Тырнаўская кніжная школа

Ты́рнаўская літарату́рная шко́ла (па-баўгарску: Търновска книжовна школа) — баўгарская літаратурная школа, якая існавала ў другой палове XIV—XV стагодзьдзях і ўнесла істотны ўклад у сярэдневечную літаратуру.

Помнік Яўфімія Тырнаўкага (заснавальніка Тырнаўскай кніжнай школы)

Яна была часткай Тырнаўскай школы мастацтваў, што выяўляла найвышэйшы ўзровень культуры Другога Баўгарскага царства. Яўфіміева рэформа правапісу і літаратурная школа, прадстаўленая такімі пісьменьнікамі і кніжнікамі як Грыгорый Цамблак і Канстанцін Філёзаф паўплывалі ня толькі на баўгарскую культуру, але і на культуры блізкіх славянскіх дзяржаваў.

Зьяўленьне і разьвіцьцё

рэдагаваць

Асноўнай і галоўнай перадумовай для ўзьнікненьня Тырнаўскай школы было культурнае адраджэньне Баўгарскага царства з другой паловы XIV стагодзьдзя. Гэты рост шмат у чым залежаў ад асабістай зацікаўленасьці цара Іаана-Аляксандра у разьвіцьці літаратуры і мастацтвы. Яго спадчыньнікі, Іаан-Шышман і Іван Срацімір, працягнулі справу свайго бацькі. Да стварэньня Тырнаўскай літаратурнай школы далучыўся і патрыярх Феадосій Тырнаўскі, які выдатна разумеў, што такія школы дазволяць прысьпешыць незалежнасьць баўгарскай царквы, пашырыць і ўзмацніць яе ўплыў сярод праваслаўных краінаў славянскага сьвету.

Заснавальнікам Тырнаўскай літаратурнай школы, з цэнтрам у сталіцы Другога Баўгарскага царства Тырнава, лічыцца патрыярх Яўфімій Тырнаўскі (Баўгарскі). Рэформы правапісу і мовы Яўфімія ўсталявалі правілы, што ўжываліся пасьля ня толькі ў Баўгарыі, але і ў рускіх княствах, у Сербіі, Валахіі і Малдавіі.

Дзейнасьць пісьменьнікаў у Тырнаўскай школе была зьвязана ня толькі са стварэньнем арыгінальных літаратурных твораў, але і зь перакладамі грэцкіх арыгіналаў і стварэньнем зборнікаў.

Асаблівасьці

рэдагаваць

Тырнаўская кніжная школа была цесна зьвязана з разьвітай бізантыйскай літаратурай. У першую чаргу Тырновская школа характарызуецца высокай рэлігійнасьцю яе прадстаўнікоў, у традыцыях праваслаўнай царквы. Большасьць твораў Тырнаўскай кніжнай школы адносіцца да жыційнай літаратуры: Панэгірыкі, жыціі, гімны і іншае. Асноўным заданьнем аўтараў жыціяў было ўслаўленьне адпаведнага сьвятога, пашырэньне і павелічэньня ведаў пра яго культ. Тыповым для большасьці пісьменьнікаў школы (Яўфімій, Грыгорый Цамблак) зьяўляецца наяўнасьць у іх творах абавязковых жанравых цудаў. Іх адносіны да такіх ерэтычных вучэньняў як багамільства, варлаамства, адаміцтва, ерась жыдоўствуючых былі вельмі варожымі і асуджальнымі, што адпавядала пазыцыям Тырнаўскага патрыярхату.

Неаднаразова ў творах прадстаўнікоў Тырнаўскай літаратурнай школы сустракаліся расказы пра мошчы сьвятых. Дагэтуль не існуе адзінай думкі, ці трэба іх разглядаць як пашыраны варыянт жыцьцяў, ці як асобны паўнацэнны жанр. Разам зь сьцьвярджэньнем цудадзейнай сілы сьвятых, аўтары ўсхваляюць правіцеляў і вяльможаў, якія захоўвалі мошчы сьвятых. Менавіта таму ў гэтым тыпе твораў часта прысутнічаюць кароткія, але каштоўныя гістарычныя зьвесткі.

Літаратура

рэдагаваць
  • Данчев Г. Страници из историята на Търновската книжовна школа / Г. Данчев. — София: Наука и изкуство, 1983. — 256 с  (баўг.)
  • Мечев К. Григорий Цамблак / К. Мечев. — София: Наука и изкуство, 1969. — 321 с  (баўг.)
  • Русев П. Естетика и майсторство на писателите от Евтимиевата книжовна школа / П. Русев. — София: БАН, 1983. — 262 с  (баўг.)