Адкрыць галоўнае мэню

«Спадчына» — чацьверты зборнік вершаў Янкі Купалы, ўпершыню выдадзены ў 1922 годзе ў Менску ў Беларускім каапэратыўна-выдавецікм таварыстве «Адраджэньне». Першы паэтычны зборнік Янкі Купалы савецкага часу на беларускай мове. Тыраж зборніку склаў 4 тысячы асобнікаў. Рукапіс быў падрыхтаваны Купалам яшчэ ў 1919 годзе.[1]

«Спадчына»
Спадчына (1922).jpg
Вокладка зборніку «Спадчына»
(Менск, 1922)
Жанр: верш, паэма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Публікацыя: 1922
Выдавецтва: Беларускае каапэратыўна-выдавецкае таварыства «Адраджэньне»
Электронная вэрсія

АпісаньнеРэдагаваць

Назву зборніку даў аднаназоўны філязофска-патрыятычны верш. Зборнік утрымлівае ў сабе вершы і паэмы, напісаныя ў 19131919 гадох, а таксама творы жалейкаўскай пары, якія раней не былі надрукаваныя з-за цэнзурных перашкодаў.[1]

У ідэйна-стылёвым пляне ўсе творы зьнітаваныя агульнай канцэпцыяй — думкай пра лёс беларускае нацыі і чалавека на ключавым павароце гісторыі. Рамантычная абагульненасьць і псыхалягіічная абвостранасьць ўспрыманьня жыцьця надае шмат якім з твораў дзёньнікавы характар.[1]

Зборнік складаецца з шасьці асобных разьдзелаў. Аўтарскі падзел твораў не супадае з тэматычным падзелам твораў зборніку. Галоўныя тэмы зборніку[1]:

Адметнасьць і значэньне зборнікуРэдагаваць

Паэтычныя вобразы ваеннай лірыкі, створаныя ў традыцыях народнага эпасу, кранаюць трагізмам і палкім гуманістычным пратэстам супраць вайны. Паасобныя творы пабудаваныя на рытміка-лексічным прынцыпе беларускіх народных галашэньняў. Прапускаючы праз сэрца боль, пакуты ўсяго чалавецтва, паэт не трапляе ў бездань адчаю. Ён паказвае свайго лірычнага героя ў гуманістычным вымярэньні свабоды, сьцьверджаньня сілы.[1]

Філязофскія творы Купалы зь іх маштабнай мэтафарычнасьцю, гіпэрбалізмам, прароцтвам выявілі страснае памкненьне паэта да гармоніі чалавецтва і яго гатоўнасьць да ахвярнасьці ў імя гуманістычных ідэалаў. Нізка філязофскіх санэтаў Купалы адзначаная пошукамі сэнсу існаваньня чалавека і грамадзтва, пачуцьцём адказнасьці асобы за недасканаласьць грамадзкага жыцьця.[1]

Інтымная лірыка зборніку раскрывае асобу паэта ў складаным перапляценьні сацыяльных тэмаў, у глыбока асабістым трагедыйным успрыйманьні сьвету. Цыкл пачынаецца своеасаблівым пралогам — сьветлай «паганскай» паэмай «Яна і я», а заканчваецца вершамі, ў якіх ў сьферу інтымнага ўключана адчуваньне драматызму зямнога жыцьця. Інтымная лірыка Купалы адметная незвычайнай музычнай поліфаніяй.[1]

Вядомы купалазнаўца Уладзімер Гніламёдаў заўважае:

  Кніга «Спадчына» з незвычайнай лірычнай усхваляванасьцю і паўнатой адлюстравала карціну нацыянальнага становішча беларускага народу ў пераломна-кульмінацыйны момант яго гісторыі.[2]  

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ а б в г д е ё Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Спадчына». — C. 572—573.
  2. ^ Гніламёдаў Ул.В. Спадчына паэта. / Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — 2012, №1. — С. 12.

ЛітаратураРэдагаваць

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Спадчына» / Аўтар — В.І.Гапава. — C. 572—573.
  • Гапава, В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. — Мн., 1983. — 135 с.
  • Лойка, А.. Як агонь, як вада... — Мн., 1984. — С. 230.
  • Юрэвіч, Ул.. Янка Купала: Нарыс жыцця і творчасці. — Мн., 1983. — С. 135—143.