Францішак Бялінскі (1683—1766)

Франці́шак Бялі́нскі (па-польску: Franciszek Bieliński; 1683 - 8 кастрычніка 1766, Варшава) — маршалак вялікі каронны, ваявода холмінскі. З шляхецкага роду Бялінскіх гербу Юноша, сын Казімежа Людвіка Бялінскага.

Староста мальбарскі, ад 1713 староста чэрскі (да 1726) і гарвалінскі (да 1757), чашнік каронны, падскарбі прускіх земляў (да 1738) і староста бродніцкі (да 1750), ад 1715 староста груецкі, ад 1717 асецкі (да 1757), у 1720 атрымаў 2 вёскі ў асецкім старостве, ад 1725 ваявода холмінскі, ад 1726 дзяржаўца розэмбэрскі й межашынскі, у 1730 перадаў юрбарскае староства Чартарыйскім, ад 1730 староста мірахоўскі (да 1745) і кавалеўскі, ад 1732 маршалак надворны каронны, ад 1742 маршалак вялікі каронны. У 1733 разам з братам Міхалам падпісаў акт варшаўскае генэральнае канфэдэрацыі. Апроч таго староста ляўтэнбэрскі да 1730, пільзьненскі 1744, рагатынскі ад 1759, дзяржаўца старагродзкі ад 1734 і стромэцкі ад 1735. Кавалер ордэна Белага Арла (1730). Знакаміты тым, што спрычыніўся да ўпарадкаваньня Варшавы.

У 1730 ажаніўся з Даротай Гэнрыетай з Пшэбэндоўскіх, падскарбянкай вялікай кароннай, удавой Яна Мікалая Радзівіла, новагародзкага ваяводы. Дзяцей ня меў.

Грамадзкая дзейнасьць

рэдагаваць

Дбаў пра парадак у Варшаве й сувора караў за парушэньне пакою караля. Таксама знакаміты разбудовай і ўпарадкаваньнем сталіцы. У 1742 узначаліў Брукавую камісію, у выніку чаго да 1762 бальшыня вуліцаў гораду была брукаванай. У 1757 заснаваў у Варшаве юрыдуку Бяліна. У гонар яго ў Варшаве ў 1770 названая Маршалкаўская вуліца.

5 лютага 1752 выдаў прывілей для Острува Вялікапольскага, згодна зь якім была створаная першая ў Польшчы пажарная брыгада. Дамогся ў 1750-я для чэрскае й ліўскае шляхты права вырашаць маёмасныя справы не ўкасьцёльных судох, чым пасьля скарысталіся шляхцічы зь іншых ваяводзтваў.