Фэрдынанд II (кароль Арагону)

(Перанакіравана з «Фердынант II (кароль Арагона)»)

Фэрдынанд ІІ «Каталіцкі» (па-гішпанску: Fernando II de Aragón y V de Castilla «el Católico», па-каталянску: Ferran II d'Aragó «el Catòlic», па-арагонску: Ferrando II d'Aragón «lo Catolico»; 10 сакавіка 1452 — 23 студзеня 1516) — быў каралём Арагоніі (1479—1516), Сыцыліі (1468—1516), Нэапалю (1504—1516), Вaленсіі, Сардыніі ды Навары, графам Барсэлёнскім, праз сваю жонку дэ-юрэ каралём Кастыліі (1474—1504), рэгентам і сапраўдным гаспадаром гэтай краіны з 1508 году да сваёй сьмерці ў імя сваёй псыхічна неўраўнаважанае дачкі Хуаны Вар’яткі.

Фэрдынанд II

Біяграфія

рэдагаваць

Фэрдынанд быў сынам Яна ІІ Арагонскага (чыя сям’я была малодшай лініяй дынастыі Трастамара) ад яго другое жонкі, кастыльскай шляхцянкі Хуаны Энрыкес. 19 кастрычніка 1469 году ў Вальядалідзе ён пабраўся шлюбам з Інфантай Ізабэлай, зводнай сястрой і спадкаемцай Генрыка IV, караля Кастыліі. Такім чынам ён стаў «jure uxoris» каралём Кастыліі, калі Ізабэла стала каралевай Кастыліі па сьмерці яе брата ў 1474 годзе. Ізабэла таксама належала да каралеўскае дынастыі Трастамара. Маладыя манархі спачатку былі прымушаны весьці грамадзянскую вайну супраць прынцэсы Хуаны, прызнанае, але па-зашлюбнае дачкі Генрыка IV. Калі Фэрдынанд узыйшоў на трон Арагона, па сьмерці свайго бацькі ў 1479 годзе, Карона Кастыліі й разнастайныя тэрыторыі Кароны Арагона аб'ядналіся ў пэрсанальнае вуніі, утварыўшы адзіную, упершыню з VIII стагодзьдзя, тэрытарыяльна-палітычную адзінку, якую можна назваць Гішпаніяй, нягледзячы на тое, што розныя тэрыторыі ня мелі адзінае нацыянальнае адміністрацыі да ХVІІІ стагодзьдзя.

Першае дзесяцігодзьдзе сумеснага панаваньня Фэрдынанда й Ізабэлы было занята захопам каралеўства Гранада – апошняга мусульманскага анклава на Іберыйскае паўвыспе, які завяршыўся ў 1492 годзе. У той жа самы год быў выданы Альгамбрскі дыкрэт, які выганяў габрэяў як з Кастыліі, так і з Арагону. Таксама ў гэты год каралеўская пара выправіла Хрыстафора Калюмба ў яго экспэдыцыю ў Новы сьвет. Па дамове заключанай у Тардэсіяс у 1494 годзе, па-за эўрапейскі сьвет быў падзелены паміж каронамі Партугаліі й Кастыліі па паўночна-паўднёвае лініі, якая ішла праз Атлянтычны акіян.

Пазьнейшая частка жыцьця Фэрдынанда была па большасьці занята барацьбой з каралямі Францыі за кантроль над Італіяй падчас, так званых, Італьянскіх войнаў. У 1494 годзе, Карл VІІІ, кароль Францыі, ўварваўся ў Італію й выгнаў Альфонса ІІ (які быў стрыечным братам Фэрдынанда й прыёмным сынам Фэрдынандавай сястры) з трона Нэапаля. Фэрдынанд уступіў у хаўрус з некаторымі італьянскімі гаспадарамі й з імпэратарам Максыміліянам І і пасьпяхова выбіў французаў у 1496 годзе, пасадзіўшы на нэапалітанскі трон Фэрдынанда ІІ, сына караля Альфонса. У 1501 годзе, пасьля сьмерці Фэрдынанда Нэапалітанскага й уступленьня на трон ягонага дзядзькі Фрэдэрыка, Фэрдынанд Арагонскі падпісаў пагадненьне з наступнікам Карла VІІІ, Людовікам ХІІ, які толькі што пасьпяхова адстаяў свае прэтэнзіі на Міланскае герцагства, аб падзеле Нэапалітанскіх уладаньняў. Паводле гэтага дакуманта Кампанія й Абруццы, якая уключае ў сябе сам Нэапаль, мусілі адысьці да французаў, у той час калі Апулія й Калябрыя мусілі застацца за Фэрдынандам. Неўзабаве дамова развалілася на часткі, і на працягу некалькіх наступных гадоў найлепшы генэрал Фэрдынанда, Ганзала Фернандэс де Кордаба, вёў вайну супраць французаў, захапіўшы Нэапаль у 1504 годзе. Яшчэ адзін менш знакаміты «захоп» адбыўся ў 1503 годзе, калі Андрэас Палеолаг, дэ-юрэ імпэратар Усходняе Рымскае імпэрыі зрабіў сваімі спадкаемцамі Фэрдынанда ды Ізабэлу. Такім чынам Фэрдынанд стаў дэ-юрэ ўсходнерымскім імпэратарам.

Па сьмерці Ізабэлы

рэдагаваць

Па сьмерці Ізабэлы яе каралеўства перайшло да ейнае дачкі Хуаны. Фэрдынанд кіраваў краінай у якасьці рэгента ў час яе знаходжаньня ў Нідэрляндах, якімі правіў ейны муж эрцгерцаг Філіп. Фэрдынанд паспрабаваў заставіць рэгенцтва за сабой, але, сутыкнуўшыся з апазыцыяй кастыльскага шляхецтва, мусіў саступіць на карысьць мужа Хуаны, які такім чынам стаў каралём Філіпам І Кастыльскім. Па сьмерці Філіпа ў 1506 годзе Фэрдынанд вярнуўся да рэгенцтва з прычыны псыхічнага нездароўя Хуаны й непаўналецьця ейнага сыну, Карла Генцкага, які меў толькі 6 гадоў веку, і кіраваў праз Франсіско кардынала Хіменэс дэ Сыснэрас, канцлера каралеўства.

Фэрдынанд не пагаджаўся з палітыкай, якую праводзіў Філіп. У 1505 годзе Фэрдынанд ізноў ажаніўся на Жэрмэн дэ Фуа, пра-праўнучке ягонае зводнае сястры, каралевы Элеяноры Наварскае, спадзяючыся мець дзіця мужчынскае плоці, каб, такім чыман, разьяднаць Кастылію ды Арагон, і адмовіць Філіпу ў будучай магчымасьці караляваньня ў Арагоне, а таксама закласьці падмурак прэтэнзіяў на землі наварскае кароны.

У 1508 годзе ў Італіі йзноў выбухнула вайна - гэтым разам з Вэнэцыяй, супраць якой аб'ядналіся усе дзяржавы паўвыспы, разам зь Людовікам XII, Фэрдынандам, Максімілянам І ды Папам Юліям ІІ, ў так званай Лізе Камбрэ. Нягледзячы на тое, што французы здолелі атрымаць перамогу над вэнэцыянцамі ў бітве пры Аньядэлла, Ліга неўзабаве развалілася з-за падозраньняў якія мелі Папа й Фэрдынанд наконт намераў французаў. У гэтых варунках была сфармаваная Сьвятая Ліга, у якую таксама увайшлі ўсе дзяржавы, але гэтым часам яна была скіраваная супраць Францыі.

У лістападзе 1511 году Фэрдынанд і ягоны зяць, Генрых VIII, кароль Ангельшчыны, падпісалі Ўэстмінстэрскую дамову, паводле якой абодвы бакі мелі быць хаўрусьнікамі ў вайне супраць Францыі. У той жа самы год Фэрдынанд захапіў ды анэксаваў паўднёвую частку каралеўства Навара, каралі якой адначасова зьяўляліся францускімі арыстакратамі. У асноўным Сьвятая Ліга дамаглася посьпехаў і ў Італіі. Французы былі выгнаны зь Мілана, які йзноў перайшоў да герцагаў з роду Сфорца паводле мірнае дамовы 1513 года. Аднак праз два гады францускія войскі ізноў увайшлі ў Мілан.

Фэрдынанд памёр у 1516 годзе ў мястэчку Мадрыгалеха, Карсэрэс, Экстрэмадура, Гішпанія.

Спадчына

рэдагаваць

Фэрдынанд меў славу вельмі прадбачлівага й бязьлітаснага палітыка. Адным зь першых ён зразумеў моц і патанцыял аб’яднанай Гішпаніі, над узмацненьнем якой, ён разам са сваёй жонкай, Ізбэлай Кастыльскай, безупынна працаваў. Спрабуючы стала ўсталяваць дамінаваньне Гішпаніі ў Італіі, Фэрдынанд і Ізабэлла, вялі актыўную дынастычную палітыку, каб акружыць свайго самага магутнага й упартага праціўніка, Францыю, ланцугом хаўрусьнікаў. Так былі аддадзеныя замуж Хуана, будучая каралева Кастыліі, якая стала жонкай герцага Фляндрыі Філіпа й маткай будучага імпэратара Карла V Вялікага, і Катарына Арагонская, якая стала жонкай, спачатку Артура, герцага Ўэйлскага, а пасьля яго малодшага брата Генрыха VIII, і маткай каралевы Марыі I, якая дастала мянушку «крывавае Мэры» за сваю рэпрэсыўную рэлігійную палітыку. Фэрдынанд добра разумеў патрэбы сваёй краіны. І калі яго спадкаемца, Карл V, уступіў на трон, Гішпанія й яе ўладаньні сталі падмуркам і самай каштоўнай часткай ўсіх яго зямель і гаспадарстваў.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Фэрдынанд II (кароль Арагону)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў