Севастопальская меская рада
Севастопальская ме́ская ра́да (укр. Севастопольська міська рада) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Ўкраіны, разьмешчаная на поўдні краіны, на крайнім паўднёвым захадзе паўвостраву Крым. Мяжуе толькі з адзінай іншай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай дзяржавы — Аўтаномнай Рэспублікай Крым, адміністрацыйная мяжа зь якой пралягае на поўначы, усходзе й паўднёвым усходзе рады; на захадзе й поўдні абмываецца Чорным морам. Севастопальская меская рада мае статус асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Ўкраіны першага ўзроўню, не ўваходзячы ў склад Аўтаномнай Рэспублікі Крым і падпарадкоўваючыся непасрэдна органам цэнтральнае ўлады Ўкраіны.
Севастопальская меская рада | |
укр. Севастопольська міська рада | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Украіна |
Статус | меская рада |
Адміністрацыйны цэнтар | Севастопаль |
Улучае | 4 раёны |
Найбольшы горад | Севастопаль |
Іншыя буйныя гарады | Севастопаль, Інкерман |
Дата ўтварэньня | 14 красавіка 1992 |
Старшыня рады | Юры Дойнікаў (апошні легітымны) |
Афіцыйныя мовы | украінская |
Шчыльнасьць | 440,4 чал./км² |
Нацыянальны склад | расейцы, украінцы |
Плошча | 864 км² км² (27-е месца) |
Месцазнаходжаньне Севастопальскай мескай рады | |
Мапа Севастопальскай мескай рады | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Тэлефонны код | 692 |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Гэтым жа тэрмінам (укр. Севастопольська міська рада або скарочана Севастопольська міськрада) акрэсьліваецца орган мясцовага самакіраваньня адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.
Геаграфія
рэдагавацьРазьмешчаная на поўдні Ўкраіны, знаходзячыся на крайнім паўднёвым захадзе паўвостраву Крым, на поўначы, усходзе й паўднёвым усходзе праходзіць адміністрацыйная мяжа з Аўтаномнай Рэспублікай Крым, на захадзе й поўдні — узьбярэжжа Чорнага мора. Такім чынам, Аўтаномная Рэспубліка Крым уяўляе сабою адзіную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку Ўкраіну першага ўзроўню, зь якою мяжуе Севастопальская меская рада. Агульная даўжыня берагавой лініі — 143 км, адміністрацыйнае мяжы з АРК — 106 км. Плошча тэрыторыі рады — 864 км², што робіць раду найменшай паводле плошчы адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай Украіны першага ўзроўню[1].
На ўсходзе тэрыторыі, падпарадкаванай радзе, праходзяць узвышшы, што адносяцца да Крымскіх гораў. Па ўсёй тэрыторыі рады распасьцёртыя параўнальна невялікія рэкі Байдар, Бяльбек, Кача, Узунджа й Чорная, якія ўпадаюць у Чорнае мора, працякаючы з усходу на захад. На захадзе ўнутар тэрыторыі ўразаецца акваторыя Севастопальскае бухты, якая адначасова адразае паўночную частку Севастопалю, г. зв. Паўночны бок (укр. Північна сторона).
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
рэдагавацьУ адміністрацыйным дачыненьні Севастопальская меская рада падзеленая на чатыры раёны, пры гэтым уласна тэрыторыя гораду Севастопаль не зьяўляецца тоеснай панятку Севастопальская меская рада і не ўтварае ў ейным складзе асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі другога ўзроўню. Уся тэрыторыя рады ўключае акрамя ўласна гораду Севастопаль самастойнае места Інкерман, а таксама пасёлак мескага тыпу Кача і 29 паселішчаў сельскага тыпу (28 сёлаў і 1 пасёлак)[1].
Тэрыторыя ўласна гораду Севастопалю займае параўнальна невялікую прыбярэжную тэрыторыю на паўднёвым захадзе тэрыторыі рады й не складае асобнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ў яе складзе. Адносна рады тэрыторыя места Севастопаль падзеленая між трыма з чатырох раёнаў, пры гэтым адзін з гэтых трох раёнаў — Нахімаўскі, уключае ня толькі кварталы гораду Севастопаль, але й некаторыя прадмескія тэрыторыі. Астатнія з трох раёнаў, Ленінскі ды Гагарынскі, уключаюць толькі мескія тэрыторыі Севастопалю. Балаклаўскі раён гарадзкія тэрыторыі Севастопалю не ўключае.
Гагарынскі раён займае крайні захад Севастопальскае мескае рады — Гераклейскі паўвостраў, і ўключае толькі тэрыторыі ўласна гораду Севастопаль. На ўсход ад раёну месьціцца Ленінскі раён, які таксама ўключае выключна мескія севастопальскія тэрыторыі. На ўсход і поўнач Ленінскага раёну, пабаапал Севастопальскае бухты знаходзіцца Нахімаўскі раён, які займае практычна ўвесь поўнач Севастопальскае рады і з гэтае прычыны ўключае ня толькі тэрыторыі ўласна места Севастопаль, але й пэўныя прадмескія тэрыторыі й паселішчы (Качынская пасялковая, Андрэеўская сельская, Верхнесадоўская сельская рады). На паўднёвы ўсход ад Нахімаўскага й на ўсход ад астатніх раёнаў разьмешчаны Балаклаўскі раён, які займае абсалютную большасьць ад тэрыторыі Севастопальскае мескае рады. Дадзены раён не ўключае тэрыторыі ўласна гораду Севастопаль, аднак у ягоны склад уваходзяць горад Інкерман (Інкерманская меская рада), населены пункт Балаклава, які фармальна ня мае статусу места, і вялікая колькасьць сельскіх паселішчаў (аб’яднаныя пад юрысдыкцыяй Арлінаўскай і Цярноўскай сельскіх радаў).
Дэталёвы сьпіс | |
---|---|
|
Насельніцтва
рэдагавацьПаводле зьвестак на 1 красавіка 2014 году насельніцтва, якое пражывала ў межах Севастопальскае мескае рады, складала 385 998 чал., у тым ліку[2]:
наяўнае насельніцтва, чал. |
у т.л. мескае насельніцтва, чал. |
сталае насельніцтва, чал. |
у т.л. мескае насельніцтва, чал. |
плошча сушы, км2 [3] | |
---|---|---|---|---|---|
Балаклаўскі раён | 45084 | 34583 | 44926 | 34426 | 544,9 |
у т.л. горад Інкерман | 12031 | 12031 | 11850 | 11850 | |
і кварталы Севастопалю[a] | 22552 | 22552 | 22576 | 22576 | |
сельскія н/п | 10501 | 0 | 10500 | 0 | |
Гагарынскі раён | 124514 | 124514 | 123950 | 123950 | 61,1 |
Ленінскі раён | 111107 | 111107 | 110069 | 110069 | 26,0 |
Нахімаўскі раён | 105293 | 91909 | 105090 | 91639 | 231,5 |
у т.л. пгт Кача | 5124 | 5124 | 5121 | 5121 | |
і кварталы Севастопалю[b] | 86785 | 86785 | 86518 | 86518 | |
сельскія н/п | 13384 | 0 | 13451 | 0 | |
м. Севастопаль[c] | 344958 | 344958 | 343113 | 343113 | |
Агулам | 385998 | 362113 | 384035 | 360084 | 863,5 |
Гісторыя
рэдагавацьУ 1992 годзе на аснове закону Ўкраіны «Аб прадстаўніку прэзыдэнта Ўкраіны» й Указу прэзыдэнта краіны ад 14 красавіка 1992 году «Аб становішчы мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі» і распараджэньні прэзыдэнта №9 ад 24 красавіка гэтага ж году была спыненая дзейнасьць Севастопальскага выканкаму Севастопальскага гарсавету, замест якога была зацьверджаная Севастопальская меская дзяржаўная адміністрацыя. У чэрвені 1994 году былі праведзеныя першыя прамыя выбары старшыні Севастопальскае мескае рады. 2 жніўня наступнага году ў адпаведнасьці з пунктам 1 указу прэзыдэнта Ўкраіны «Аб абласных, Кіеўскай і Севастопальскай мескіх, раённых у гарадох Кіеў і Севастопаль дзяржаўных адміністрацыях» была сфармаваная меская дзяржаўная адміністрацыя рады[4]. У верасьні 1998 году Канстытуцыйны Суд Украіны адмовіў у прамым абраньні старшыні рады ў сувязі з адсутнасьцю закону аб статусе Севастопалю, з прычыны чаго старшыня Севастопальскае мескае рады абіраецца дэпутатамі на сэсіі мескае рады.
