Пульсар

астранамічны аб’ект

Пульса́р — нэўтронная зорка з моцным уласным магнітным полем, якая верціцца і выпраменьвае на частаце радыёхваляў.

Схематычная выява пульсара. Сфэра ў цэнтры выявы — нэўтронная зорка, крывыя лініі абазначаюць лініі магнітнага поля пульсара, блакітныя конусы — патокі выпраменьваньня пульсара

Назіраныя пэрыяды пульсараў розьняцца ад 1,4 мс да 8,5 с. Выпраменьваньне ад пульсара можа быць заўважана на Зямлі толькі тады, калі яго пучок скіраваны ў бок Зямлі — такая зьява называецца «эфэкт маяка».

Гісторыя

рэдагаваць
 
Выява Крабападобнай туманнасьці ва ўмоўных колерах (сіні — рэнтгенаўскі, чырвоны — аптычны дыяпазон). У цэнтры туманнасьці — пульсар PSR B0531+21.

Першы пульсар быў адкрыты ў чэрвені 1967 году Джоўсьлін Бэл(en), асьпіранткай Энтані Г’юіша на мэрыдыянным тэлескопе Малардзкай астранамічнай абсэрваторыі Кембрыдзкага ўнівэрсытэта на даўжыні хвалі, роўнай 3,5 м (85,7 МГц). За гэты выбітны вынік Г’юіш атрымаў у 1974 годзе Нобэлеўскую прэмію. Першапачаткова пульсар атрымаў назву CP 1919; сучасныя назвы гэтага пульсара — PSR B1919+21 (таксама PSR J1921+2153). Хоць CP 1919 і зьяўляецца радыёпульсарам, ён таксама выпраменьвае ў бачным, рэнтгенаўскім і гама-выпраменьваньні.[1]

Вынікі назіраньняў некалькі месяцаў хаваліся ў таямніцы, а першаму адкрытаму пульсару было нададзенае імя LGM-1 (скар. ад Little Green Men — маленькія зялёныя чалавечкі).[2] Было высунутае меркаваньне, што гэтыя строга пэрыядычныя імпульсы радыёвыпраменьваньня маюць штучнае паходжаньне. Але доплераўскага зрушэньня частасьці (характэрнага для крыніц, якія зьдзяйсьняюць арбітальны рух вакол зоркі) не было выяўлена. Акрамя таго, група Г’юіша знайшла яшчэ 3 крыніцы аналягічных сыгналаў. Пасьля гэтага гіпотэза пра сыгналы ад пазазямной цывілізацыі адпала, і ў лютым 1968 году ў часопісе «Nature» зьявілася паведамленьне пра адкрыцьцё хутказьменных пазазямных радыёкрыніц невядомай прыроды са звышстабільнай частасьцю.[3]

Паведамленьне ўзьняло навуковую сэнсацыю. Да канца 1968 году розныя абсэрваторыі сьвету адкрылі яшчэ 58 аб’ектаў, якія атрымалі назву пульсараў, а колькасьць прысьвечаных ім публікацыяў у першыя ж гады пасьля адкрыцьця склала некалькі сотняў. Хутка астрафізыкі прыйшлі да высновы, што пульсар, дакладней радыёпульсар, уяўляе сабою нэўтронную зорку. Зь яе зыходзяць вузканакіраваныя патокі радыёвыпраменьваньня, і ў выніку вярчэньня нэўтроннай зоркі паток трапляе ў поле зроку вонкавага назіральніка праз роўныя прамежкі часу — гэтак утвараюцца імпульсы пульсара.

На 2008 год вядома ўжо каля 1790 радыёпульсараў (паводле зьвестак каталёга ATNF). Найбліжэйшыя зь іх знаходзяцца на адлекласьці каля 0,12 кпк (каля 390 сьветлавых гадоў) ад Сонца.

Крыху пазьней былі адкрытыя крыніцы пэрыядычнага рэнтгенаўскага выпраменьваньня, названыя рэнтгенаўскімі пульсарамі. Як і радыё-, рэнтгенаўскія пульсары зьяўляюцца моцна замагнічанымі нэўтроннымі зоркамі. У адрозьненьне ад радыёпульсараў, якія растрачваюць уласную энэргію вярчэньня на выпраменьваньне, рэнтгенаўскія пульсары выпраменьваюць за кошт акрэцыі рэчыва зоркі-суседа, якое запоўніла ўласную поласьць Роша і пад дзеяньнем пульсара паступова пераўтвараецца ў белага карліка. Адсюль, маса пульсара павольна ўзрастае, павялічваецца яго момант інэрцыі і частасьць вярчэньня, у той час як радыёпульсары з часам, наадварот, запавольваюцца. Звычайны пульсар зьдзяйсьняе абарот за час ад некалькіх сэкундаў да некалькіх дзясятых доляў сэкунды, а рэнтгенаўскі пульсар робіць сотні абаротаў за сэкунду.[4]

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Courtland, Rachel. «Pulsar Detected by Gamma Waves OnlyNew Scientist, 17 October 2008.  (анг.)
  2. ^ Амнуэль П. Р. Далёкие маяки Вселенной (К 40-летию открытия пульсаров) (рас.). — Фрязино: Век 2, 2007. — ISBN 5-85099-177-7
  3. ^ Малов И. Ф., Малофеев В. М. Пульсары: 20 лет исследований // Земля и Вселенная. — 1991. — № № 1. — С. 16—22.
  4. ^ Сиднева Г. «Танец трупа» — сверхскоростной пульсар  (рас.) // НЛО. — «Калейдоскоп», 2004. — № 5 (323). — С. 2. — ISSN 1560-2788.