Сын вады
„Сын вады́“ — прыгодніцкая аповесьць Янкі Маўра, асноўныя падзеі якой адбываюцца на архіпэлягу Вогненай Зямлі. Галоўныя пэрсанажы аповесьці — індзейцы яганы (або фуіджыйцы), што жывуць у чоўнах і вядуць першабытны лад жыцьця. Апроч унутраных канфліктаў, у фабулу аповесьці ўплеценая гісторыя выратаваньня маладым фуіджыйцам Мангам ангельскае лэдзі, якая стала ахвярай караблекрушэньня. Аповесьць «Сын вады» — самая паэтычная ў замежным цыкле Маўра, згодна з прызнаньнем самога аўтара, была найбольш яму дарагая.
Сын вады | |
па-беларуску: Сын вады | |
Жанр: | аповесьць |
---|---|
Аўтар: | Янка Маўр |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 1927 |
Электронная вэрсія |
У аповесьці Янка Маўр выступіў як абаронца правоў каляніяльных і залежных народаў, абвяргаючы распаўсюджанае ўяўленьне пра туземцаў, дзяцей прыроды, як пра людажэрцаў, пазбаўленых элемэнтарных чалавечых пачуцьцяў[1].
Галоўныя героі
рэдагаваць- Манг. Сын Тайдо. 19-гадовы юнак. Заручаны з Мгу. Цікаўны і адважны. Як і ягоны бацька, мае гарачы нораў. Марыць пра ўласны кану. Збудаваўшы кану, стаў марыць пра далёкія землі і знаёмства зь белымі людзьмі.
- Тайдо. Бацька Манга. Мае жонку, 10-гадовую дачку і 6-гадовага сына (загінуў ў пашчы васьмінога).
- Кос. Сябар і «сусед» Тайдо. Мае жонку і 14-гадовую дачку Мгу. Спакойны й разважлівы.
- Нгара. Астраўлянін гадоў 25 у вопратцы з птушыных скурак. Відаць па ўсім, бесьсямейны. Хітры й падступны. Гіне ў пашчы васьмінога.
- Белая Птушка. Міс Грэт. 19 гадоў. Дачка багатага ангельскага капіталіста, уладальніка чылійскіх распрацовак медзі. Па буржуазных мерках, дастаткова сьмелая (ва ўсялякім разе, ня румза). Па вяртаньні на Радзіму бярэцца шлюбам з афіцэрам, зь якім зьязджае ў Індыю.
Сюжэт
рэдагавацьВогнезямельцы Тайдо і Кос з жонкамі й дзецьмі (19-гадовы Манг, дачка і малалетні сын у Тайдо і 14-гадовая дачка Мгу ў Коса), вядуць няхітрае жыцьцё прымітыўных астраўлян ХХ стагодзьдзя: плаваюць у чоўнах (кану) з жэрдак і кары, на дне якіх раскладзены цяпельцы; харчуюцца дарамі мора; часам ажыцьцяўляюць вылазкі на астравы за палівам ды вялікай дзічынай — пінгвінамі, гуанака, маржамі (апошнія, дарэчы, ў паўднёвым паўшар’і не сустракаюцца — тут Маўр паўтарае геаграфічную памылку Жуля Вэрна). Час ад часу ў Магеланавым праліве героі аповесьці бачаць гіганцкія кану белых — параходы, зь якіх багатыя падарожнікі кідаюць тубыльцам усялякую экзатычную для іх ежу — хлеб, апельсіны.
Падчас паляваньня на маржоў адбылася сварка паміж Тайдо і Косам з аўстраўлянінам Нгара, які хацеў атрымаць упаляваны трафэй — маржовую скуру. Гэтая сварка яшчэ згуляе сваю ролю. А пакуль што Кос і Тайдо знаходзяць новую стаянку, дзе ў спакойнай бухце пад вадой расьце цэлы лес з водарасьцяў-фукусаў, багаты самай разнастайнай спажывай: крабамі, чарапашкамі, медузамі, анемонамі і іншымі жывёламі. Пасядзеўшы некаторы час з бацькамі, Манг вырашыў выправіцца на ўласным кану ў падарожжа да белых людзей і з гэткім намерам паплыў на поўнач. Высадзіўшыся на невялікі востраў, юнак не заўважыў, як падступны Нгара, што вывіжоўваў яго, сьцягнуў ягоны човен.
Не пасьпеў юнак падумаць, як зладзіць з экстрэмальнай сытуацыяй, усчалася бура, падчас якой да берагу прынесла дошку зь непрытомнай белай дзяўчынай. Манг выцягнуў яе з вады, адагрэў. Неўзабаве дзяўчына апрытомнела і адразу спужалася дзікуна. Але празь некаторы час зразумела, што збавіцель не зьбіраецца ёй сілкавацца. Наступныя тыдні пазбаўлены ўсялякіх інструмэнтаў Манг будаваў човен і здабываў харчаваньне для сваёй «Белай птушкі» (так ён ахрысьціў дзяўчыну). У рэшце рэшт кану быў спушчаны на ваду і паплыў да сваіх. Калі да стаянкі заставалася ўсяго восем кілямэтраў, міс Грэт (так звалі дзяўчыну) разгайдала човен і падарожнікі аказаліся на скалістай прыступцы. Тады Манг на мігі паабяцаў дзяўчыне вярнуцца, скочыў у ваду і паплыў да сваіх.
Аднак за час яго адсутнасьці сем’і Тайдо і Коса выгнаў са стаянкі марскі «чорт» — жахлівы васьміног. Васьмінога спрабавалі ўлагодзіць і нават прынесьлі ахвяру — андзкага кондара, але гэтага «чорту» здалося мала і ён сьцягнуў пад ваду малодшага брата Манга. Кану Тайдо і Коса пакінулі стаянку і яе заняў Нгара. Паміж Мангам і Нгара адбылася сутычка, падчас якой юнаку неспадзеўку дапамог гіганцкі васьміног — Нгара таксама трапіў у яго пашчу. Манг авалодаў чоўнам ворага, вярнуўся да Белай птушкі і адвёз яе да сваіх родзічаў, якіх адшукаў у пратоках архіпелага.
Зьяўленьне Белай птушкі выклікала ў Мангавых сваякоў боязь і рэўнасьць. Яны хацелі пазбавіцца ад яе, але Манг запярэчыў, пасадзіў міс у свой човен і стаў у Магеланавым праліве ў чаканьні якога-небудзь парахода. «Кану» белых зьявіўся на пяты дзень і падабраў міс Грэт і Манга, якому было страшна цікава — як жывуць невядомыя белыя. У знак удзячнасьці ангелка ўзяла вогнезямельца ў Лёндан і ўладкавала яго афіцыянтам у фанабэрысты рэстаран «Касмапаліт». Неадпаведнасьць простай душы Манга капіталістычнаму атачэньню робіць яго чужанцам у гэтым сьвеце. На апошняй старонцы аповесьці звольнены Манг з болем узгадвае родныя — цяпер недасяжныя — пратокі, скалы, сям’ю, дзяўчыну.
Крыніцы
рэдагавацьДзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|