Сыстэма вершаваньня
Сыстэ́ма вершава́ньня — тып рытмічнай арганізацыі вершаванай мовы, які абумоўлены фанэтычнымі асаблівасьцямі нацыянальнай мовы, пануючымі ў паэзіі традыцыямі вершаваньня і залежыць ад сукупнасьці структурных адзінак верша, іх будовы, функцый і ўзаемасувязі ў вершаваных радках.
Тыпы сыстэмаў вершаваньня
рэдагавацьНаяўнасьць у старажытнагрэцкай мове доўгіх і кароткіх складоў прывяла да ўзьнікненьня антычнай (мэтрычнай) сыстэмы вершаваньня. У мовах з пастаянным (строга вызначаным) націскам пануе сілабічнае вершаваньне. Мовы з рухомым націскам карыстаюцца танічнай і сілаба-танічнай сыстэмамі вершаваньня. Усе сыстэмы вершаваньня так ці інакш зьвязаныя паміж сабой, узаемна ўплываюць (ці ўплывалі) адна на другую. Напрыклад, антычная сыстэма вершаваньня аказала ўплыў на разьвіцьцё сілабічнага і сілаба-танічнага верша ў эўрапейскай і ўсёй сусьветнай паэзіі, народнае вершаваньне — на станаўленьне сілаба-тонікі ва ўсходнеславянскай паэзіі, зьявілася асновай літаратурнага танічнага верша і г. д. Кожная сыстэма вершаваньня мае свае вершаваныя віды і формы. У прыватнасьці, відамі танічнага верша зьяўляюцца акцэнтна-складовы і акцэнтны, або чыста танічны, верш, дольнік, тактавік. У сілаба-тоніцы суіснуюць вольны верш, вершы з цэзураванымі нарашчэньнямі і ўсячэньнямі і г. д. У адзін і той жа час у нацыянальнай паэзіі і нават у творчасьці аднаго паэта можа ўжывацца некалькі сыстэмаў вершаваньня. Так, у творчасьці Ф. Багушэвіча сустракаюцца сілабічныя, сілаба-танічныя і танічныя вершы. М. Танк доўгі час пісаў ледзь не выключна сілаба-танічным і танічным вершам, а ў апошнія гады аддаў перавагу свабоднаму вершу. Р. Барадулін таксама спазнаў мэтра-рытмічную эвалюцыю.
Літаратура
рэдагаваць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |