Пакаяньне (фільм, 1987)
«Пакая́ньне» (па-грузінску: მონანიება) — савецкі мастацкі фільм, псыхалягічная драма рэжысэра Тэнгіза Абуладзэ, сьфільмаваная ў 1984 і паказаная ў 1987 року. Трэцяя частка рэжысэрскай трылёгіі („Маленьне“ — „Дрэва жаданьня“ — „Пакаяньне“).
Пакаяньне | |
მონანიება | |
Жанр | |
---|---|
Рэжысэр | Тэнгіз Абуладзэ |
Сцэнарыст |
|
У ролях | |
Кампазытар | Нана Джанэлідзэ |
Апэратар | Міхаіл Аграновіч |
Вытворчасьць | Грузія-фильм |
Распаўсюд | The Cannon Group[d] і Netflix |
Дата выхаду | 1984 |
Працягласьць | 153 хв. |
Краіна | СССР |
Мова | грузінская |
Старонка на IMDb |
Ляўрэат Гран-пры Канскага кінафэстывалю-1987.
Сюжэт
рэдагавацьУ грузінскім мястэчку хаваюць колішняга мескага кіраўніка Варлама Аравідзэ. Ранкам ягонае цела знаходзяць ля заможнага дому ягонага сына Абэля. Цела зноўку хаваюць, але наступнага дня яно зноўку выкапанае, і так паўтараецца штодзень.
Ля чарговым разам перазахаванай магілы Варлама Аравідзэ выстаўляюць засаду, у якой бярэ ўдзел і ягоны ўнук Торніке. Калі незнаёмец падкрадаецца да магілы Варлама Аравідзэ, каб зноўку выкапаць цела, Торніке страляе і трапляе ў таго. Пры затрыманьні высьвятляецца, што капальніца — жанчына на ймя Кетэван Баратэлі, найлепшая кандытарка ў мястэчку. На судзе яна распавядае пра матывы, зь якімі раскопвала магілу Варлама Аравідзэ, і абяцае, што ня спыніцца выкопваць труп чалавека, які ня варты пахаваньня ў зямлі.
Варлам Аравідзэ прыйшоў да ўлады ў ейным родным мястэчку, калі Кетэван было восем гадоў. За сваім кіраваньнем праводзіў палітычныя рэпрэсіі, празь якія прайшлі мноства невінаватых людзей. Па ілжывым даносе быў арыштаваны Кэтэванін бацька, мастак Сандра, а пасьля і маці Ніна.
Сям’я Аравідзэ, намагаючыся ўсяляк апраўдаць дзеяньні свайго продка, а таксама абяліць сваё імя, дамагаецца зьмяшчэньня Кетэван Баратэлі ў вар’ятню. Але Торніке Баратэлі, уражаны адкрыцьцём праўды пра дзеда і непаразуменьнем з боку свайго бацькі Абэля, сканчае жыцьцё самагубствам. Пасьля гэтага Абэль Аравідзэ ўласнаручна выкопвае бацькава цела з труны і скідае яго з скалы.
У ролях
рэдагавацьАктор | Роля |
---|---|
Аўтандыл Махарадзэ | Варлам Аравідзэ / Абэль Аравідзэ |
Ія Нінідзэ | Абэлева жонка Гуліко Аравідзэ |
Мэраб Нінідзэ | Абэлеў сын Торніке Аравідзэ |
Зэйнаб Бацвадзэ | кандытарка Кетэван Баратэлі |
Кетэван Абуладзэ | Кетэваніна маці Ніно Баратэлі |
Давід Гіоргабіяні | маляр, Кетэванін бацька Сандра Баратэлі |
Кахі Каўсадзэ | Сандраў сябар Міхаіл Карышэлі |
Ніно Закарыдзэ | Алена Карышэлі |
Нато Ачыгава | Кетэван у дзяцінстве |
Дата Кемхадзэ | Абэль у дзяцінстве |
Вэрыко Анджапарыдзэ | вандроўніца |
Мзія Махвіладзэ | сваячка вязьня |
Аміран Аміранашвілі | Варламаў памочнік Кайхосра Даксопула |
Барыс Цыпурыя | адвакат Абэля Аравідзэ |
Леа Антадзэ | абаронца храму Масэ |
Тамара Цыцышвілі | абаронца храму Марыям |
Ліа Капанадзэ | жанчына ў чарзе на перадачу Элізбар Карэлія |
Катэ Махарадзэ | пракурор |
Рэза Эсадзэ | Абэлеў сусед Апалон |
Стварэньне
рэдагавацьУ 1981 року Тэнгіз Абуладзэ з ухвалы Эдуарда Шэварднадзэ пачаў пісаць сцэнар для фільму «Пакаяньне», на пастаноўку якога ўрад Грузінскай ССР вылучыў 900 000 рублёў. Дзякуючы ўдзелу грузінскага тэлебачаньня адпала неабходнасьць зацьвярджаць сцэнар у Маскве.
Здымкі ладзіліся ў 1983 року ў Батумі. Аднак па іхнім сканчэньні высьветлілася, што праз памылку праяўкавай лябараторыі пяць тысячаў мэтраў зьнятай кінастужкі сталіся бракам. А 18 лістапада адзін з актораў Гега Кабахідзэ, выканаўца ролі Торніке Аравідзэ, быў арыштаваны за спробу згону самалёта ў Турэччыну ды прысуджаны да расстрэлу. У выніку ўсе эпізоды з удзелам Торніке давялося пераздымаць з новым акторам — пачаткоўцам Мэрабам Нінідзэ.
5 верасьня 1986 року «Пакаяньне» было прадстаўлена ў ЦК КПСС. 23 кастрычніка Дзяржкіно СССР выдала дазвол на пракат карціны. Першыя паказы ў Маскве былі закрытыя, упершыню для шырокіх масаў фільм быў паказаны 26 студзеня 1987 року. Выхад «Пакаяньня» заклаў пачатак шырокамаштабнай антысталінскай кампаніі ў СССР[1].
Прэміі і ўзнагароды
рэдагаваць- Галоўны прыз Усесаюзнага кінафэстывалю (1987)
- Гран-пры, спэцыяльны прыз Міжнароднай фэдэрацыі кінапрэсы і прыз экумэнічнага журы Канскага кінафэстывалю (1987)
- «Найлепшы гульнёвы фільм», «Найлепшая рэжысэрская праца» (Тэнгіз Абуладзэ), «Найлепшая сцэнарная праца» (Ніна Джанэлідзэ, Тэнгіз Абуладзэ і Рэваз Квесэлава), «Найлепшая апэратарская праца» (Міхаіл Аграновіч), «Найлепшая праца маляра» (Георгі Мікеладзэ) і «Найлепшая мужчынская роля» (Аўтандыл Махарадзэ) кінапрэміі «Ніка» (1987)
- Спэцыяльны прыз Чыкаскага міжнароднага кінафэстывалю (1987)
- Прыз крытыкі найлепшаму замежнаму фільму году ў Польшчы (1988)
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- «Двадцать лет без покаяния» («Искусство кино» № 11, 2004 г.)