Сяржук Доўгушаў

беларускі сьпявак

Сяржук Доўгушаў (нар. 17 красавіка 1983, вёска Новае Тарчылава Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці) — беларускі сьпявак, музыка-мультыінструмэнталіст, этнограф.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Скончыў сярэднюю школу ў мястэчку Баўбасаве (2000). У школе пачаў сьпяваць і пісаць песьні, авалодаў ігрой на гітары. Пасьля школы паступіў у магілёўскую вучэльню на кухара, па яе сканчэньні атрымаў адукацыю хіміка-тэхноляга ў магілёўскім хіміка-тэхналягічным тэхнікуме (2004). Падчас навучаньня ў Магілёве стварыў музычны калектыў, які пасьля ператворыцца ў гурт «Нэўма», а таксама наведваў Магілёўскую музэчную вучэльню, дзе сьпяваў у хоры.

У 2004 року пераехаў у Менск і паступіў у Акадэмію музыкі на спэцыяльнасьць «опэрны сьпявак». Навучаўся ў такіх выкладчыкаў, як Надзея Губская, Віктар Скорабагатаў ды інш. На апошнім курсе перайшоў на спэцыяльнасьць «канцэртна-камэрны сьпявак» (скончыў у 2010 року).

З часоў акадэміі пачаў удзельнічаць у тэатральных пастаноўках ды сьпяваць у опэрах у Беларускай дзяржаўнай філярмоніі і Тэатры опэры і балету. Па атрыманьні дыплёму ўладкаваўся на працу ў філярмонію.

Дзейнасьць

рэдагаваць

У 2008 року Сяржук Доўгушаў разам з Настасьсяй Паповай, Вольгай Паляковай і Андрэем Еўдакімавым стварыў гурт «Fratrez» (бел. браты). Пазьней да праекту далучыліся Аляксандар Ясінскі й Ілона Лесь. У 2010 року на аснове «Братоў» паўстаў гурт «Vuraj».

У 2008 року Сяржук Доўгушаў заняў першае месца на конкурсе армянскай песьні ў Маскве. Акрамя гітары, засвоіў таксама флейту, дудкі, акарыну-рыбу, падвойныя дудкі, сапілкі, жалейку, колавую ліру.

З 2011 року займаецца выданьнем кружэлак з фальклёрнымі песьнямі.

У 2013 року стварыў «Сьпеўны сход(be)» — грамадзкую ініцыятыву па супольным сьпяваньні беларускіх песень. Адначасова адкрыў вакальную студыю па занятках сьпевам для дарослых і дзяцей.

З 2013 року езьдзіць у экспэдыцыі па Беларусі, дзе зьбірае фальклёр.

У 2018 року пакінуў філярмонію і зьехаў на навучаньне ў Польшчу[1].

  1. ^ Ігар Карней. (25 красавіка 2018) Доўгушаў сышоў зь філярмоніі і зьехаў у Варшаву. Але будзе працягваць «Сьпеўныя сходы» Культура. Радыё «Свабода»Праверана 30 кастрычніка 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць