Палпатын

пэрсанаж «Зорных войнаў»

Імпэратар Палпатын (у мінулым вярхоўны канцлер Галяктычнай рэспублікі; па-ангельску: Palpatine), ён жа Дарт Сыдыюс (па-ангельску: Darth Sidious) — выдуманы пэрсанаж сусьвету «Зорных Войнаў». Палпатын упершыню зьяўляецца ў новай трылёгіі ў першым эпізодзе. У клясычнай трылёгіі прысутнічае толькі цёмны ўладар Дарт Сыдыюс, альбо Імпэратар.

Дарт Сыдыюс
Пэрсанаж «Зорных войнаў»
Расачалавек
Родная плянэтаНабу
Належыць даСытх
ДзейнасьцьВярхоўны канцлер, потым Імпэратар
Стацьмужчына
Рост173 см
Валасысівыя
Вочыжоўтыя
Зброячырвоны сьветлавы меч
Здымкі
АкторЕн Макдаермід і Клайв Рывел

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Палпатын — гэта, пэўна, адна з самых загадкавых асоб у гісторыі Зорных войнаў. Пра ягонае мінулае амаль нічога невядома. Ён нарадзіўся ў горадзе Тыд на плянэце Набу на адзінаццаты дзень восьмага месяцу восемдзесят другога року да бітвы на Явіне. Пазьней ён некалькі разоў балятаваўся на дзяржаўныя пасады, але безвынікова. І толькі ў 52 року да бітвы на Явіне яго абралі на пасаду прадстаўніка сэктара Чамол у Галяктычным сэнаце. Адбылося гэта адразу пасьля загадкавага забойства Відара Кіма (невядома, ці мае Палпатын да гэтага дачыненьне).

Жыцьцё Палпатына вельмі таямнічае. У яго атрымоўваецца захоўваць таямніцу сваёй сапраўднай існасьці, нават побач з джэдаямі. Глядач толькі ў трэцім эпізодзе даведваецца пра тое, што Дарт Сыдыюс і канцлер — адна і тая ж асоба.

Палпатын быў вучнем у старога і вельмі мудрага сытха Дарта Плэгаса Мудрага. Вучань Дарта Плэгаса забівае свайго настаўніка, калі той сьпіць, і сам становіцца адзіным уладаром на цёмным баку Моцы. Пасьля зьнішчэньня свайго настаўніка Сыдыюс бярэ сабе ў вучні забрака і дае яму імя Дарт Мол. Палпатын сам выхоўвае яго сытхам і робіць зь яго моцнага ды ліхога ваяра-сытха.

На палітычнай арэне Палпатын вядомы як сэнатар сярэдняй рукі, але з цягам часу ён рухаецца наперад і пераўтвараецца ў ініцыятыўнага палітыка. Адбываецца гэта таму, што ў яго маюцца добрыя стасункі з некаторымі ўплывовымі людзьмі рэспублікі, такімі як магістр джэдаяў Ёрус К’бат. У той жа час Палпатын знаёміцца зь намесьнікам губэрнатара захалуснага сэктара Карусанта Ўілгафам Таркінам. Гэта забясьпечвае яму ўпэўнены рух па палітычнай лесьвіцы. Палпатын зарабіў добрую рэпутацыю на барацьбе з карупцыяй.

Яшчэ ў першым эпізодзе пад выглядам Дарта Сыдыюса ён зьвязваецца зь віцэ-каралём Гандлёвай фэдэрацыі Нутам Ганрэем і дамаўляецца зь ім аб блякадзе й нападзе на Набу. Верагодна, што Палпатын мае дачыненьне да забойства Вяруны — караля Набу. Робіцца гэта ўсё таямніча, і таму сэнат нічога ня ведае і не рэагуе. Каралева Падмэ Амідала ў выніку атакі фэдэрацыі змушана ўцякаць з Набу. Патрапіўшы на Карусант, яна абураецца бязьдзеяньнем сэнтараў і выносіць вотум недаверу Вэлоруму, і пасьля патрабуе выбараў новага вярхоўнага канцлера замест існуючага. Але робіць каралева гэта пад уплывам Палпатына. Складаныя палітычныя інтрыгі Палпатына й ягоных прыхільнікаў уводзяць рэпутацыю існуючага канцлера ў глыбокі крызіс. Напад, які быў ініцыяваны Дарт Сыдыюсам на Набу, становіцца апошняй кропляй для Вэлорума. У выніку яго скідаюць з пасады вярхоўнага канцлера ўсеагульным галасаваньнем у сэнаце, а замест яго на пасаду вярхоўнага канцлера прыходзіць Палпатын. І гэта становіцца пачаткам ўтварэньня Імпэрыі ліха. Так вярхоўны канцлер Палпатын пачынае гуляць у сваю двайную гульню. І ніводная істота ў галяктыцы, акрамя ягонага вучня, ня ведала пра тое, што кіраўнік Рэспублікі й кіраўнік Гандлёвай фэдэрацыі — гэта адзін і той жа чалавек. Празь некалькі дзён адбываецца бітва на Набу, і родная плянэта Палпатына атрымоўвае незалежнасьць. У выніку бітвы гіне першы вучань Сыдыюса Дарт Мол, і Палпатын пачынае прыглядацца да Энакіна Скайўокера. Ён пачынае назіраць за Скайўокерам і зь цягам часу становіцца для Энакіна лепшым сябрам і нават настаўнікам ў палітычных пытаньнях ды ня толькі. Па маленькіх кроках канцлер схіляе маладога джэдая на цёмны бок Моцы, пераконваючы яго ў тым, што той зьяўляецца найвыбітнейшым сярод джэдаяў, а Ордэн наўмысна ня хоча заўважаць гэта. Палпатын, так бы мовіць, прымушае Энакіна пакрыўдзіцца на джэдаяў.

 
Дарт Вэйдэр і Імпэратар

Урэшце Энакін становіцца новым вучнем Дарта Сыдыюса — Дартам Вэйдэрам.

У другім і трэцім эпізодах канцлер пры падтрымцы арміі клонаў распачынае кланічную вайну з Гандлёвай фэдэрацыяй, гэта дае яму магчымасьць дыктаваць сваю волю сэнату пад выглядам абаронца дэмакратыі. І ў рэшце рэшт сэнат надае яму спецыяльныя паўнамоцтвы, пасьля чаго вярхоўны канцлер Палпатын пачынае дзейнічаць агрэсіўна: аддае кланічным войскам Загад 66, зьнішчае Ордэн джэдаяў а таксама з мэтай нібы хутчэйшай перамогі ў вайне рэарганізуе Галяктычную рэспубліку ў першую Галяктычную імпэрыю. Незадоўга да гэтага Палпатын схіляе на свой бок маладога джэдая Энакіна Скайўокера, абяццаючы яму ўратаваць Падмэ ад сьмерці. Энакін прысягае Палпатыну і атрымоўвае ад яго імя Дарт Вэйдэр. Энакін, альбо Дарт Вэйдэр, выконвае любыя ягоныя загады па зьнішчэньні джэдаяў. Так Імпэратар Дарт Сыдыюс цалкам зьнішчае свабоду й дэмакратыю. Ён пачынае будаўніцтва новай зброі імпэрыі — Зоркі сьмерці. Імпэратар ставіць сваёй мэтай канчатковае зьнішчэньне ўсіх джэдаяў і сэнатараў. Ягонай мэтай ёсьць абсалютная ўлада ва ўсёй галяктыцы, і дзеля гэтай мэты ён не шкадуе нікога на сваім шляху. У якасьці «машыны» для забойства ён выкарыстоўвае свайго вучня Вэйдэра, які аддана служыць яму. Разам з Дартам Вэйдэрам Палпатын падпарадкоўвае сабе амаль усю галяктыку й усталёўвае паўсюль таталітарны рэжым, імпэрскую дыктатуру.

У Эпізод V Імпэратар Палпатын, разумеючы пагрозу, якая сыходзіць ад дзяцей Энакіна, ставіць галоўнай мэтай знайсьці іх і зьнішчыць. Але ж Палпатын не разьлічвае на тое, што Вэйдэр насамрэч ня згодны выконваць любы яго загад, ён упэнены ў тым, што Дарт Вэйдэр цалкам падпарадкоўваецца яму. Але ягоная самаўпэўненасьць у сваёй уладзе над усім урэшце рэшт і забіла яго: ў канцы шостага эпізоду, калі Дарт Вэйдэр ня здолеў перамагчы і забіць Люка, Імпэратар сам вырашае забіць яго, але яму ў гэты момант перашкаджае зьдзейсьніць гэта Дарт Вэйдэр. Імпэратар Палпатын гіне ад рук свайго ж вучня, як і Дарт Плэгас. Так разам зь ім гіне й ягоная Імпэрыя ліха.

Моц рэдагаваць

Дарт Сыдыюс належыць да цёмнага бока Моцы. Палпатын зьяўляецца цёмным уладаром сытхаў. Ён дасканала пазнаў цёмны бок Моцы і ўсе яе тонкасьці. У клясычнай трылёгіі Імпэратар выглядае старым і нямоглым, але ж гэта толькі зьнешне. Ён дэманструе сваю бязьмежную моц у шостым эпізодзе, калі атакуе Люка маланкамі. Дарэчы, маланкі — гэта аблюбаваны мэтад забойства ў Палпатына. Разам з тым Імпэратар здольны падманваць розум, бачыць будучыню і нават ратаваць блізкіх сабе людзей ад сьмерці.

Зброя рэдагаваць

Чырвоны сьветлавы меч, а таксама ўвесь імпэрскі баявы касьмічны флёт і новая Зорка сьмерці.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць