Сібірская мова

штучная мова

Сібірская мова (Сиби́рской го́вор) — праект штучнай мовы, якая ствараецца на грунце ўсходнеславянскіх дыялектаў Сібіры, у асноўным старажыльскіх гаворак XIX стагодзьдзя, з удзелам цюрцкіх і арабскіх запазычаньняў. Распрацоўка і кадыфікацыя мовы пачалася ў 2005 годзе. Яшчэ ў 1873 годзе ў Расеі ў выданьні «Известия Сибирского отделения Российского газетного общества (РГО)» былі надрукаваныя дасьледаваньні П. А. Равінскага пад назвай «Зацемкі і слоўнік сібірскай гаворкі» («Замечания и словарь сибирского наречия»). Пра сібірскую старажыльскую гаворку зазначаецца наступнае: «Сібірская гаворка паходзіць з паўночна-расейскай, але два стагодзьдзі адлучанасьці, зусім іншыя натуральныя ўмовы жыцьця і іншыя гістарычныя акалічнасьці далі ёй арыгінальны кірунак. Гаворка Ўсходняй Сібіры мае асаблівую фанэтыку, шмат своеасаблівых граматычных формаў. Слоўнік налічвае больш як 3000 чыста мясцовых словаў, якія невядомыя ў агульнай расейскай мове».

Фанэтыка

рэдагаваць

Фанэтыка мовы будуецца па нормах паўночнай усходнеславянскай гаворкі: г выбухное, оканьне, еканьне, шыпячыя заўсёды цьвёрдыя. У адрозьненьне ад расейскай мовы, з-за нязьменнай цьвёрдасьці шыпячых у сібірскім альфабэце адсутнічае літара Щ (як у беларускай). Адпаведны гук чытаецца як падвойнае ш (як у беларускім слове «узвышша» (бел. яшчэ → сыб. ишшо).

«О», якой папярэднічае памякчэньне, страціла сувязь зь «Е», таму ў альфабэце няма літары «Ё», заместа якой пішуцца спалучэньні «йо», «ьо».

Адсутнічае і літара «Э» з-за абавязковага даданьня «ёта» перад «е» (бел. Эвэрэст — сыб. Еверес).

Распаўсюджаныя пратэтычныя зычныя (бел. акно — сыб. вокно), і выкідваньне зычных у месцах іх скапленьня (бел. бязгучнасьць — сыб. беззычнось)

Граматыка і лексыка

рэдагаваць

Граматыка сібірскай мовы падобная на расейскую і беларускую, але са значнымі асаблівасьцямі ў скланеньні і спражэньні, у асноўным выкліканымі г. зв. сьцяжэньнямі, г.зн. выпадзеньнем «ёта» ў канчатках (рас. знает — сыб. знат, рас. красная — сыб. красна, і г. д.).

Граматыка ўтрымлівае таксама некаторыя архаічныя формы, напрыклад, клічны склон (які ёсьць і ў беларускай мове), а таксама наватворы, напрыклад, постпазытыўны артыкль.

Лексыка сібірскай мовы збольшага ўсходнеславянская, большасьць расейскіх лацінізмаў, грэцызмаў і падобных эўрапейскіх запазычаньняў замененыя на калькі ці араба-цюрцкія словы.

Сучаснасьць

рэдагаваць

Сучасны збор правілаў і папулярызацыя гэтай мовы ў Інтэрнэце прыпісваецца чалавеку, які вядомы пад мянушкай samir74 у ЖЖ. Асноўным Інтэрнэт-рэсурсам па распрацоўцы, вывучэньні і каардынацыі дзеяньняў аматараў гэтай гаворкі зьяўляецца пляцоўка «Вольгота».

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць