Зо́рка сьме́рці (па-ангельску: Death Star) — выдуманая касьмічная станцыя зь сьвету «Зорных войнаў». Зорка сьмерці — гэта супэрвялізарная касьмічная станцыя памерам як маленькая плянэта, валодае неверагоднай баяздольнасьцю. Яна здольная зьнішчаць цэлыя плянэты адным стрэлам. Прататыпам для зьнешняга выгляду самой станцыі стаў спадарожнік Сатурну Мімас. Зорка сьмерці зьяўляецца ўвасабленьнем магутнасьці Імпэратара. Яна мусіла стаць прыладай тэрору для паўстанцаў і ўсіх тых, хто не жадаў прымаць імпэрскую дыктатуру. Гэтая станцыя стваралася дзеля запужваньня насельніцтва галяктыкі. Станцыя валодала вельмі моцнай абарончай сыстэмай: на яе паверхні зьмяшчаліся тысячы турбалязэрных вежаў, а ў ейных доках месьцілася колькасьць касьмічных зьнішчальнікаў, якая была здольная адбіць, пэўна, любую атаку паўстанцаў.

Першая Зорка сьмерці

Але ж нягледзячы на вялізарную баявую моц, Зорка сьмерці зьяўляецца доказам найвялікшай слабасьці Імпэрыі, якая спадзяецца толькі на тэхнічны прагрэс і свае тэхналягічныя дасягненьні. Імпэрыя ўпэўнена ў тым, што зброя вырашае ўсё. І гэта можна пачуць з вуснаў Ўілгафа Таркіна ў чацьвёртым эпізодзе. Такім чынам, Зорка сьмерці — гэта сымбаль адначасова магутнай і слабой Імпэрыі. Спадзяваньне імпэрцаў на сваю супэрзброю не апраўдала сябе, як і вера Імпэратара ў Дарта Вэйдэра. І першая, і другая зоркі былі зьнішчаныя войскамі паўстанцаў.

Першая Зорка сьмерці

рэдагаваць

Першая Зорка Сьмерці пачала будавацца яшчэ ў трэцім эпізодзе. А канцэпцыя распрацаваная яшчэ да кланічнай вайны. Сам Граф Дуку ў другім эпізодзе перадае пляны Зоркі сьмерці Дарту Сыдыюсу. Зорка сьмерці прызначалася для кіраваньня імпэрыяй праз страх. У чацьвёртым эпізодзе Дарт Вэйдэр дэманструе Леі баявую моц станцыі, зьнішчаючы яе родную плянэту Альдэраан. Гэты ўчынак мусіў запужаць усіх паўстанцаў і прымусіць іх адмовіцца ад ідэі ваяваць супраць Імпэрыі, але ўсё адбылося цалкам наадварот: зьнішчэньне Альдэраана яшчэ болей падагрэла прагу паўстанцаў да далейшага змаганьня з Імпэрыяй. Спадзяваньне імпэрцаў на сваю жудасную моц было дарэмным: станцыя была зьнішчана трапным стрэлам Люка Скайўокера.

Другая Зорка сьмерці

рэдагаваць
 
Другая Зорка сьмерці

Другая Зорка сьмерці пачала будавацца замест першай, зьнішчанай Люкам. Яна мела лепшыя характарыстыкі ў параўнаньні зь першай, у прыватнасьці тунэль, які працінаў першую станцыю наскрозь і празь які першая станцыя была зьнішчана, у новай станцыі быў заменены на гэтак званую супэрструктуру (тунэль, празь які йшло астуджэньне рэактара, меў складаную пабудову). Энэргетычны шчыт быў узмоцнены і ўжо не дазваляў патрапіць да паверхні станцыі нават аднамясцовым зьнішчальнікам, як то было ў першай Зоркі сьмерці. Але і гэта не ўратавала яе ад зьнішчэньня. Другая Зорка сьмерці была зьнішчана Лэнда Калрысіянам і паўстанцкімі пілётамі ўжо ў дзейным, але недабудаваным стане.

Другая Зорка сьмерці ёсьць своеасаблівы сымбаль няздольнасьці Імпэрыі супрацьстаяць дэмакратыі. Яна нагадвае бессэнсоўную спробу адрадзіць дэспатыю. Яе зьнішчэньне — гэта сымбаль краха Імпэрыі, заснаванай на дэспатыі сытха.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць