасцэнар «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», які быў скончаны 31 сакавіка 1965 году. Да напісаньня рамана Караткевіча заахвоціла зьмешчаная ў «Хроніцы Белай Русі» Мацея Стрыйкоўскага згадка пра зьяўленьне на Гарадзеншчыне пры каралю Жыгімонце І самазванца, што «сабе прыпісаў і прыўлашчыў» Хрыстова імя, «шалбера па імю Якуб Мялшцінскі». Гэта раман-прытча, філязофскі роздум аб прызначэньні чалавека.

Як вынікае з эпіграфа, запісу з «Хронікі…» Стрыйкоўскага, падзеі, што апісваюцца ў рамане, павінны адбывацца на пачатку XVI ст., у гады праўленьня Жыгімонта I Старога (1506—1548). Многія ж факты, прыведзеныя ў творы, сьведчаць, што дзеяньне адбываецца ў 20-30-я гг. XVI ст.: згадваецца Бона Сфорца, адзін з герояў раману кардынал Лотр гаворыць пра выдадзеную Францішкам Скарынам Біблію й пра тое, што «вось трыццацёх год не мінула, як Калумб адкрыў Індыю» і інш.

Гэта раман пра лёс прадстаўнікоў самых розных клясаў і праслоек. Пераважная большасьць герояў народжаны фантазіяй пісьменьніка. Выключэньне складае Каспар Бекеш (1520—1579), беларускі мысьляр-антытрынітарый. У цэнтры — вобраз Хрыста — Юрася Братчыка, які зьвязвае ў адно цэлае ўсе сюжэтна-кампазыцыйныя лініі твору й вакол якога разгортваецца асноўнае дзеяньне.

Рукапіс раману невядомы. Машынапіс раману захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кнігаў і рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР, ф. 11, воп. 1, адз. зах. 41-47, зь пералікам у пачатку твора герояў і іх характарыстыкамі, што адсутнічае ў кніжных выданьнях раману, а таксама з адзнакай у канцы: 7 красавіка 1965 г. — 29 красавіка 1966 г. Чалябінск — Рагачоў. Упершыню выйшаў на беларускай мове ў 1972 годзе (Менск, «Мастацкая літаратура»), увайшоў у склад другога тому «Выбраных твораў» Уладзімера Караткевіча (Мн.: Маст. літ., 1980). У «Зборы твораў» друкаваўся паводле асобнага кніжнага выданьня 1972 году.

Выходзіў у аўтарызаваным перакладзе Навума Кісьліка на расейскай мове («Нёман», 1966, № 11-12). Выдадзены ў перакладзе Вацлава Жыдліцкага на чэскай мове (Прага, 1979), на польскай у перакладзе Малгажата Бухаліка (2012)[1]. На кінастудыі «Беларусьфільм» створаны ў 1967 паводле матываў раману аднайменны фільм.

Літаратура

рэдагаваць
  • Караткевіч У. Збор твораў у 8 т. Т 6. [Тэкст]/ У. Караткевіч.— Мн.:Маст. Літ., 1990. — 492, [1] с., 4л. Ил. — Кам.: с. 491—493.