Тыгрэс УАНЛ Мантэрэй

«Тыгрэс УАНЛ» (па-гішпанску: Tigres UANL) — мэксыканскі футбольны клюб з гораду Мантэрэю. Заснаваны ў 1960 годзе. Галоўным супернікам клюбу ёсьць іншы клюб з таго ж гораду «Мантэрэй». Назва клюбу адсылае да Аўтаномнага ўнівэрсытэту Нуэва-Леону.

Тыгрэс УАНЛ
Поўная назва Club de Fútbol Tigres de la Universidad Autónoma de Nuevo León
Заснаваны 7 сакавіка 1960
Горад Мантэрэй, Мэксыка
Стадыён Унівэрсытарыё
Умяшчальнасьць: 41 615
Кіраўнік Аўтаномны ўнівэрсытэт Нуэва-Леону[d]
Чэмпіянат Ліга MX
 · Кляўсура 2024 5 месца
1/4 фіналу
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
tigres.com.mx (гішп.)​ (анг.)

Гісторыя

рэдагаваць

Клюб быў зафундаваны 7 сакавіка 1960 году, спачатку маючы назоў «Хабатас Нуэва-Леон». У сэзоне 1973—1974 гадоў, дзякуючы трэнэру Хасэ Чэ Гомэсу, клюб прасунуўся ў найвышэйшай мэксыканскі дывізіён, на сёньня вядомы як Ліга MX. З тых часоў каманда амаль спраўна выступае ў айчынным элітным першынстве. У сэзоне 1975—1976 гадоў «Тыгрэс» здабыў свой першы Кубак Мэксыкі, перагуляўшы ў вырашальным матчы «Амэрыку» зь лікам 3:2[1].

 
Матч «Тыгрэс УАНЛ» у 2011 годзе.

Пад кіраўніцтвам уругвайскага трэнэра Карляса Міляка і такіх гульцоў, як то Тамас Бой і Хэроніма Барбадыльлё, у сэзоне 1977—1978 гадоў «Тыгрэс» дакрочыў да чэмпіёнства. Гэтак, у паўфінале плэй-оф мантэрэйцы перамоглі «Крус Асуль» з агульным лікам 3:1 у двубоі. У фінале ж быў перагуляны УНАМ з тым самым агульным лікам 3:1. У сэзоне 1978—1979 гадоў «Тыгрэс» згуляў свой найлепшы на той момант рэгулярны сэзон, здабыўшы 48 пунктаў, але да фіналу клюб ня дакрочыў[2]. Праз год клюб трапіў у фінал, але саступіў у ім клюбу «Крус Асуль». У 1982 годзе «Тыгрэс» у другі раз стаў чэмпіёнам краіны. У наступныя сэзоны каманда часам трапляла ў плэй-оф, але тытулаў не здабывала. У сэзоне 1989—1990 гадоў «Тыгрэс» яшчэ раз быў першым у табліцы паводле вынікаў рэгулярнага сэзону, аднак у чвэрцьфінале мантэрэйцы саступілі «Гвадаляхары».

У 1996 годзе да «Тыгрэсу» далучыўся чылійскі нападнік Кляўдыё Нуньес, які дапамог здабыць кубак краіны. Аднак, у чэмпіянаце «тыгры» выбылі з элітнага дывізіёну, пры гэтым даволі хутка вярнуўшыся назад. У пачатку 2000-х гадоў клюб меў розныя вынікі, часам фінішуючы першым у рэгулярным сэзоне ці сканчваючы сэзон у другой палове табліцы. Тым ня менш, за гэтае дзесяцігодзьдзе клюбу посьпехаў ва ўнутраным чэмпіянаце і кубку бракавала. У 2010 годзе, згуляўшы горшы сэзон за апошнія некалькі гадоў, пасьля сёмай паразы ў сэзоне і пры эфэктыўнасьці ўсяго толькі 25%, заўзятары і СМІ жорстка раскрытыкавалі трэнэра Даніеля Гусмана. З новым трэнэрам бразыльцам Рыкарду Фэрэцьці аблічча каманды цалкам зьмянілася. «Тыгрэс» уратаваўся ад вылету ды стаў адной з наймацнейшых дружынаў лігі. Аргентынскі ўінгер Даміян Альварэс, бразыльскі атакуючы паўабаронца Даніліньню, чылійскі нападнік Эктар Мансыльля ды капітан Люкас Лёбас сфармавальны наступальную лінію «Тыгрэсу» званай «Фантастычнай чацьвёркай»[3]. Дадаўшы да складу яшчэ выдатнага абаронцу Карляса Сальсыда, мантэрэйцы здабылі тытул чэмпіёну Мэксыкі ў розыгрышы Апэртуры 2011 году.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць