Танцы з ваўкамі
«Танцы з ваўкамі» (па-ангельску: Dances with Wolves) — амэрыканскі эпічны фільм-вэстэрн 1990 году, рэжысэрам, прадусарам, а таксама галоўную ролі ў якім выканаў Кевін Костнэр. Кінастужка ёсьць экранізацыяй аднайменнай кнігі Майкла Блэйка 1988 году, якая распавядае пра лейтэнанта войска Зьвязу Джона Данбара, які едзе на амэрыканскую мяжу, каб знайсьці вайсковы пост, і пра свае адносіны з групай індзейцаў. Костнэр распрацаваў фільм зь першапачатковым бюджэтам у 15 мільёнаў даляраў. Большая частка дыялёгаў вядзецца на мове лакота з ангельскімі субтытрамі. Фільм стаў касавым гітом, сабраўшы ў сусьветным пракаце 424,2 мільёны даляраў, што зрабіла яго чацьвертым паводле прыбытку фільмам 1990 году і самым касавым фільмам дзеля студыі Orion Pictures. «Танцы з ваўкамі» быў намінаваны на 12 прэміяў Оскар і на 63-й цырымоніі ўручэньня прэміі ў выніку атрымаў сем запаветных статуэтак, уключаючы ўзнагароды за найлепшы фільм, найлепшага рэжысэра, найлепшы адаптаваны сцэнар, найлепшы мантаж фільму, найлепшую апэратарскую працу, найлепшую арыгінальную музыку і найлепшае зьвядзеньне гуку. Фільм таксама атрымаў прэмію Залаты Глёбус за найлепшы кінафільм у жанры драмы. Гэта адзін з трох вэстэрнаў, якія атрымалі Оскар за найлепшы фільм, іншымі двума ёсьць «Сымарон» (1931) і «Недараваны» (1992). У 2007 годзе кінатвор быў абраны Бібліятэкай Кангрэсу дзеля захаваньня ў Нацыянальным рэестры фільмаў ЗША як культурна, гістарычна альбо эстэтычна значны твор дзеля краіны[12]. Папулярнасьць фільму таксама спрыяла паляпшэньню іміджу карэнных амэрыканцаў, дзякуючы чаму лідэры нацыі сію вырашылі зрабіць Костнэра ганаровым сябрам народу[13].
Сюжэт
рэдагавацьУ 1865 годзе 1-й лейтэнант Джон Данбар (Кевін Костнэр) быў паранены ў баі пры Сэнт-Дэйвідс-Філдзе ў Тэнэсі. Абраўшы сьмерць у баі замест ампутацыяй нагі, ён бярэ каня і пад’язджае да шэрагаў войскаў Канфэдэрацыі. Сілы Канфэдэрацыі неаднаразова абстрэльваюць яго і прамахваюцца, і армія Зьвязу выкарыстоўвае гэтае адцягненьне ўвагі, каб зладзіць пасьпяховы напад. Данбар атрымлівае ўзнагароду за адвагу, а таксама яму аказваюць мэдычную дапамогу, якая дазваляе яму захаваць нагу. Пазьней яму ўручаецца баявы конь, які нёс яго падчас спробы самагубства. Яму даруюць на выбар любуе месца службы. Данбар запытвае перанос сваёй службы на заходнюю мяжу, каб ён змог убачыць яе, перш чым яна зьнікне. Данбара пераводзяць у форт Гэйс, вялікі форт, якім камандуе маёр Фамбра (Моры Чайкін), непрыхільны афіцэр, які пагарджае энтузіязмам Данбара. Ён згаджаецца адправіць Данбара на самы далёкі фарпост пад ягонай юрысдыкцыяй, форт Сэджўік, і неўзабаве пасьля гэтага забівае сябе. Данбар падарожнічае з Тыманзам (Робэрт Пастарэльлі), пастаўніком мулаў. Яны прыбываюць на месца, але знаходзяць форт у запусташэньні. Не зважаючы на пагрозу з боку туземных плямёнаў, Данбар вырашае застацца і абараняць форт у адзіноце.
Ён пачынае аднаўляць і папаўняць крэпасьць, аддаючы перавагу адзіноце і запісваючы многія свае назіраньні ва ўласны нататнік. Тыманз вяртаецца назад, але на дарозе яго забіваць індзейцы. Сьмерць Тыманза і Фамбра не дазваляе іншым ведаць пра заданьне Данбара, таму іншыя жаўнеры не прыбываюць у форт і Данбар застаецца ў самоце на працягу доўгага часу. Данбар сутыкаецца са сваімі суседзямі сію, калі яны спрабуюць скрасьці ягонага каня і запалохаць яго. Вырашыўшы, што быць мішэньню ёсьць дрэннай пэрспэктывай, ён вырашае шукаць лягер індзейцаў сію, каб паспрабаваць распачаць зь імі дыялёг. Па дарозе ён натыкаецца на жанчыну на імя Сьмелы Кулак (Мэры Макдонэл), белую прыймічку-дачку знахара племяні Адважнае Птушкі (Грэм Грын), якая рытуальна калечыць сябе, аплакваючы мужа. Данбар вяртае яе да сію, каб яна магла акрыяць. Не зважаючы на першапачатковае варожае стаўленьне да Данбара, некаторыя індзейцы неўзабаве пачынаюць паважаць яго.
