Гэндальф

пэрсанаж легендарыюму Толкіна
(Перанакіравана з «Гэндальф Сівы»)

Гэ́ндальф — адзін з цэнтральных пэрсанажаў легендарыюму Джона Р. Р. Толкіна, у прыватнасьці, аповесьці «Хобіт, або Туды і назад» і раману «Ўладар Пярсьцёнкаў».

Ен Макелен, выканаўца ролі Гэндальфа ў экранізацыі «Ўладара пярсьцёнкаў», 2003

Гісторыя стварэньня і магчымыя прататыпы

рэдагаваць

Гэндальф — архетыпічны мудры чараўнік, традыцыйная постаць у знаёмай Дж. Р. Р. Толкіну скандынаўскай і брытанскай міталёгіі. Імя «Гэндальф», ці, дакладней, «Гандальв» запазычана з старажытнанарвэскай Старэйшай Эдды, дзе яно належыць аднаму зь «ніжніх альваў» (гномаў)[1].

У раньніх накідах Толкіна да «Хобіта» Гэндальфам звалі даводцу аддзелу гномаў, і ён быў апісаны як невысокі «стары з кіем»[1]. У канчатковай вэрсіі аповесьці кароль гномаў вядомы як Торын Дубатарч[2], а Гэндальфам аўтар назваў чараўніка, паколькі раней абранае для гэтага пэрсанажу імя Блядарцін здалося яму надта несур’ёзным. Сыграла ролю і расшыфроўка імя: gandr перакладаецца як чароўны кій, alfr — альв (эльф або гном).

Прататыпам для зьнешнасьці Гэндальфа стала швайцарская паштоўка пад назвай «Горны дух», на якой намаляваны стары барадаты мужчына ў шыракаполым капелюшы, што корміць з рукі аленя[3]. Сярод аналягічных міталягічных пэрсанажаў і магчымых прататыпаў адзначаюць скандынаўскага бога Одына, кельцкага Мэрліна і чараўніка Праспэра з шэксьпіраўскай «Буры».

Паводле Паўлы Джыны Мільлер і Рычарда Фосьсі, аўтараў кнігі «Mapping the Catholic cultural landscape» (па-беларуску: Абмалёўваючы мапу каталіцкага культурнага ляндшафту), Гэндальф увасабляе вобраз даравальніка надзеі, і ў ягонай асобе выразна праявіліся хрысьціянскія перакананьні Толкіна[4].

У сваю чаргу, вобраз Гэндальфа зьмяніў архетып і паўплываў на вобразы пазьнейшых пэрсанажаў. Да герояў, створаных пад уплывам Гэндальфа, адносяць Эльмінстэра ў Forgotten Realms, Дамблдара ў сэрыі «Гары Потэр», Зеда ў кнігах цыклю «Меч Ісьціны», Обі-Ван Кенобі ў клясычнай трылёгіі «Зорныя войны» і Жан-Люк Пікара ў эпапеі «Зорны шлях».

Зьяўленьне Гэндальфа ў Міжзем’і

рэдагаваць

Сапраўднае імя Гэндальфа — Алёрын, ён адзін з самых магутных маяр, малодшых анёлападобных духаў[5]. У ліку іншых мудрацоў-істары ён быў абраны саветам Валар для адпраўкі ў Міжзем’е на дапамогу эльфам і людзям і для супрацьстаяньня Саўрону, наваяўленаму Цёмнаму ўладару. Алёрын спачатку адмаўляўся ад цяжкага даручэньня, але неўзабаве саступіў волі Манвэ. У Міжзем’і ён быў вядомы пад мноствам імёнаў, у тым ліку і як Гэндальф Сівы. Захавальнік Нар’і, аднаго з трох эльфійскіх пярсьцёнкаў, даручанага яму Кірданам Карабелам па прыбыцьці ў Міжзем’е.

Гэндальф стаў найбольш вядомы, падарожнічаючы па Міжзем’і і заводзячы знаёмства з рознымі народамі, дапамагаючы ім парадамі. У розных частках сьвету ён атрымаў шмат розных мянушак, якія замянілі яму імя.

«У мяне шмат імёнаў у розных краінах. Мітрандзір сярод эльфаў, Таркун сярод гномаў; у юнацтве на даўно забытым Захадзе я быў Алёрынам, на поўдні — Інканус, на поўначы — Гэндальф, а на ўсходзе я не бываю».

Гэндальф і хобіты

рэдагаваць

Невядома, калі менавіта Гэндальф упершыню зацікавіўся народам хобітаў. Ён любіў іх і да таго ж прадчуваў, што яны ў будучыні выканаюць выключна важную ролю. Праўда, сярод хобітаў Гэндальф быў вядомы перш за ўсё як «маг» і «чараўнік» у самым агульнаўжывальным сэнсе гэтага слова. Так, у кнізе «Хобіт» вуснамі Більба паведамляецца, што ён падараваў Старому Туку чароўныя алмазныя запанкі, якія самі зашпільваліся, але расшпільваліся толькі на загад. Асаблівую вядомасьць яму прынесьлі й цудоўныя фаервэркі, якія ён рабіў напярэдадні Дня сярэдзіны лета на вечарыне ў Старога Тука. Пры гэтым, аднак, варта згадаць і той факт, што менавіта Гэндальф у 2758-59 рр. Трэцяй эпохі (1168-70 гг. паводле летавызначэньня Шыру) прыйшоў на дапамогу хобітам Шыру падчас доўгай зімы і наступнага страшнага голаду.

Удзел Гэндальфа ў Вайне Пярсьцёнка

рэдагаваць

Паход да Эрэбару

рэдагаваць

Гэндальф быў адным з арганізатараў апісанага ў аповесьці «Хобіт» паходу аддзелу гномаў на чале з Торынам Дубатарчам, да якога па яго патрабаваньні далучыўся Більба Торбінс, да гары Эрэбар. Ён браў удзел у пачатку паходу і змагаўся ў бітве Пяці воінстваў супраць гоблінаў і варгаў. Незадоўга да гэтага на заданьне Сарумана ён патаемна пракраўся ў замак Дол-Гулдур, дзе пабачыў палоннага караля гномаў Траіна, які паміраў. Пазнаўшы ў «Нэкраманце», уладальніку замка, Саўрона, які адраджаецца, ён на Белай радзе настаяў на неадкладным наступе і ўзяў удзел у выгнаньні Саўрона з Дол-Гулдура.

Паход у складзе Зьвязу Пярсьцёнка

рэдагаваць
 
Кірт № 19 «G», якім Гэндальф карыстаецца як пэрсанальнай пячаткай.

У чароўным пярсьцёнку, знойдзеным Більбам, Гэндальф угледзеў Пярсьцёнак Усеўладзьдзя. Ён пераканаў Більба разьвітацца зь Пярсьцёнкам і перадаць яго на захаваньне пляменьніку Фрода. Знайшоўшы на Пярсьцёнку характэрныя пісьмёны на Чорным прыслоўі і зьверыўшыся з апісаньнямі ў архівах Гондару, Гэндальф пераканаў Фрода аднесьці Пярсьцёнак у Рывендэл, эльфаў прыстанак. Сам жа ён накіраваўся на сустрэчу з кіраўніком свайго ордэна Саруманам. На сустрэчы высьветлілася, што Саруман сам хацеў завалодаць Пярсьцёнкам і выкарыстоўваць яго дзеля дасягненьня ўлады. Ён таксама ўгаворваў Гэндальфа пайсьці на мір з Саўронам. Калі абураны Гэндальф адмовіўся выдаць Саруману месцазнаходжаньне Пярсьцёнка, Саруман затачыў яго на вяршыні вежы Артханка. Адтуль Гэндальфа выратаваў Гваіхір — правадыр гіганцкіх арлоў Манвэ, пасланы яго сябрам, трэцім істары, Радагастам Карым.

Прыбыўшы на раду ў Долы Яр, Гэндальф распавёў пра здраду Сарумана і пагадзіўся ўзначаліць Зьвяз Пярсьцёнка, аддзел, які павінен аднесьці Пярсьцёнак да жарала вулькану Арадруін, дзе зьнішчыць яго. Гэндальф правёў сваіх спадарожнікаў скрозь лёхі Морыі, дзе аддзел сутыкнуўся з адным з ацалелых дэманаў Мелькора — балрагам. У баі зь ім чараўнік зваліўся з Марыйскага маста ў бездань, і спадарожнікі працягнулі шлях безь яго, вырашыўшы, што Гэндальф загінуў. Ён і загінуў, перамогшы балрага цаной найцяжэйшых ран і апёкаў. Аднак Эру Ілуватар вырашыў вярнуць яго назад, паколькі сваю задачу маг выканаць не пасьпеў.

Зьвяржэньне Сарумана і фінал Вайны Пярсьцёнка

рэдагаваць

Гэндальфу было дадзена права заняць месца Сарумана на чале ордэна і адгэтуль называцца Гэндальфам Белым. Ён далучыўся да вызваленчай барацьбы народа Рохану супраць оркаў Сарумана і прывёў падмацаваньне ў ключавы момант у бітве за Хэльмаву Падзь. Пасьля чаго, сустрэўшыся з Саруманам у Ізенгардзе, выгнаў яго з ордэна Істары і пераламіў ягоны кій.

Адправіўшыся ў Гондарскую крэпасьць Мінас-Тырыт, Гэндальф дапамог намесьніку Дэнатару II арганізаваць абарону места. Пасьля падзеньня і самагубства Дэнатара II Гэндальф фактычна ўзначаліў абарону места. Прыход падмацаваньня з Рохану і войска дунаданаў, прыведзенага Арагорнам, спадчыньнікам Ісільдара, а таксама гібель правадыра варожага войска — Караля-Ведзьмака — дазволілі выйграць бітву ля мескіх муроў. Аднак разумеючы, што галоўнае — гэта зьнішчэньне Пярсьцёнка, Гэндальф разам з Арагорнам на чале невялікага войска рушыў да брамы Мордара, каб адцягуць увагу Цёмнага ўладара на сябе. Пасьля таго, як Фрода і Сэм зь міжвольнай дапамогай Глыкса зьнішчылі Пярсьцёнак, а Саўрон зьнік, Гэндальф каранаваў Арагорна як караля Арнара і Гондара.

Такім чынам, місія, зь якой ордэн Істары быў пасланы ў Міжзем’е, была выканана да канца менавіта намаганьнямі Гэндальфа. 29 верасьня 3021 року т. э. ён разам зь Більбам, Фродам, Галядрыеляй і Эльрандам узышоў у Шэрай гавані на борт карабля Кірдана Карабела і вярнуўся ў Валінор.

Дадатковыя зьвесткі

рэдагаваць
  • У Новай Зэляндыі, дзе адбывалася здымка экранізацыі трылёгіі Толкіна, быў выпушчаны набор манэтаў з выявамі пэрсанажаў «Уладара пярсьцёнкаў», сярод якіх была пяцідзесяціцэнтавая манэта з выявай Гэндальфа[6][7][8].
  • Імя Гэндальф, паводле аўтарскай этымалёгіі, на выдуманай мове вэстран азначае «чалавек з кіем».
  1. ^ а б Greg Harvey. The Origins of Tolkien’s Middle-earth For Dummies. — For Dummies, 2011. — 360 с.
  2. ^ Douglas Anderson. The Annotated Hobbit, «Inside Information», note 9, p. 287.
  3. ^ Manfred Zimmerman, «The Origin of Gandalf»; Josef Madlener, Mythlore 34 (1983)
  4. ^ Paula Jean Miller & Richard Fossey. Mapping the Catholic cultural landscape. — Rowman & Littlefield, 2004. — С. 59—60. — 276 с.
  5. ^ «Сильмариллион», «Валаквэнта», с.30-31.
  6. ^ В Иркутске появились эльфийские доллары (рас.). Regnum (3 лютага 2004). Праверана 2 чэрвеня 2012 г.
  7. ^ 50 цэнтаў з Гэндальфам. KM#136, Новая Зэляндыя (анг.). Numismaster. Праверана 28 жніўня 2012 г. Архіўная копія ад 2012-06-22 г.
  8. ^ Каталог монет — Новая Зеландия, 1 доллар (2003 г.) (рас.). Global coins. Праверана 28 жніўня 2012 г. Архіўная копія ад 2012-06-22 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Гэндальфсховішча мультымэдыйных матэрыялаў