Тутэйшыя (лялечны спэктакль)

лялечны спэктакль

«Тутэйшыя» — лялечны спэктакль, пастаўлены рэжысэрам Мікалаем Андрэевым у 1990 годзе ў Гарадзенскім тэатры лялек. Спэктакль — удзельнік міжнародных фэстываляў у Польшчы, Летуве, Нямеччыне.[1]

«Тутэйшыя»
Сцэна са спэктаклю, 2009 г.
Сцэна са спэктаклю, 2009 г.
ЖанрЛялечны спэктакль
Паводлеп’есы Я. Купалы «Тутэйшыя»
РэжысэрМікалай Андрэеў
Мастак-пастаноўнікЛарыса Герлаван
КампазытарСяргей Бельцюкоў
АкторыВіктар Шалкевіч
Аляксандар Ігнаценка
Тамара Корнева
Юры Мянько
Працягласьць90 хв.
КраінаБеларусь
Мовабеларуская
Год прэм’еры1990
ПастаноўкіГарадзенскі абласны тэатар лялек
Узнагародыузнагароды і дыплёмы міжнародных тэатральных фэстываляў у Берасьці, Гомелі, Ломжы і Торуні.

Апісаньне

рэдагаваць

У спэктаклі іграе чацьвёра акцёраў. У сьвет беларушчыны, праблемаў зь беларускай тоеснасьцю ў шматкультурным Менску ўводзіць ужо заслона. Куртына — плахта лёгкага матэрыялу з намаляванай картай Беларусі, грудай каменьня з паазначанымі на ёй Менскам, Горадняй, Віцебскам і Магілёвам. Хоць, калі заслона ўздымаецца, здаецца, што тэатральны сьвет «Тутэйшых» — плоскі, з часам (разам з разьвіцьцём дзеяньня) набірае глыбіні. Акцёры і іх лялькі запаўняюць амаль усю прастору сцэны. Іграе кожны элемэнт дэкарацыі, разам зь вісячымі іконамі, якія з другога боку скрываюць падзаступнікаў чырвонай рэвалюцыі, што паказваюцца публіцы ў хвіліны сцэнічных, «гістарычных» пераменаў. Ход дыскусіі герояў спэктаклю і іх спрэчкі пераносяцца зь лялькаў — герояў літаратурна-тэатральнага сьвету — на саміх акцёраў — герояў беларускай рэчаіснасьці з даўніх гадоў і сёньняшняга часу — кахаючых, як і Янка Купала, свой народ і Айчыну. Не без прычыны, пэўна, твары галоўных лялькаў вельмі падобныя да твараў іх аніматараў.[2]


  Аўтарам спэктаклю ўдалося ажывіць купалаўскую падказку, стварыць, на першы погляд, застылае, а насамрэч надзвычай напружанае сцэнічнае дзейства, калі пад павелічальнае шкло вучоных пакладзена мапа Беларусі, а яны замест таго, каб яе вывучаць, адначасна кінуліся яе разрываць.... Ніводнага руху, за выключэньнем бойкі дзвюх недарэчных фігураў у акадэмічных мантыях, а ўсе астатнія — на сцэне і па-за ёю — суцэльныя гледачы. Гледачы, пасіўныя сузіральнікі свайго гістарычнага бездарожжа.  

— І.Жук[3]

Узнагароды

рэдагаваць

Узнагароджаны дыплёмам за лепшую рэжысэрскую работу на XII фэстывалі тэатраў лялек (Торунь), дыплёмамі «За высокае выканаўчае майстэрства і артыстычны ансамбль», «За яскравае ўвасабленьне беларускае нацыянальнае драматургіі» на XI Міжнародным тэатральным фэстывалі «Белая Вежа» (Берасьце), дыплёмам «За ансамблёвасць спэктаклю» на X міжнародным фэстывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (Гомель).[1] Спэктакль стаў пераможцам міжнароднага тэатральнага фэстывалю ў Ломжы (Польшча).[4]

  1. ^ а б «Тутэйшыя» Гарадзенскі абласны тэатар лялек Праверана 23 кастрычніка 2012 г.
  2. ^ «Тутэйшыя» ў Беластоку Газэта «Ніва» Праверана 23 кастрычніка 2012 г.
  3. ^ Жук І. Сустрэчны рух: літаратуразнаўчыя эцюды / І. Жук. — Гродна, Гродз. абл. аддзяленне Бел. фонду культуры. — 1998. - С. 64.
  4. ^ «Пікавая дама» Гарадзенскага тэатра лялек скарыла гледачоў фестывалю ў Польшчы Твой стыль: Гародня і сьвет вачыма гарадзенцаў Праверана 23 кастрычніка 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Жук І. Сустрэчны рух: літаратуразнаўчыя эцюды / І. Жук. — Гродна, Гродз. абл. аддзяленне Бел. фонду культуры. — 1998. - 112 с.
  • Вярбіцкі А. Гродзенскія лялечнікі ў Беластоку // Газэта «Ніва». — 2000 г. — 10 сьнежня, № 50.
  • Халадоўскі, М. «Тутэйшыя» ў Беластоку // Ніва. — 2003 г. — 6 ліпеня, № 27.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць