Генэральны плян Ост

(Перанакіравана з «Плян «Ост»»)

Генэра́льны плян «Ост» (па-нямецку: Generalplan Ost) — праграма масавага генацыду насельніцтва Ўсходняе Эўропы й СССР у межах нямецкага пляну па вызваленьні «жыцьцёвае прасторы» (Lebensraum) для немцаў і іншых германскіх народаў за конт земляў «ніжэйшых расаў», перш за ўсё славянаў.

Генэральны плян «Ост» з апорнымі пунктамі і пазнакамі (плян інстытуту сельскай гаспадаркі і сельскаагаспадарчай палітыкі ўнівэрсытэту Фрыдрыха Вільгельма (Бэрлін)

Пра Плян сталася вядома толькі ў часе Нюрнбэрскага працэсу над вышэйшымі чынамі Нацынал-сацыялістычнае Нямеччыны. Распрацоўваўся Галоўным упраўленьнем імпэрскае бясьпекі (РСХА) на чале з райхсфюрэрам СС Гайнрыхам Гімлерам і быў зацьверджаны Адольфам Гітлерам 25 траўня 1940 году. Надалей у Плян уносіліся зьмены адносна пашырэньня ягонага ахопу й ужываньня больш жорсткіх мэтодаў зьдзяйсьненьня. Копіяў пляну не захавалася, аднак ягоны асноўны зьмест быў узноўлены паводле згадак і спасылак у іншых дакумэнтах Трэйцяга Райху. Плян быў падзелены на «Малы Плян» (Kleine Planung) і «Вялікі Плян» (Große Planung). Першы мусіў быў быць праведзены ў часе вайны, іншы па ейным заканчэньні.

Згодна з Плянам, славянскае насельніцтва падлягала фізычнаму вынішчэньню й высяленьню ў Заходнюю Сыбір, на Паўночны Каўказ, а таксама ў Паўдзённую Амэрыку й Афрыку. Гэтак прапаноўвалася высяліць да 85% адсоткаў палякаў, 75% беларусаў, 65% украінцаў, 50% чэхаў і значную частку насельніцтва Прыбальтыкі (пры чым летувісы, як народ зь вялікім дамешкам славянскае крыві, падлягаў значна большаму ў адсоткавых адносінах высяленьню). Расейцы мусілі былі быць амаль цалкам зьнішчаныя й падзеленыя на шэраг іншых народаў. Насельніцтва, што заставалася на акупаваных тэрыторыях, альбо падлягала анямечваньню, альбо ператваралася ў рабоў. На «вызваленых» землях прапаноўвалася пасяліць блізу 10 мільёнаў немцаў. У Пляне амаль ня ўзгадваліся жыды, якія яшчэ згодна з праектам «Канчатковага вырашэньня жыдоўскага пытаньня» (Endlösung der Judenfrage) падлягалі татальнаму зьнішчэньню.

Для рэалізацыі Пляну толькі на тэрыторыі Беларусі было створана 260 лягероў сьмерці й 170 гетаў.

Дакумэнты

рэдагаваць

З дырэктывы А. Гітлера міністру па справах усходніх тэрыторыяў А.Розэнбэрґу пра пачатак рэалізацыі Генэральнага пляну «Ост» (23 ліпеня 1942): «Славяне павінны працаваць на нас, а ў выпадку, калі яны нам больш не патрэбныя, хай паміраюць. Прышчэпкі й ахова здароўя залішнія для іх. Славянская плоднасьць непажаданая... адукацыя небясьпечная. Дастакова, калі яны будуць умець лічыць да ста... Кожны адукаваны чалавек — наш будучы вораг. Трэба адкінуць усю сэнтымэнтальнасьць...»

З «Заўвагаў і прапановаў паводле Генэральнага Пляну „Ост“ райхсфюрэра войскаў СС» наконт беларусаў (27 красавіка 1942): «Паводле Пляну, прадугледжваецца высяленьне 75 адсоткаў беларускага насельніцтва з займаймае імі тэрыторыі. Значыцца, толькі 25 адсоткаў беларусаў, паводле Пляну Галоўнага ўпраўленьня імпэрскае бясьпекі, падлягаюць анямечваньню...

Непажаданае ў расавых адносінах беларускае насельніцтва будзе яшчэ цягам многіх гадоў знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. У сувязі з гэтым бачыцца надзвычай неабходным па магчымасьці стараней адбіраць беларусаў нардычнага тыпу, што падыходзяць паводле расавых прыкметаў і палітычных меркаваньняЎ для анямечваньня, і накіроўваць іх у імпэрыю з мэтай выкарыстаньня ў якасьці працоўнае сілы... Іх можна было б выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы як сельскагаспадарчых работнікаў, а гэтаксама ў прамысловасьці ці як рамесьнікаў. Праз стаўленьне да іх як да немцаў і праз адсутнасьць у іх нацыянальнага пачуцьця, яны неўзабаве, прынамсі ў бліжэйшым пакаленьні, маглі б быць цалкам анямечаныя.

Наступным пытаньнем ёсьць пытаньне пра месца для перасяленьня беларусаў, непрыдатных ў расавых адносінах для анямечваньня. Згодна з Генэральным Плянам, яны мусяць быць пераселеныя ў Заходнюю Сыбір. Варта зыходзіць з таго, што беларусы — найбольш бясшкодны й таму самы бясьпечны для нас народ з усіх народаў усходніх земляў. Нават тых беларусаў, якіх мы ня можам паводле расавых меркаваньняў пакінуць на тэрыторыі, прызначанае для калянізацыі нашым народам, мы можам у большай ступені за прадстаўнікоў іншых народаў усходніх земляў, выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах. Земля Беларусі небагатая. Прапанаваць ім лепшыя землі — прымірыць іх зь некаторымі рэчамі, што б маглі падбухторыць іх супраць нас. Да таго ж, паміж іншым, варта дадаць, што само па сабе расейскае й асабліва беларускае насельніцтва схільнае мяняць наседжаныя месцы, так што перасяленьне ў гэтых землях не ўспрымалася б жыхарамі гэтак трагічна, як, прыкладам, у прыбальтыцкіх краінах. Варта б падумаць таксама над тым, каб перасяліць беларусаў на Ўрал ці ў раёны Паўночнага Каўказу, якія часткова б маглі быць рэзэрвовымі тэрыторыямі для эўрапейскае цывілізацыі...»

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць