Майнільскі інцыдэнт

савецкая правакацыя супраць Фінляндыі 26 лістапада 1939 року

Ма́йнільскі інцыдэ́нт — ваенны інцыдэнт, які адбыўся 26 лістапада 1939 року, у часе якога савецкія войскі зладзілі артылерыйскі абстрэл савецкай вёскі Майніла і ўсклалі за гэта адказнасьць на Фінляндыю. Такім чынам інцыдэнт стаў фармальнай нагодай да пачатку савецка-фінскай вайны[1][2].

Месцазнаходжаньне паселішча Майніла на мапе Карэльскага пярэсмыку, граніца пададзеная паводле стану да моманту падпісаньня мірнага пагадненьня

Паводле афіцыйных савецкіх паведамленьнях, 26 лістапада 1939 року на ўчастку граніцы ля вёскі Майнла група савецкіх вайскоўцаў была абстраляная артылерыяй. Было зроблена сем гарматных стрэлаў, у выніку чаго забітыя трое шарагоўцаў і адзін малодшы камандзір, параненыя сямёра шарагоўцаў і два камандзіры. Гэткія лічбы былі пададзеныя ў савецкай ноце і афіцыйным паведамленьні ў газэце «Правда». Савецкі ўрад у звароце да фінскага сьцьвярджаў, што стрэлы былі зьдзейсьненыя з тэрыторыі Фінляндыі, і дзеля папярэджаньня далейшых правакацыяў запатрабаваў адвесьці фінскія войскі на адлегласьць 20—25 км ад граніцы.

У ноце адказу фінскі ўрад заявіў, што, паводле назіраньняў фінскіх гукамэтрычных пастоў, сем стрэлаў былі зьдзейсьненыя каля 16:00 з савецкага боку з адлегласьці прыклада паўтара — два кілямэтры на паўднёвы ўсход ад месца разрыву снарадаў. Таксама паведамлялася, што фіны на граніцы проста ня маюць артылерыі, тым болей дальнабойнай. Фіны прапанавалі стварыць супольную камісію дзеля рассьледаваньня інцыдэнту і пачаць перамовы пра ўзаемны адвод войскаў ад граніцы. Савецкі бок адхіліў прапанову, матывуючы гэта тым, што адвод частак Чырвонай арміі ад граніцы на прапанаваную адлегласьць спрычыніўся б да разьмяшчэньня войскаў у прадмесьцях Ленінграду, што цалкам непрымальна зь меркаваньня забесьпячэньня бясьпекі места[3].

Вынікам інцыдэнту стаў загад савецкім войскам у раёне граніцы адказваць на любыя агрэсіўныя дзеяньні фінаў вагнём, усутыч да зьнішчэньня нападнікаў. Праз два дні пасьля інцыдэнту СССР разарваў пакт аб ненападзе зь Фінляндыяй, праз чатыры — пачаў вайну.

Прычыны інцыдэнту

рэдагаваць

Фінская гістарыяграфія разглядае інцыдэнт як наўмысную правакацыю з боку СССР з мэтаю атрымаць нагоду пачаць вайну[4][5].

Абвастрэньне абстаноўкі на граніцы і абстрэл савецкай тэрыторыі ў той час не адпавядалі інтарэсам Фінляндыі[4]. Так, за тры месяцы да інцыдэнту прэм’ер Фінляндыі Айма Каяндэр на гледзінах фінскіх рэзэрвістаў абвясьціў:

Мы ганарымся тым, что маем мала зброі, якая іржавее ў арсэналах, мала ваеннага абмкндзіраваньня, якое гніе і пакрываецца плесьняю на складах. Аднак мы ў Фінляндыі маем высокі ўзровень жыцьця і сыстэму адукацыі, якой мы можам ганарыцца[5].

Савецкія гісторыкі ніколі не выказвалі сумневаў у тым, што абстрэл фінамі савецкай тэрыторыі сапраўды адбыўся.

Пасьля распаду СССР шэраг расейскіх дасьледчыкаў вывучаў дакумэнты, у тым ліку з рассакрэчаных савецкіх архіваў, датычныя дадзенага выпадку. Адназначна пацьвердзіць факт наўмыснай правакацыі не атрымалася, аднак выяўленыя факты, якія робяць вэрсію дастаткова пераканаўчай. Былі выяўленыя разыходжаньні ў названых у розных дакумэнтах лічбах параненых і забітых савецкіх вайскоўцаў, няма пайменнага сьпіску пацярпелых, інцыдэнт згаданы толькі ў часопісе баявых дзеяньняў 68-га стралковага палку, прычым усе запісы зь лістапада 1939 да сакавіка 1940 року зробленыя адной рукой (што, магчыма, паказвае на падробку), хоць за гэты час у палку чатыры разы мяняліся як камандзіры, так і начальнікі штаба, у абавязак якіх уваходзіць вядзеньне журналу баявых дзеяньняў[6]. Таксама ў апэратыўных зводках і паведамленьнях, складаных камандаваньнем 70-й стралковай дывізыі, у якую ўваходзіў полк, адсутнічаюць ня толькі запісы пра абстрэл зь фінскага боку, аднак і ўвогуле не адзначаны факт зьмяненьня колькаснага складу[6], што ўскосна пацьвярджае вэрсію пра фальшыўку.

  1. ^  Edwards, Robert White Death: Russia’s War With Finland 1939-40. — Phoenix, 2006. — С. 105. — ISBN 9780753822470
  2. ^  Turtola, Martti Kansainvälinen kehitys Euroopassa ja Suomessa 1930-luvulla // Talvisodan pikkujättiläinen / Jari Leskinen, Antti Juutilainen. — 1999. — С. 44—45.
  3. ^ Ответная нота Советского правительства — Известия, № 275 (7045) от 29 ноября 1939 г.
  4. ^ а б Карл Густав Маннергейм. Мемуары. ISBN 5-264-00049-2
  5. ^ а б Энгл Э., Паанен Л. Советско-финская война. Прорыв линии Маннергейма. 1939—1940 / Пер. с английского О. А. Федяева. — М.: Центрполиграф, 2004. — 253 с. — ISBN 5-9524-1467-2
  6. ^ а б Соколов Б. В. Тайны финской войны. — М.: Вече, 2000. — 416 с. — (Военные тайны ХХ века).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць