Польскі легіён у Фінляндыі

По́льскі легіён у Фінля́ндыі (па-фінску: Puolan Legioona Suomessa) — добраахвотнае вайсковае злучэньне з палякаў расейскай арміі, якое існавала да і падчас фінскай грамадзянскай вайны ў 1917—1918 гадах.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі, палякі, якія служылі ў царскім войску, што дысьлякавалася на тэрыторыі Вялікага княства Фінляндзкага, пачалі ствараць вайсковыя рады. Яны былі створаны ў многіх фінскіх гарадах, як Хэльсынкі, Іна, Лапеэнранта, Тампэрэ, Вааса, Турку, Оўлу, Торніо, Хямеенліна, Кокемякі, Раўма, Панэлі, Рыйхімякі, Котка, Мікелі, Поры, Выбарг, Ханко. Іх прадстаўнікі вырашылі стварыць польскае ваеннае фармаваньне.

Таму 24 красавіка 1917 году ў Выбаргу быў створаны польскі легіён у Фінляндыі. Адным зь ягоных заснавальнікаў быў Аляксандар Вільчэўскі. На чале яго стаў ратмістар Станіслаў Багуслаўскі. Фармаваньне складалася з камбінаваных батальёнаў розных відаў зброі ў Выбаргу, пяхотнай роты ў Іна і цяжкіх артылерыйскіх батарэй у Суомэнліна. Складалася з 37 афіцэраў і каля 1,7 тысячы жаўнераў. Усе яны былі добра ўзброены і экіпіяваны. Легіён быў палітычна падначалены ЦК Васковай Асацыяцыі палякаў у Фінляндыі.

Пасьля пачатку фінскай грамадзянскай вайны ў студзені 1918 году легіён падпарадкаваўся Белым, пасьля чаго прыняў удзел у баях з Чырвонай арміяй. Ваяваў у рэгіёне Выбаргу.

Па сканчэньні вайны ў траўні 1918 году польскія легіянэры, пакінуўшы фінам зброю, вярнуліся ў Польшчу. Яны прымалі ўдзел у вайне супраць бальшавікоў 1919—1920 гг. Напачатку чэрвеня 1927 году ў гадавіну 10-годьдзя стварэньня фармаваньня адбылася ўрачыстая сустрэча былых легіянэраў.