Пётар Панін

(Перанакіравана з «Пётар Іванавіч Панін»)

Пё́тар Іва́навіч Па́нін (1721—1789) — расейскі вайсковы дзеяч, граф.

Пётар Панін
1721[1][2][3]15 (26) красавіка 1789
Месца нараджэньня
Месца сьмерці

Біяграфія

рэдагаваць

Пачаў вайсковую службу ў 1736 годзе салдатам у лейб-гвардыі Ізмайлаўскім палку, у тым жа годзе быў узьведзены ў афіцэры і адпраўлены ў армію, якая дзейнічала супраць крымскіх татараў. Зь ёй ён удзельнічаў ва ўзяцьці Перакопу й Бахчысараю; затым служыў пад кіраўніцтвам фэльдмаршала Ласі, які дзейнічаў супраць швэдаў, і да пачатку Сямігадовай вайны быў ужо генэрал-маёрам.

Асабліва адзначыўся ў баях пры Грос-Егерсдорфе й Царндорфе, а ў 1759 годзе быў галоўнай прычынай перамогі пры Кунерсдорфе, за што ўзнагароджаны чынам генэрал-паручыка. У 1760 годзе ўдзельнічаў, разам з Чэрнышавым, Татлебенам і Ласі, у заняцьці Бэрліну (дзе адзначыўся, разграміўшы, сумесна з казакамі Краснашчокава і Тураверава, ар’егард корпуса фон Гюльзэна), кіраваў Усходняй Прусіяй, у званьні кёнігсбэрскага генэрал-губэрнатару, і ўзначальваў расейскія сухапутныя і марскія сілы ў Памераніі і Галштыніі.

Пасьля ўступленьня на прастол Кацярыны II (1762) П. І. Панін узведзены ў генэрал-аншэфы і прызначаны сэнатарам і членам савету; у 1767 годзе ўзведзены ў графскую годнасьць. У 1769 годзе яму даручана было начальства над 2-й арміяй, якая дзейнічала супраць туркаў. Разьбіўшы непрыяцеля каля Бяндэр, ён разьмясьціў сваю армію на зімовых кватэрах паміж Бугам і Азоўскім морам, чым перашкодзіў крымскім татарам ажыцьцяўляць набегі на паўднёвыя межы Расеі. У 1770 годзе ім заваяваныя былі Бяндэры. Падчас аблогі гэтай крэпасьці ён пасьпеў перамовамі схіліць татараў буджакскіх, белгарадзкіх і едзісанскіх прызнаць над сабою ўладу Расеі; затым садзейнічаў паскарэньню здачы крэпасьці Акерман.

За гэтыя подзьвігі Панін быў узнагароджаны ордэнам сьв. Георгія 1 ступені, але разам з тым вестка аб перамозе было прынята імпэратрыцай даволі суха, бо яна была незадаволеная вялікімі стратамі і разбурэньнем Бяндэр. Пачуваючыся пакрыўджаным, а таксама з прычыны ўзмацнелай хваробы, граф Панін у тым жа году выйшаў у адстаўку. Пасяліўшыся ў Маскве, Панін пачаў рэзка выяўляць сваё незадавальненьне, што дайшло да імпэратрыцы, якая, лічачы яго «першым ворагам», «сабе пэрсанальным абражальнікам» і «дзёрзкім пустасловам», загадала заснаваць за ім нагляд.

Мяцеж Пугачова зноў выклікаў Паніна на ваенную ніву: дзякуючы стараньням Пацёмкіна і Мікіты Іванавіча Паніна, імпэратрыца пасьля сьмерці Бібікава, у 1774 годзе даручыла Паніну начальства над усімі войскамі супраць Пугачова і над губэрніямі Казанскай, Арэнбурскай і Ніжагародзкай. Неўзабаве пасьля прызначэньня армія Пугачова была разьбітая, а сам ён узяты ў палон. Панін зьвярнуў асаблівую ўвагу на аднаўленьне спустошаных губэрніяў, на паслабленьне ўзьнікшага голаду і наогул на беспарадкі ў кіраваньні — няздольнасьць і бязьдзейнасьць адміністрацыі, ліхаімства і інш. У 1775 годзе Панін атрымаў звальненьне.

П. І. Панін выстаўляецца сучаснікамі, як чалавек пыхлівы і ўладалюбівы. Ён першы ўвёў у расейскую армію егераў, пад назвай стралкоў, і лёгкую конную артылерыю; ён жа напісаў «палкоўнікаву інструкцыю», а пры аблозе Бяндэр упершыню з посьпехам ужыў узмоцнены горн.

  1. ^ Pjotr Iwanowitsch Graf Panin // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  2. ^ Count Petr Ivanovich Panin // Electronic Enlightenment (анг.)OUP.
  3. ^ Petr Ivanovič Panin // MAK (пол.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Пётар Панінсховішча мультымэдыйных матэрыялаў