Сьцепаніда Сьцепанюк

легендарная беларуская ткачыха, народны майстар Беларусі

Сьцепаніда Сьцепанюк (4 сьнежня 1935, в. Дарапеевічы Маларыцкага раёну — 1 ліпеня 2022[1]) — легендарная беларуская ткачыха, народны майстар Беларусі. Адрадзіла «спадніцы-палатнянкі» і маларыцкія касьцюмы цалкам па традыцыйнай тэхналёгіі — «кажушком».

Сьцепаніда Сьцепанюк
Дата нараджэньня 4 сьнежня 1935(1935-12-04)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1 ліпеня 2022(2022-07-01) (86 гадоў)
Месца сьмерці
Занятак ткач
Узнагароды

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзілася на хутары за 3 км ад вёскі Дарапеевічы. Сьцепаніда Сьцепанюк ткала на кроснах, якія сваімі рукамі некалі зрабіў яе бацька. Упершыню Сьцепаніда Аляксееўна села за кросны, калі было ёй 9 гадоў[2]. Да таго, як выйсьці замуж, працавала на пасадцы лесу, даяркай на фэрме, з 1969 году і да пэнсіі — швачкай. Да яе ішлі і ехалі прыхарашыцца з усяго навакольля і нават з суседніх райцэнтраў — Кобрыну і Маларыты.

З 2008 году майстрыха працавала ў Маларыцкім раённым Цэнтры народнай творчасьці, дзе вучыць дзяцей ткацтву. У яе замаўлялі адзеньне аддзелы культуры і простыя людзі. Свае вырабы яна дэманстравала і за мяжою, адкуль прывозіла ўзнагароды ня толькі за цікавае адзеньне, але і за захаваньне культурнай спадчыны. За гады працы пры ўстанове культуры адрадзіла «спадніцы-палатнянкі» і тчэ маларыцкія касьцюмы цалкам па традыцыйнай тэхналёгіі — «кажушком». У 2012 годзе апранула ў маларыцкі строй заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танцу «Радасьць» Берасьцейскага гарадзкога дому культуры.

За зьберажэньне традыцый народнага ткацтва яе ўганаравалі званьнем «Народны майстар Рэспублікі Беларусь».

Неаднаразова праводзіла майстар-клясы для дзяцей і дарослых у Беларусі, Ўкраіне і Польшчы, для калег-кіраўнікоў гурткоў. Яе творчая дзейнасьць непарыўна зьвязана з народнай песьняй. Шмат дзесяцігодзьдзяў яна сьпявала ў дарапеевіцкай праваслаўнай царкве. Мясцовыя жыхары зацягнулі ў хор амаль сілком, за прыгожае сапрана. Спачатку сьпявала ў школьным хоры, пасьля стала салісткай фальклёрнага калектыву Дарапеевіцкага СДК, куды прыйшла яшчэ ў дзявоцтве.

У верасьні 2021 году ў яе хаце здарыўся пажар, згарэла ўся яе калекцыя — натканыя ручнікі, посьцілкі, наміткі, спадніцы-буркі і нават строй, які жанчына выткала сабе на сьмерць. Сама яна дзівам уратавалася — хоць і была пасьля інсультаў фактычна прыкутая да ложка, але здолела разьбіць галавой шыбу і выпаўзьці праз акно на двор.

Узнагароды рэдагаваць

  • уладальніца Гран-пры конкурсу майстроў традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты»;
  • дыплямантка Міжнароднага Ягелонскага кірмашу (Польшча) за эстэтычныя знаходкі, артыстызм і майстэрскае правядзеньне майстар-клясу, захаваньне традыцыйных народных промыслаў
  • узнагароджана грамадзкім ордэнам «За вернасьць Айчыне», створаным з ініцыятывы беларускай інтэлігенцыі ў падтрымку таленавітых самадзейных майстроў. На ім — кляймо берасьцейскага ювэліра Мікалая Кузьміча, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Памяць рэдагаваць

  • галоўная гераіня хранікальна-дакумэнтальнага фільму «Узоры лёсу», зьнятага вытворча-творчым Рэспубліканскім прадпрыемствам «Беларускі відэацэнтр» Міністэрства культуры.

Крыніцы рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць