Роднасьць
(Перанакіравана з «Радня»)
Роднасьць — дачыненьні між людзьмі на аснове паходжаньня ад агульнага продка. З часу першабытнага грамадзтва кроўнароднасныя дачыненьні зьяўляюцца асновай яднаньня людзей у брацтва, род і племя ды вызначаюць від сям’і. Зборным назовам для родзічаў служыць слова радня. У гаворках сустракаюцца назовы: адродзьдзе, прырода, радзіна, род і сраство[1]. Сямейнае і спадчыннае права надзяляе родзічаў правамі і абавязкамі паводле віду кроўнай сувязі, бо тая ёсьць асноўным складнікам сямейных правадачыненьняў[2].
Віды
рэдагаваць- Лінія: 1) прамая (бацькі і дзеці; продкі і нашчадкі); 2) бакавая (браты і сёстры; дзядзькі, цёткі і пляменьнікі); 3) узыходная (ад нашчадкаў да продкаў — унук, сын, бацька, дзед); 4) сыходная (ад продкаў да нашчадкаў).
- Ступеня прамой лініі: 1-я — бацька (тата) і маці (матка, мама), сын і дачка (пазашлюбных дзяцей называюць бастрамі, байструкамі); 2-я — дзед і баба, унук і ўнучка; 3-я — прадзед і прабаба, праўнук і праўнучка; 4-я — прапрадзед і прапрабаба, прапраўнук і прапраўнучка (ужываецца рэдка і часта замяняецца апісаньнем); далейшая — продкі (дзяды, дзяды-прадзеды) і нашчадкі (патомкі).
- Ступеня бакавой лініі: 1-я — брат і сястра (пры частковай роднасьці дзеці ад розных шлюбаў называюцца брат і сястра па бацьку або па маці), пляменьнік (нябож, сыновец) і пляменьніца (нябога); 2-я — дзядзька і цётка, дваюрадныя (стрыечныя) брат і сястра; наступная — падаецца апісаньнем і ўжываецца рэдка[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Клара Панюціч. Роднасьць і сваяцтва // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 396. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4
- ^ Роднасьць у праве // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 13. — С. 396. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0216-4