Пераклад Бібліі Рыма-Каталіцкага касьцёлу на Беларусі
Перакла́д Бі́бліі Ры́ма-Каталі́цкага касьцё́лу на Белару́сі быў пачаты ў 2007 року і на цяперашні час працягваецца. Паводле стану на 8 траўня 2013 перакладзеныя ўсе чатыры Эвангельлі, Дзеі Апосталаў, 7 пасланьняў апостала Паўла, 7 іншых пасланьняў ды Апакаліпсіс сьв. Яна[1].
Перакладам займаецца «Сэкцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу» Камісіі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі (далей — Сэкцыя). Яна дзейнічае з 1992 року, перакладаючы розныя літургічныя тэксты касьцёлу. За час працы былі створаныя мноства перакладаў, якія ў большай ці меншай ступені зьмяшчаюць асобныя тэксты Сьвятога Пісаньня[2].
У 2002—2005 роках Сэкцыя зьдзейсьніла пераклад на беларускую мову «Імшальнага лекцыянарыю»(en). Да яго каталіцкія сьвятары карысталіся беларускімі перакладамі найперш Лукаша Дзекуць-Малея, у меншай ступені — Уладзіслава Чарняўскага ды Васіля Сёмухі. Пераклад «Лекцыянарыю» быў зьдзейсьнены з арыгіналу: Stuttgartensia (габрэйскі) і Nestle-Aland (грэцкі) — з улікам лацінскай Новай Вульгаты[2].
Тэксты «Лекцыянарыю» выкарыстаныя ў перакладзе Бібліі, які распачаўся ў 2007 року падрыхтоўкай чатырох Эвангельляў. Паводле дакумэнтаў Касьцёлу, пераклад можна рабіць толькі з арыгінальных моваў (габрэйская, арамэйская, грэцкая; літургічныя — з лацінскай); таксама варта кіравацца тэкстам Новай Вульгаты[2].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Новы Запавет Сьвятое Пісаньне. Рыма-Каталіцкі Касьцёл у Беларусі (8 траўня 2013). Праверана 24 ліпеня 2013 г.
- ^ а б в Ян Крэміс, кс. др. (8 кастрычніка 2010) Гісторыя перакладу тэкстаў Сьвятога Пісаньня на беларускую мову, зьдзейсьненых Сэкцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакумэнтаў Касьцёлу пры ККББ Даклад на Сымпозыюме, прысьвечаным Божаму Слову ў год сьв. апостала Паўла: «Слова Божае жывое і дзейснае» (Гбр. 4:12). Беларускі партал «Царква». Праверана 12 сьнежня 2017 г.