З 2012 году ў сувязі з ратыфікацыяй Украінай Эўрапейскае Хартыі рэгіянальных моваў і моваў меншасьцяў і прыняцьцем закону «Аб захадах дзяржаўнае моўнае палітыкі» расейская мова, будучы роднаю мовай больш чым 10% ад насельніцтва рады, атрымала мажлівасьць набыць рэгіянальны статус, які й быў ёй нададзены мясцовымі дэпутатамі 16 верасьня 2012 году[5].
Анэксія Расеяй
рэдагавацьУ лютым — сакавіку 2014 году праз уцёкі адпраўленага ў адстаўку прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча й прызначэньнем в. а. прэзыдэнта Аляксандра Турчынава ў Севастопалі атрымалі разьвіцьцё пратэсты прарасейскіх сілаў, накіраваныя супраць новых уладаў краіны, у ходзе чаго легітымныя мясцовыя ўлады былі адхіленыя самаабвешчанымі палітычнымі сіламі прарасейскай арыентацыі. У сярэдзіне сакавіка самаабвешчаныя ўлады Севастопальскае мескае рады аб’явілі пра правядзеньне незаконнага паводле заканадаўства Ўкраіны рэфэрэндуму аб статусе тэрыторыі, у выніку якога паводле сьцьвярджэньняў самаабвешчаных палітычных структураў атрымаў перавагу варыянт «за ўзьяднаньне з Расеяй». Празь невялікі час самаабвешчаныя ўлады рады аб’явілі пра ўваходжаньне ў склад АРК (самаабвешчаныя ўлады якой пераназвалі аўтаномію ў Рэспубліку Крым), якая 16 сакавіка году фармальна аб’явіла незалежнасьць і адразу ж падала прашэньне аб уваходжаньні ў склад Расеі, кіраўніцтва якой ухваліла гэтую просьбу й абвясьціла ўключэньне самаабвешчанай Рэспублікі Крым у склад Расейскае Фэдэрацыі на правох двух асобных суб’ектаў фэдэрацыі (адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак) — уласна Рэспублікі Крым, тэрытарыяльна адпаведнай АРК Украіны, і места фэдэральнага значэньня Севастопаль, тэрытарыяльна адпаведнага Севастопальскай мескай радзе.
Працэс прыходу прарасейскіх сілаў, а таксама рэфэрэндум аб зьмене статусу рады зьяўялецца незаконным паводле заканадаўства Ўкраіны й не прызнаецца цэнтральнымі органамі ўлады краіны, што робіць расейскі кантроль над тэрыторыяй рады толькі фактычным (дэ-факта). Ужо да фактычнага ўсталяваньня кантролю Расеі над Севастопальскай мескай радай самаабвешчаныя ўлады рэгіёну скасавалі афіцыйны статус украінскае мовы, што таксама супярэчыць існаму заканадаўству.
Заўвагі
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б м. Севастополь. Облікова картка (укр.) Афіцыйны партал Вярхоўнае Рады Ўкраіны. Вярхоўная Рада Ўкраіны. Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
- ^ Зьвесткі на 1 красавіка 2014 г. (рас.). Упраўленьне статыстыкі ў г. Севастопалі. Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
- ^ м. Севастополь (райони у містах). Регіони України та їх склад (укр.) Афіцыйны партал Вярхоўнае Рады Ўкраіны. Вярхоўная Рада Ўкраіны. Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
- ^ Указ Президента України. Про обласні, Київську та Севастопольську міські, районні, районні у містах Києві та Севастополі державні адміністрації (укр.) Афіцыйны партал Вярхоўнае Рады Ўкраіны. Вярхоўная Рада Ўкраіны (1995). Праверана 27 чэрвеня 2014 г.
- ^ Дві області і Севастополь зробили російську регіональною // Украінская Праўда. — 2012.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (укр.) (рас.) (анг.)