Рафіс Кашапаў
Рафіс Рафаілавіч Кашапаў (па-татарску: Кашапов Рәфис Рафаил улы; нар. 2 ліпеня 1958, вёска Тымытык Азнакаеўскага раёну Татарскай АССР) — татарскі грамадзкі дзяяч, палітычны вязень паводле праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял».
Рафіс Кашапаў | |
Дата нараджэньня | 2 ліпеня 1958 (66 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Занятак | праваабаронец |
Першы ў Расеі вязень, асуджаны за «распальваньне сэпаратызму».
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1981 року асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі за крадзеж, у 1987 року — да году выпраўленчых работаў за пагрозу гвалту службовай асобе, у 1988 — да двух гадоў пазбаўленьня волі за непаведамленьне пра злачынства.
У 1990-х быў прыватным прадпрымальнікам і татарскім філянтропам. Актыўна дапамагаў у будаўніцтве мячэтаў, мэдрэсэ, фінансава падтрымліваў татарскую культуру. Заснаваў і ўзначальваў у Набярэжных Чаўнах аддзяленьне Ўсетатарскага грамадзкага цэнтру[1][2].
З пачатку 2000-х ФСБ пачала перасьлед братоў Кашапавых. У 2003 року Рафіс жорстка зьбіты, правёў 3,5 месяцы ў СІЗА па падазрэньні ў распальваньні нацыянальнай варажнечы, але апраўданы судом. У 2009 року асуджаны на 1,5 гады ўмоўнага зьняволеньня за распальваньне нянавісьці ў шэрагу артыкулах «Не — хрысьціянізацыі!»
З пачаткам расейска-ўкраінскай вайны браты Кашапавы публічна асудзілі дзеі Расеі. Рафіс браў удзел у арганізацыі антываенных мітынгаў на тэрыторыі Татарстану, правёў галадаваньне на падтрымку палоненай Надзеі Саўчанка і заклікаў татар не ваяваць супраць украінцаў.
28 сьнежня 2014 арыштаваны за допісы ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте», у якіх Рафіс параўноўваў расейскі рэжым з гітлераўскай дыктатурай[3][4]. 18 студзеня 2015 пачынаў палітычнае галадаваньне супраць незаконнага затрыманьня, пачатку крымінальнай справы і перасьледу іншадумцаў. 15 верасьня 2015 року засуджаны да 3 гадоў калёніі агульнага рэжыму[5][4]. Яго прызналі вінаватым у закліках да сэпаратызму, распальваньні нянавісьці і варажнечы па нацыянальнай прыкмеце. Наступнага дня «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня. Прызнаны палітычным вязьнем і праваабарончай арганізацыяй «Мэмарыял»[6].
Выйшаў на свабоду 26 сьнежня 2017 року, у 2018 выехаў ва Ўкраіну, асьцерагаючыся далейшага перасьледу. 21 сакавіка 2018 року разам з сваім эрзянскім паплечнікам Сырэсем Баляенем і ўкраінскім фіна-вугорцам Расьціславам Мартынюком абвясьцілі пра стварэньне грамадзкага руху «Вольны Ідэль-Урал».
26 траўня 2018 року выехаў у Вялікабрытанію, дзе запытаў палітычнага прытулку. Жыве ў Лёндане.
У студзені 2022 року, падчас масавых пратэстаў у Казахстане, падпісаў публічную заяву «Народы Расейскай Фэдэрацыі салідарны з народам Казахстану!», у якой прадстаўнікі башкірскага, інгускага, казацкага, калмыцкага, татарскага, чачэнскага, эрзянскага нацыянальных рухаў заклікалі сваіх грамадзянў ня ехаць у Казахстан у складзе так званага «міратворчага кантынгенту АДКБ»[7].
Сям’я
рэдагавацьЖанаты, мае дачку і сына. Родны брат Нафіс — палітычны эмігрант, які атрымаў у 2015 року ў Польшчы статус уцекача[8].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Хасанова, Гульнара (29 жніўня 2005) Тысячелетие Казани как символ национального возрождения (рас.) Время Свободы. Радио Свобода. Праверана 5 траўня 2022 г.
- ^ Суд признал экстремистской организацией Татарский общественный центр (рас.) Поддержка политзэков. Правозащитный Центр «Мемориал» (11 траўня 2017). Праверана 5 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 8 сьнежня 2021 г.
- ^ Джанполадова, Наталья (3 ліпеня 2015) В камеру за Украину и Крым (рас.) Люди и система. Радио Свобода. Праверана 5 траўня 2022 г.
- ^ а б Татарскі актывіст Рафіс Кашапаў асуджаны на 3 гады калёніі Расея. Радыё Свабода (15 верасьня 2015). Праверана 5 траўня 2022 г.
- ^ Татарский активист Рафис Кашапов приговорен к 3 годам колонии (рас.) Новости. Радио Свобода (15 верасьня 2015). Праверана 5 траўня 2022 г.
- ^ «Мемориал» считает Рафиса Кашапова политзаключенным (рас.) Поддержка политзэков. Правозащитный Центр «Мемориал» (22 верасьня 2015). Праверана 5 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 1 красавіка 2022 г.
- ^ «Переходьте на бік повсталого народу зі зброєю та військовою технікою» — звернення представників корінних народів РФ (укр.) InformNapalm Праверана 5 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 17 студзеня 2022 г.
- ^ Савицький, Юрій (11 сакавіка 2015) Татари проти Путіна і підтримують українців — Кашапов (укр.) Політика. Радіо Свобода. Праверана 5 траўня 2022 г. Архіўная копія ад 1 сакавіка 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Зьвяз салідарнасьці з палітвязьнямі (рас.)
- Профіль Раіса Кашапава (рас.) на бачыне ПЦ «Мэмарыял»
- Профіль Рафіса Кашапава (рас.) на Грані.ру