Тынкоўка

(Перанакіравана з «Тынк»)

Тынко́ўка, або тынк — аддзелачны зацьвярдзелы слой, утвораны будаўнічым растворам на паверхні канструкцыйных элемэнтаў, частак будынкаў і збудаваньняў. Тынкавальныя растворы зьвязваюцца вапнай, цэмэнтам, гіпсам, глінай, магнэзытам.

Атынкаваная сьцяна ў Таліне

У сучасным будаўніцтве выкарыстоўваюць тынкоўкі:

  • звычайную (для выраўноўваньня паверхні агараджальных канструкцый),
  • адмысловую (водатрывалую і воданепранікальную, акустычную, паветранепранікальную, цеплаізаляцыйную, вогнезасьцерагальную і інш.),
  • дэкаратыўную (для павышэньня эстэтычнай выразнасьці будынкаў і збудаваньняў у растворы дадаюць каляровыя і крышталічныя запаўняльнікі, мармуровы пясок, сьлюду, рознакаляровую шкляную крошку і каляровыя пігмэнты). Мастацкі эфэкт дэкаратыўнай тынкоўкі дасягаецца таксама рэльефнай апрацоўкай слоя каменячосным інструмэнтам для імітацыі фактуры натуральнага каменю.

Беларусь

рэдагаваць

На Беларусі прататып тынкоўкі вядомы з жалезнага веку, калі сьцены жытлаў абмазвалі глінай. У XII стагодзьдзі для апрацоўкі фасадаў Дабравешчанскай царквы ў Віцебску выкарыстоўвалася адмысловая дэкаратыўная абмазка-тынкоўка.

Напрыканцы XV — першай палове XVI стагодзьдзя тынкоўка ўжывалася для абробкі асобных элемэнтаў фасаду (нішы, часткі шчытоў, франтонаў). У другой палове XVI—XVII стагодзьдзях тынкавалі цалкам фасады будынку, а таксама сьцены ў сярэдзіне. Акрамя звычайнай роўнай і гладкай тынкоўкі ўжываўся і спосаб дэкаратыўнага аздабленьня муроў будынкаў, заснаваны на выдрапваньні верхняга слоя тынкоўкі да ніжніх кантрастных па колеры слаёў — сграфіта. Сродкам тынкоўкі на фасадах будынкаў імітавалася рустыка, фактурнай тынкоўкай вылучаліся філёнгі. Тынкоўка часта пакрывалася зьверху вапнай зь мінэральнымі і некаторымі арганічнымі пігмэнтамі (чырвоная і жоўтая вохра, сьвінцовы сурык, драўняны вугаль і інш.).

У сучаснай архітэктуры дэкаратыўная тынкоўка пашырана ў аздабленьні фасадаў і інтэр’ераў жылых і грамадзкіх будынкаў.

Літаратура

рэдагаваць