Пяцігорцы
Пяцігорцы, потым таксама панцырныя — сярэднецяжкая літоўская кавалерыя з ХVІ да ХVІІІ ст. У Польшчы аналягічныя часткі называлі «казакамі», потым часьцей панцырнымі (польск. pancerni, towarzysze pancerni).
Фармацыя ўжывалася часта як дапаўненьне гусараў — як лягчэйшыя ад гусараў яны часта шлі ў атаку другім шэрагам цяжкой конніцы, ці акружалі флянгі разьбітага гусарамі няпрыяцеля. З гусарамі пяцігорцаў спалучаў таксама спосаб рэкрутацыі г. зв. «таварыскі набор» (польск. zaciąg towarzyski).
Да канца XVI стагодзьдзя пяцігорцы не карысталіся дасьпехамі, а толькі шаломамі місюркамі ды шчыткова-кальчужнымі паруччамі — карвашамі. Пазьней дасьпех пяцігорца складаўся з: кальчугі (кальчужнага панцыру), паручча — карвашы, шалому — місюркі ці шышака, часта з барміцай — дачэпленым кальчужным каўнерам. У якасьці шчыта выступаў плецены калкан — круглая тарча турэцкага тыпу. Наступальнай зброяй была трохмэтровая дзіда са стопарам-круком — рагаціна, шабля, два пісталеты ды рушніца (раней лук). Ужывалі таксама дзіды і дасьпехі іншых тыпаў — але ж звычайна лягчэйшыя за гусарскія. У XVIІ ст. пяцігорцы пачалі насіць таксама кірасы. Паводле цяжкасьці пяцігорцы занялі ў кавалерыі ВКЛ месца паміж гусарамі і казакамі, часам перавышаючы іх паводле колькасьці.
Напрыканцы ХІV ст. пяцігорцамі называлі лёгкую найманую коньніцу каўкаскага паходжаньня, якая складалася з каўкаскіх горцаў (чаркесаў з ваколіцаў Кубані і Пяцігор’я), якія аселі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Паводле легенды бралі ўдзел у бітве пад Воршай 1514 г. Наступная хваля чаркесаў на чале з пяцьцю кабардынскімі князямі зьявілася на Літве ў 1562 годзе, дзе яны працягвалі службу ў пяцігорскіх харугвах. Так, рота Цямрука Оныхавіча Шымковіча брала ўдзел у войнах С. Баторыя з Гданьскам і Масквой. Стаконная рота пяцігорцаў Захарыя білася ў бітве пад Кірхгольмам 1605, Станіслава Хвалібога пад Клушынам у 1610 ды іншых. З часам у пяцігорцах пачалі служыць таксама татары, шляхта і панцырныя баяры, склаўшы іх асноўную масу.