Першая сталіца Ўкраіны
Першая сталіца Ўкраіны — неафіцыйны савецкі тытул Харкава, зьвязаны з тым, што з 1919 па 1934 гады гэты горад быў сталіцай Украінскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. Нягледзячы на тое, што культурным і палітычным цэнтрам краіны быў Кіеў, выбар сталіцы бальшавікамі прыпаў на Харкаў, паколькі у Кіеве бальшавікі мелі слабыя пазіцыі і ён знаходзіўся бліжэй да фронту, што ў суме магло давясьці да рэальнага, а не дэкляратыўнага самаўпраўленьня УССР.[1] Сталічны статус Харкава на нейкі час зьмясьціў сюды цэнтар культурнага жыцьця Савецкай Украіны, з гэтым перыядам зьвязаныя такія зьявы як Харкаўскі правапіс і Расстралянае адраджэньне.
За межамі горада гэты тытул ўспрымаецца скептычна, паколькі на момант абвяшчэньня Савецкай Украіны ўжо існувала Украінская Народная Рэспубліка са сталіцай у Кіеве, ды й наогул Кіеў традыцыйна быў культурным і палітычным цэнтрам Украіны пачынаючы з 9 стагодзьзя. Некаторыя крытыкі гэтага тытула называюць Харкаў «сталіцай Галадамору», бо толькі пасьля зьнішчэньня некалькі мільёнаў украінцаў бальшавікі наважыліся перанесьці сталіцу ў Кіеў.[2]
Гісторыя
рэдагаваць19 сьнежня 1919 году была абвешчаная Ўкраінская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка. У супрацьлегласьць Кіеву, які быў сталіцай УНР, сталіцай УССР быў абвешчаны Харкаў.
У гэты пэрыяд Харкаў бурна разьвіваўся. Для разьмяшчэньня розных органаў дзяржаўнай улады быў пабудаваны адміністрацыйны цэнтар на плошчы Дзяржынскага (цяпер плошча Свабоды). Першым будынкам, які быў пабудаваны для гэтых функцыяў, стаў Дом дзяржаўнай прамысловасьці (Дзяржпрам).
Пасьля Дзяржпраму на акруглай частцы плошчы Дзяржынскага былі ўзьведзеныя будынак Дому праектных і будаўнічых арганізацыяў (пасьля рэканструкцыі — Харкаўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, цяпер — Харкаўскі нацыянальны ўнівэрсытэт імя В. Каразіна) й Дому каапэрацыі (пазьней — Ваенная акадэмія імя Говарава, цяпер — Нацыянальны ўнівэрсытэт імя В. Каразіна). На прамавугольнай частцы плошчы быў збудаваны гатэль «Інтэрнацыянал» (цяпер — «Харкаў»). З боку вуліцы Сумской плошчы замкнуў будынак Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі УССР (зьнішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны).
У 7 км ад усходняй ускраіны Харкава (цяпер тэрыторыя гораду) у 1930 годзе пачалося будаўніцтва Харкаўскага трактарнага заводу — машынабудаўнічага гіганту савецкага пэрыяду.
У 1934 годзе сталіцу перанесьлі ў Кіеў. Пры гэтым фактычна Харкаў захаваў сталічны статус да самой Вялікай Айчыннай вайны: пасьля 1934 году ў горадзе працягвалі знаходзіцца шматлікія важныя наркаматы (міністэрствы) і агульнаўкраінскія ведамствы.
У ходзе Вялікай Айчыннай вайны, падчас другога вызваленьня Харкава з 16 лютага па 10 сакавіка 1943 году, Харкаў часова, да вызваленьня Кіева, ізноў стаў сталіцай Украінскай ССР. У Харкаў пачалі прыбываць дзяржаўныя ўстановы УССР, прыступілі да працы ЦК кампартыі УССР і Саўнаркам УССР. Аднак магутная групоўка войскаў праціўніка зноў акупавала Харкаў 10 сакавіка 1943 году. Органам улады давялося тэрмінова эвакуявацца.
У 2009 годзе старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімер Літвін прапанаваў перанесьці Канстытуцыйны суд Украіны ў Харкаў[3].
У культуры
рэдагавацьСталіцай Харкаў называў украінскі пісьменьнік Рыгор Квітка-Аснаўяненка. У 1827 годзе ён напісаў камэдыю «Прыежджы са сталіцы, альбо мітусьня ў павятовым горадзе».