Фабрыкі ў даліне Дэрвэнту
Каардынаты: 53°1′44″ пн. ш. 1°29′17″ з. д. / 53.02889° пн. ш. 1.48806° з. д.
Фабрыкі ў даліне ракі Дэрвэнт — прамысловы ляндшафт, сфармаваны тэкстыльнымі фабрыкамі XVIII і XIX стагодзьдзяў і жылымі памяшканьнямі, што адлюстроўвае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё рэгіёну[1].
Фабрыкі ў даліне Дэрвэнту | |
---|---|
Derwent Valley Mills* | |
Сусьветная спадчына ЮНЭСКО | |
Фабрыка ў Кромфардзе (Дэрбішыр) | |
Краіна | Вялікабрытанія |
Тып | культурны |
Крытэры | ii, iv |
Спасылка | 1030 |
Рэгіён** | Эўропа і Паўночная Амэрыка |
Гісторыя ўключэньня | |
Уключэньне | 2001 (25 сэсія) |
* Назва ў афіцыйным сьпісе па-ангельску ** Рэгіён паводле клясыфікацыі ЮНЭСКО |
З 2001 року фабрыкі ў даліне Дэрвэнту зьяўляюцца аб’ектам сьпісу Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО ў Вялікабрытаніі[1].
Апісаньне
рэдагавацьФабрыка ў Кромфардзе
рэдагавацьФабрыка ў Кромфардзе зьяўляецца першай фабрыкай, пабудаванай па сыстэме Рычарда Аркрайта ў 1772—1775 роках, якая дала аснову цэлай індустрыі. Будаўніцтва фабрыкі было падобна да экспэрымэнту: шэраг зьвязаных міжсобку будынкаў, выцягнутых уздоўж абрыву; выкарыстаньне моцы вады зь невялікай крынічкі Бонсал-Брук і сажалкі Кромфард[2]. Аркрайт, якому былі неабходныя маладыя дужыя працаўнікі, быў вымушаны будаваць хаты для іх і іхніх бацькоў, бо шчыльнасьць насельніцтва была невялікай. Ідэя была паўторна выкарыстаная для будаўніцтва другой фабрыкі ў Кромфардзе ў 1776—1777 роках. Такім чынам, была сфармаваная канцэпцыя індустрыяльнай суполкі, якая пасьля шматкроць паўтаралася ў іншых пасяленьнях даліны[3].
Па сканчэньні буму тэкстыльнай прамысловасьці фабрыкі неаднаразова прадаваліся, падзяляліся між рознымі ўладальнікамі. Невялікая частка абсталяваньня была перададзеная ў Музэй навукі ў Лёндане. У пачатку XX стагодзьдзя на фабрыках разьмяшчаліся фарбавальныя вытворчасьці і пральня. У гістарычным будынку былі ўсталяваныя ліфты, новыя вокны і дзьверы. Пажары 1929 і 1961 рокаў зьнішчылі большую частку фабрыкі[4].
Фабрычны комплекс у Кромфардзе ўлучае два асноўныя будынкі з прыбудовамі, жылыя пабудовы, масты, аквэдук, будынкі кіраваньня фабрыкай і іншыя разнастайныя пабудовы (агулам блізу 20)[2]. У рамках аб’екта сусьветнай спадчыны знаходзіцца таксама 10,5 км каналу Кромфард. Канал працягласьцю 23,3 км злучае Кромфард з каналам Эрэўош (па-ангельску: Erewash) і быў пабудаваны ў пачатку 1790-х рокаў. Канал аказаў істотны ўплыў на эканамічны рост Дэрбішыру, зьяўляючыся ўсутыч да 1830-х рокаў асноўнай дарогай да Манчэстэру[5].
-
Канал Кромфард
-
Шлюз для кантролю вады
-
Адзін з будынкаў фабрыкі
Фабрыка ў Мэсане
рэдагавацьФабрыка Мэсана была пабудаваная ў 1783 року на рацэ Дэрвэнт, што дазволіла ёй ад пачатку мець нашмат большую магутнасьць, чым фабрыка ў Кромфардзе. Архітэктура будынку, хоць і была выкананая па аналёгіі з кромфардзкай фабрыкай, адлюстравала павевы свайго часу. Дадатковыя лесьвіцы і дапаможныя памяшканьні дазволілі разгрузіць асноўны вытворчы цэх[6].
Першапачатковы пяціпавярховы будынак быў 43,8 мэтры даўжынёй і 8,4 мэтры вышынёй. Тры выступаючыя цэнтральныя пралёты былі дэкараваныя, мелі вэнэцыянскія вокны і купал. Да 1801 року фабрыка працавала за кошт аднаго вадзянога млыну, пасьля чаго быў дададзены яшчэ адзін. Меркавана ў гэты самы час будынак стаў шасьціпавярховым. Гэтая сыстэма, з невялікімі зьмяненьнямі, пратрымалася да ўводу турбіны ў 1928 року. Будынак некалькі разоў быў дабудаваны і перабудаваны, апошнія зьмяненьні былі зробленыя ў 1998 року. У цяперашні час у ім разьмяшчаецца музэй і сувэнірныя крамы[6].
Фабрыка ў абацтве Дарлі
рэдагавацьЯшчэ адным вядомым будаўніком тэкстыльных фабрык зьяўляецца Томас Эванс і ягоны брат вялебны Эдмунд Эванс, якія пачалі скупляць землі ў 1770-я. Першая фабрыка ў абацтве не захавалася, яна згарэла ў 1788 року. Паколькі яна была застрахаваная, на яе месцы неадкладна пачалося будаўніцтва новай фабрыкі. У пэрыяд з 1796 па 1805 рокі фабрыка была значна пашыраная, узьведзеныя новыя будынкі[7].
У цяперашні час у збудаваньнях фабрыкі разьмешчана некалькі невялікіх кампаніяў. Агульная колькасьць будынкаў, пабудаваных між 1782 і 1846 рокамі, — каля пяці[7].
Іншыя пабудовы
рэдагавацьАкрамя вышэйпералічанага, пад аховай знаходзяцца тэкстыльная фабрыка Бэлпер (па-ангельску: Belper), Мілфард (па-ангельску: Milford), фабрыка Сьмідлі (па-ангельску: Smedley’s Mill), фабрыка Пэкўош (па-ангельску: Peckwash Mill) і Шаўковая фабрыка (па-ангельску: The Silk Mill) — першая фабрыка па вытворчасьці шоўку[3].
Крыніцы і заўвагі
рэдагаваць- ^ а б Derwent Valley Mills (анг.). ЮНЭСКО. Праверана 2010-05-07 г.
- ^ а б History: Key Site: Cromford Mill Complex (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
- ^ а б History: Key Site: Introduction (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
- ^ History: Key Site: Cromford Mill (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
- ^ History: Key Site: The Cromford Canal (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
- ^ а б History: Key Site: Masson Mill (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
- ^ а б History: Key Site: Darley Abbey Mills (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйная бачына (анг.). Derwent Valley Mills. Праверана 2010-05-07 г.