У рэшце рэшт, Данбар наладжвае стасункі з Адважнай Птушкай і ваяром Вецер У Валасах (Родні Грант), і яны пачынаюць наведваць лягеры адзін аднаго. Моўны бар’ер расчароўвае ўсіх, але Сьмелы Кулак выступае ў ролі перакладчыка, хоць і зь цяжкасьцю, бо амаль забылася на ангельскую мову свайго раньняга дзяцінства. Данбар выяўляе, што гісторыі, якія ён чуў быў пра племя, не адпавядаюць рэчаіснасьці, і зьведвае ўсё большую павагу і ўдзячнасьць да іх за лад жыцьця і культуру. Вывучыўшы іхную мову, ён прымаецца ў якасьці ганаровага госьця сію пасьля таго, як распавёў ім пра мігруючы статак буйвалаў, а таксама за ўдзел у паляваньні на статак. У форце Сэджўік Данбар пачынае сябраваць з ваўком, якога ён называе Дзьве Шкарпэткі за белыя пярэднія лапы. У гэты час Данбар таксама завязвае рамантычныя адносіны зь Сьмелым Кулаком і дапамагае абараніць вёску ад нападу канкуруючага племя поўні. У рэшце рэшт Данбар атрымлівае дазвол ад Адважнай Птушкі на шлюб з Сьмелым Кулаком і пакідае свой форт.
Праз нарастаючую пагрозы з боку поўні і войска ЗША правадыр племені Дзесяць Мядзьведзяў (Флойд Вэстэрман) вырашае перанесьці знаходжаньне сію ў зімовы лягер. Данбар вырашае суправаджаць іх, але спачатку спрабуе забраць свой дзёньнік з форту, бо ён можа прывесьці вайскоўцаў да племені. Па прыбыцьцю, Данбар выяўляе форт зноўку акупаваным арміяй ЗША. Яго прымаюць за індзейца і забіваюць ягонага каня, а сам герой ёсьць арыштаваным як здраднік. Адмовіўшыся служыць перакладчыкам на бок ЗША ў вайне супраць плямёнаў, Данбар абвінавачваецца ў дэзэртэрстве і яго перапраўляюць на ўсход як палоннага. Жаўнеры суправаджэньня растрэльваюць дзеля забавы Дзьве Шкарпэткі, калі воўк спрабуе ісьці за Данбарам, які ня можа выратаваць сябра. У рэшце рэшт, сію адсочваюць канвой, забіваючы жаўнераў і вызваляючы Данбара. Яны сьцьвярджаюць, што бачаць у ім не белага чалавека, а ваяра сію, якога клічуць Танцы З Ваўкамі. У зімовым лягеры Данбар вырашае сысьці разам з сваёй жонкай, бо разумее, што далейшая ягоная прысутнасьць у лягеры ставіць пад пагрозу ўсё племя. Калі яны сыходзяць, адзін з індзейцкіх хлопцаў вяртае яму дзёньнік, які ён знайшоў падчас вызваленьня Данбара, а Вецер У Валасах крычыць Данбару, што ён ягоны сябар.
Войскі ЗША ня здолелі анікога знайсьці, але ў эпілёгу паведамляецца, што праз трынаццаць гадоў апошнія з выжылых прадстаўнікоў сію былі падпарадкаваныя волі амэрыканскага ўраду, што паклала заняпад вялікай культуры вольных індзейцаў.
Крытыка
рэдагавацьНе маючы чаканьняў на посьпех, тым ня менш «Танцы з ваўкамі» аказаліся імгненна папулярнымі, у выніку атрымаўшы вялікае ўхваленьне крытыкаў, зарабіўшы 184 мільёнаў даляраў у пракаце ў ЗША і 424 мільёны даляраў ва ўсім сьвеце[14]. Па стане на 13 ліпеня 2019 году, рэйтынг ухваленьня фільму складаў 83% на агрэгатары аглядаў Rotten Tomatoes на падставе 76 рэцэнзіяў зь сярэднім рэйтынгам 7,58/10. На думку крытыкаў, фільм ёсьць велізарнай эпапеяй з бясспрэчна высакароднымі намерамі і кінэматаграфічным талентам[15]. Metacritic мае сярэдняўзважаныя 72 балы з 100 магчымых, грунтуючыся на 20 крытычных рэцэнзіях, што сьведчыць пра ў цэлым спрыяльныя водгукі[16]. CinemaScore паведаміла, што гледачы паставілі фільму рэдкую адзнаку А+. Больш за 115 крытыкаў назвалі «Танцы з ваўкамі» адным з 10 найлепшых фільмаў 1990 году, а 19 крытыкаў нараклі яго найлепшым фільмам году[17].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б http://www.imdb.com/title/tt0099348/
- ^ а б в г д е http://www.ofdb.de/film/1826,Der-mit-dem-Wolf-tanzt
- ^ а б http://www.metacritic.com/movie/dances-with-wolves
- ^ а б http://www.filmaffinity.com/en/film239359.html
- ^ а б в г http://www.allocine.fr/film/fichefilm_gen_cfilm=6480.html
- ^ а б в г д http://www.bbfc.co.uk/releases/dances-wolves-1970-5
- ^ http://www.imdb.com/title/tt0099348/fullcredits
- ^ а б в г д е ё ж Чэхаславацкая кінабаза (чэс.) — 2001.
- ^ а б в http://www.boxofficemojo.com/movies/?id=danceswithwolves.htm
- ^ IMDb (анг.) — 1990.
- ^ каталёг кінафільмаў АКІ
- ^ «Librarian of Congress Announces National Film Registry Selections for 2007». Library of Congress
- ^ «The unexpected success of Dances With Wolves». Entertainment Weekly.
- ^ Dances with Wolves. Imdb.
- ^ «Dances with Wolves (1990)». Rotten Tomatoes.
- ^ «Dances with Wolves Reviews». Metacritic.
- ^ «Best Movies of 1990». CriticsTop10.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Танцы з ваўкамі (анг.) на сайце IMDb
- Танцы з ваўкамі на сайце «Rotten Tomatoes» (анг.)
- Танцы з ваўкамі на Metacritic