Маларыцкі строй
Малары́цкі строй — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзеньня ў Заходнім Палессі. Бытаваў у XIX — сярэдзіне XX ст. пераважна ў Маларыцкім і на поўдні Кобрынскага раёнаў.
Жаночае адзеньне рэдагаваць
Адметны архаічнасьцю, клясычнай завершанасьцю форм адзеньня, арыгінальнымі галаўнымі ўборамі замужніх жанчын, выкарыстаньнем багата аздобленых дэкаратыўных тканін. Летні жаночы гарнітур складалі кашуля, спадніца, хвартух.
Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі і адкладным каўняром. Аздаблялі чырвона-карычневым геамэтрычным арнамэнтам, скампанаваным у папярочныя палосы ў верхняй частцы рукава, на плячах, манішцы і па краі каўняра.
Гарманічным спалучэньнем натуральнага колеру бела-шэрай і карычнева-чырвонай воўны, белага лёну і пянькі вылучаюцца пругкія накшталт лямцу сьвяточныя спадніцы — буркі, характэрныя толькі для Маларыцкага строю. Фартух (1- і 2-полкавы) часта меў дэкаратыўныя вышытыя завязкі. Падпярэзвалі спадніцу тканым на кроснах чырвоным поясам.
Асаблівую выразнасьць касьцюму надавала намітка, якую, у адрозьненьне ад намітак іншых строяў, багата аздаблялі вышыўкай: разэткамі-зоркамі на адным рагу і ўзорыстым шлякам на двух краях. У касьцюме свацьці своеасаблівай маляўнічасьцю вызначаўся галаўны ўбор (каробачка-лямец, аздобленая рознакаляровымі паскамі саціну, шоўку, тасёмкамі, пацеркамі і двума пукамі-рожкамі пярэстафарбаванага пер’я).
Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожаньні — пацеркі, крыжыкі, лычманы (3, 5, 7 круглых мэдальёнаў-абразкоў, прымацаваных да тасёмкі).
Мужчынскае адзеньне рэдагаваць
У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля навыпуск, пояс і нагавіцы; галаўны ўбор — саламяны капялюш. Верхнім адзеньнем былі сьвіты-латушкі зь белага, шэрага або цёмна-карычневага валенага сукна, кажухі.
Літаратура рэдагаваць
- Романюк, М. Ф. Белорусская народная одежда / М. Ф. Романюк. — Мінск : Беларусь, 1981. — 473 с.
- Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Менск: БелСЭ, 1989. — 575 с.: іл. ISBN 5-85700-014-9.