Пэрл-Гарбар (па-ангельску: Pearl Harbor — «пэрлінавая гавань») — гавань на востраве Оаху, Гаваі. Большая частка гавані і прылеглых тэрыторыяў занятыя цэнтральнай базай ціхаакіянскага флёту ваенна-марскіх сіл ЗША.

Пэрл-Гарбар, здымак са спадарожніка. Справа ўнізе бачны міжнародны аэрапорт Ганалулу

7 сьнежня 1941 году Японія зьдзейсьніла напад на Пэрл-Гарбар, што паслужыла падставай уступленьня ЗША ў Другую сусьветную вайну.

Гісторыя

рэдагаваць

Пэрл-Гарбар да 1941 году

рэдагаваць

У 1875 годзе ЗША і каралеўства Гаваі заключылі дагавор аб супрацоўніцтве, па якім флёт ЗША атрымліваў доступ да гавані Пэрл-Гарбар у абмен на спэцыяльныя ўмовы для імпарту гавайскага цукру ў ЗША. Пазьней, паводле вынікаў гішпана-амэрыканскай вайны 1898 году ЗША канчаткова анэксавалі Гаваі.

Пасьля анэксіі гавань была пашырана, што дало магчымасьць прыняць большую колькасьць караблёў. У 1908 годзе была пабудаваная караблёвая майстэрня.

Напад на Пэрл-Гарбар

рэдагаваць
 
Лінкар «Арызона» гарыць пасьля выбуху, выкліканага пападаньнем японскай бомбы

26 лістапада 1941 ударнае злучэньне японскага імпэратарскага флёту пад камандаваньнем віцэ-адмірала Нагума Цюіці на загад камандуючага флёту Ісароку Ямамота пакінула базу ў заліве Хітакапу на Курыльскіх астравах і накіравалася да Пэрл-Гарбару. Японскае злучэньне ўключала шэсьць авіяносцаў: «Акагі», «Хіру», «Каган», «Секаку», «Сорю» і «Дзюйкаку», на якіх разьмяшчаўся 441 самалёт.

Мэтай нападу на Пэрл-Гарбар зьяўлялася нэўтралізацыя ціхаакіянскага флёту ЗША для таго, каб забясьпечыць свабоду дзеяньняў японскай арміі і флёту ў паўднёва-ўсходняй Азіі.

Раніцай самалёты зь японскіх авіяносцаў нанесьлі ўдары па аэрадромах на востраве Оаху і па караблях, якія стаялі на якары ў гавані Пэрл-Гарбар. Было зьнішчана 4 лінкары, 2 эсьмінцы, 1 мінны загараджальнік. Яшчэ 4 лінейныя караблі, 3 лёгкія крэйсэры і 1 эсьмінец атрымалі сур’ёзныя пашкоджаньні. Страты амэрыканскай авіяцыі склалі 188 самалётаў зьнішчанымі, яшчэ 159 былі цяжка пашкоджаныя. Амэрыканцы страцілі 2403 чалавекі забітымі (зь іх больш за 1000 на борце зьнішчанага лінкара «Арызона») і 1178 параненымі. Японцы страцілі 29 самалётаў — 15 пікіравальнік, 5 тарпэданосцаў і 9 зьнішчальнікаў. Былі патопленыя 5 звышмалых падводных лодак. Людзкія страты склалі 55 чалавек. Яшчэ адзін — лейтэнант Сакамакі — быў узяты ў палон. Ён даплыў да берага пасьля таго, як яго звышмалая падводная лодка наскочыла на рыф.

З пункту гледжаньня неадкладнага эфэкту напад на Пэрл-Гарбар абярнуўся неймаверным посьпехам для Японіі. Нэўтралізацыя ціхаакіянскага флёту ЗША на 6 месяцаў дазволіла Японіі зь лёгкасьцю захапіць вялікую частку Паўднёва-Ўсходняй Азіі, у тым ліку Ганконг, Бірму, Галяндзкую Ост-Індыю, Малае, Сынгапур і Філіпіны. Аднак адмова ЗША ў перамір’і і немагчымасьць атрыманьня дапамогі ад саюзьнікаў у канчатковым рахунку прывялі да паразы Японіі. З усіх патопленых амэрыканскіх караблёў не атрымалася аднавіць толькі 4 — лінкары «Арызона» (выбухнуў), «Аклагома» (перакуліўся) і 2 эсьмінцы. Імкнучыся зьнішчыць лінкары і самалёты, японскія сілы пакінулі некранутымі вельмі важныя для далейшага ходу вайны і разам з тым лёгка дасягальныя ў рамках нечаканай атакі цэлі: 11 падводных лодак, велізарныя запасы нафты ў сховішчах, рамонтныя майстэрні і докі. Уласна і авіяцыі, нягледзячы на ​​ўяўныя вялікія лічбы ўрону, быў нанесены значна меншы магчымага ўрон. Імкнучыся да максымальнай утоенасьці і мінімальных страт, японскае камандаваньне адмовілася ад прымяненьня артылерыйскіх караблёў (што пры зьніжэньні рызыкі страт і выяўленьня значна паменшыла і нанесеную праціўніку шкоду), засяродзіўшыся на авіяцыі і звышмалых падводных лодках (апошнія не прынесьлі ніякага выніку). Больш за тое, спрабуючы максымальна атрымаць вынік з фактару нечаканасьці, удар наносілі толькі дзьвюмя хвалямі, што ў канчатковым выніку, захаваўшы большую колькасьць самалётаў, істотна зьменшыла і амэрыканскія страты. Наўмысна ці выпадкова, але японскі флёт напаў на амэрыканскую вайсковую базу ў момант адсутнасьці на ёй авіяносцаў. Як вынік, авіяносныя вайскова-марскія сілы амэрыканскага флёту, якія сталі асноўнымі ў далейшым ходзе Другой сусьветнай вайны, не панесьлі ў ходзе апэрацыі ніякіх страт. Апошні фактар ​​стаў падставай для абвінавачваньня амэрыканскага кіраўніцтва ў наўмысным засяроджваньні пад удар японскага флёту не маючых вырашальнай баявой каштоўнасьці караблёў (лінейныя караблі тыпу «Паўночная Караліна», на той момант два найноўшых і як вынік наймацнейшых лінкары ЗША, на базе адсутнічалі, яшчэ восем знаходзіліся ў розных стадыях дабудоўкі) з мэтай схіленьня амэрыканцаў да ўступленьня ў Другую сусьветную. З 22 японскіх караблёў, якія прымалі ўдзел у нападзе на Пэрл-Гарбар, да канца вайны ацалеў толькі 1.

Пэрл-Гарбар пасьля Другой сусьветнай вайны

рэдагаваць

У цяперашні час Пэрл-Гарбар зьяўляецца найбуйнейшай ваенна-марской базай ЗША на Ціхім акіяне і штаб-кватэрай ціхаакіянскага флёту ЗША. Суднавэрф, разьмешчаная побач з гаваньню, забясьпечвае працай 12 000 чалавек.

У памяць аб загінуўшых амэрыканскіх мараках на месцы патанулага лінкара «Арызона» створаны мэмарыял. Яшчэ адным помнікам падзеяў вайны на Ціхім акіяне зьяўляецца зьмешчаны на вечнай стаянцы ў Пэрл-Гарбары лінкар «Місуры», на якім 2 верасьня 1945 году быў падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі. Аб гэтай падзеі зьнятыя два фільмы: амэрыканска-японскі «Тора! Тора! Тора!» і амэрыканскі «Пэрл-Гарбар».

Літаратура

рэдагаваць
  • Якаўлеў М. М. Перл-Харбор, 7 декабря 1941 года. Быль и небыль. М.: Политиздат, 1988.-286 с.: Іл. ISBN 5-250-00448-2