Павал Шастакоў
Па́вал Шастако́ў (29 чэрвеня 1889, м. Манастыршчына, Мсьціслаўскі павет, цяпер Манастыршчанскі раён, Смаленская вобласьць, Расея — 29 кастрычніка 1937) — беларускі паэт і журналіст.
Павал Шастакоў | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 29 чэрвеня 1889 |
Памёр | 30 студзеня 1937 (47 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэт, журналіст |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. Працоўную дзейнасьць пачаў настаўнікам школы граматы ў 1906 годзе. З 1916 году ў складзе 7-ай артылерыйскай брыгады ваяваў на румынскім фронце. У 1917 годзе ў Маскве: прапаршчык 2-га запаснога палка цяжкай артылерыйскай брыгады, удзельнік кастрычніцкага ўзброенага паўстаньня ў 1917 годзе ў Маскве. З 9 лістапада чалец Маскоўскага Савету салдацкіх дэпутатаў.
У 1918—1919 гг. у Мсьціславе: чалец павятовага выканкаму і загадчык аддзела народнай асьветы, рэдактар павятовай газэты «Думы бедняка». Удзельнічаў у грамадзянскай вайне.
У 1920 пераехаў у Менск. Служыў начальнікам палітасьветы губваенкамату. З-за хваробы пакінуў армію. З 1921 году працаваў у Мсьціславе загадчыкам павятовага зямельнага аддзелу. Потым прызначаны загадчыкам аддзелу народнай асьветы Магілёўскага акруговага выканкаму. Пісаў нарысы і артыкулы па-беларуску і па-расейску, друкаваўся ў мясцовай прэсе, у газэце «Савецкая Беларусь».
Зь верасьня 1926 году па жнівень 1928 году ў Маскве — загадчык беларускага сэктару Камуністычнага інстытуту нацменьшасьцяў імя Мархлеўскага. Арганізаваў у Маскве сьвяткаваньне 20-годзьдзя літаратурнай дзейнасьці Якуба Коласа. Быў адным з укладальнікаў зборніка артыкулаў «Літаратурная творчасьць К. М. Міцкевіча (Якуба Коласа)» (М., 1928), аўтар уступнага артыкула ў зборніку. Удзельнічаў у стварэньні Цэнтральнага беларускага клюбу ў Маскве (люты 1928), сябра праўленьня клюбу.
Зь верасьня 1928 па жнівень 1929 году — намесьнік наркаму асьветы БССР. З сакавіка па ліпень 1929 году адказны рэдактар газэты «Савецкая Беларусь». У траўні 1933 году прызначаны рэдактарам газэты «Калгаснік Беларусі». Зрабіў выданьне папулярным сярод чытачоў і аўтараў. У жніўні 1935 газэта закрытая.
З кастрычніка 1935 па жнівень 1936 году — дырэктар Белдзяржвыдавецтва. Быў чальцом ЦВК БССР (1929—1932). Аўтар лібрэта першай опэры Мікалая Чуркіна «Вызваленьне працы», многіх вершаў і артыкулаў.
30 студзеня 1937 году арыштаваны органамі НКУС па адрасе: вул. К. Маркса, 16 (2-гі Дом Саветаў). Асуджаны 28 кастрычніка 1937 году як «чалец дывэрсійна-шкодніцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да найвышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці. Расстраляны 29 кастрычніка 1937 году. Рэабілітаваны вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 10 лістапада 1956 году. Асабовая справа Шастакова № 7772-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Цікавыя факты
рэдагаваць- Быў жанаты, гадаваў двух дзяцей. 20 лістапада 1937 году ў Менску арыштаваны ягоны сын, вучань адной зь менскіх школаў Вадзім Шастакоў (н. у 1921). 28.11.1937 асобай нарадай пры НКУС СССР 16-гадовы падлетак быў асуджаны як «чалец сям’і здрадніка радзімы» да 5 гадоў ППК. Далейшы ягоны лёс невядомы.
- У 1933 годзе быў арыштаваны ягоны брат, адказны сакратар Наркамату земляробства БССР Сяргей Шастакоў (г. н. 1896). 8.5.1933 асуджаны як «чалец контрарэвалюцыйнай арганізацыі» да 5 гадоў ППК. Далейшы ягоны лёс невядомы. Рэабілітаваны трыбуналам БВА 16.7.1958 году.
Літаратура
рэдагаваць- ШАСТАКОЎ Павел Пятровіч, Слоўнік Маракова
- Шастакоў Павел Пятровіч: Удзельнікі Кастрычніцкай рэвалюцыі// Памяць: Мсціслаўскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі. — Мн., 1999. — С.118.